Skip to main content

Кандыдаты ў міністранты ў лідскай парафіі Святой Сям’і распачалі чарговы этап

sw rodzina ministranci 3820 снежня, у ІV нядзелю Адвэнту, у лідскай парафіі Святой Сям’і дзевяць кандыдатаў у міністранты атрымалі палярынкі.

Святую Імшу ўзначаліў душпастыр міністрантаў парафіі кс. Андрэй Белаблоцкі. Пасля гаміліі святар прадставіў кандыдатаў пробашчу парафіі кс. Руслану Мазану і запэўніў, што хлопцы гатовыя перакрочыць новую ступень падрыхтоўкі да службы ля алтара.

Затым пробашч памаліўся над кандыдатамі і благаславіў палярынкі.

На заканчэнне абраду кс. Руслан адзначыў, што пакліканне да літургічнай службы алтара з’яўляецца дарам Бога, і заахвоціў вернікаў маліцца за маладых хлопцаў, якія хочуць служыць Пану ля алтара.

Падчас фармацыі кандыдаты ў міністранты атрымліваюць асноўныя тэарэтычныя і практычныя веды аб літургіі і служэнні ля алтара. Уручэнне палярынак з’яўляецца адным з этапаў падрыхтоўкі хлопцаў да літургічнай службы алтара. Канчатковай ступенню ў падрыхтоўцы кандыдатаў у міністранты з’яўляецца ўручэнне комжаў.

Aндрэй Юхнік