8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у лідскай парафіі Святой Сям’і прайшла “Гадзіна ласкі для свету”, аб’яднаная з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту.
У парафіяльнай святыні сабраліся вернікі, каб прадставіць Богу ўсе свае просьбы, а таксама каб супольна маліцца аб спыненні пандэміі каранавірусу ва ўсім свеце і аб хутчэйшым і мірным завяршэнні грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне.
“Гадзіна ласкі для свету” злучаецца з аб’яўленнем Марыі, якая 8 снежня 1947 г. у Мантэк’яра ў Італіі сказала: “Спадзяюся, што кожны год 8 снежня апоўдні будзе праводзіцца “Гадзіна ласкі для ўсяго свету”. Дзякуючы малітве ў гэтую Гадзіну спашлю шмат ласкаў для душы і цела. Будуць масавыя навяртанні. Душы зацвярдзелыя і халодныя, як мармур, будуць узрушаны Божай ласкай і зноў стануць вернымі і любячымі Бога. Маё пажаданне, каб гэтая Гадзіна распаўюджвалася. У хуткім часе людзі пазнаюць важнасць гэтай Гадзіны ласкі. Калі хтосьці не можа ў гэты час прыйсці ў касцёл, няхай моліцца дома”.
Вечарам у лідскай парафіі вернікі на чале з новым пробашчам кс. Русланам Мазанам прысвяцілі Беларусь Беззаганнаму Сэрцу Марыі. З верай у дапамогу Маці Божай яны звярнуліся да Яе, каб Яна выпрасіла ў свайго Сына, Міласэрнага Езуса, для ўсіх парафіян, усіх людзей і для нашай Бацькаўшчыны ласку спынення пандэміі каранавірусу і ласку мірнага жыцця.
Кс. Юрый Марціновіч