22 жніўня ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам гэтай супольнасці. Сямю дарамі Духа Святога былі ўзбагачаны 140 чалавек, з якіх большасць склалі маладыя людзі.
На пачатку Эўхарыстыі пробашч парафіі кс. канонік Юзаф Ганьчыц прывітаў усіх прысутных. Таксама ён звярнуўся да біскупа з просьбай удзяліць сакрамэнт хрысціянскай сталасці групе вернікаў, якія былі адпаведным чынам падрыхтаваны да гэтага праз удзел у катэхізацыі, слуханні Божага слова і супольнай малітве, прыступілі да сакрамэнту пакаяння.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў у гэты цяжкі час агарнуць нашу краіну малітвамі аб міры і дары паяднання для ўсіх грамадзян на шляху дыялогу, у духу ўзаемнай павагі і клопату пра супольнае дабро.
Звяртаючыся да тых, хто быў намашчаны ў гэты дзень алеем хрызма падчас канфірмацыі, іерарх заклікаў іх быць вестунамі міру найперш у месцах, дзе яны вучацца і працуюць.
Ён падкрэсліў, што атрыманыя дары Духа Святога патрэбныя кожнаму чалавеку, каб быць сведкам Езуса Хрыста ў сённяшнім свеце, які часта адыходзіць ад Бога і жыве так, быццам Яго зусім не было.
Біскуп падзякаваў бацькам маладых людзей за тое, што паклапаціліся аб іх рэлігійным выхаванні, перадаўшы ім веру як найкаштоўнейшы скарб, атрыманы ад Бога.
На заканчэнне Эўхарыстыі тыя, хто стаў адкрыты на дзеянне Духа Святога праз прыняцце сакрамэнту, выказалі ўдзячнасць Богу, а таксама біскупу, сваім душпастырам і катэхетам, бацькам. Яны паабяцалі, што прыкладуць усе старанні, каб перадаць скарб веры наступным пакаленням.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Максiм Хаванскi