16 кастрычнікa ў касцёле Святой Сям’і ў Лідзе адбылася Імша ў інтэнцыі кс. каноніка Юзафа Ганьчыца, першага пробашча і будаўніка гэтай святыні, у першую гадавіну яго смерці.
Святар адышоў у вечнасць 13 кастрычніка 2020 г. у лідскай бальніцы з-за ўскладненняў, выкліканых каранавіруснай інфекцыяй.
На малітве ў святыні, пабудаванай дзякуючы яго старанням, сабраліся ўдзячныя парафіяне, для якіх ён быў не толькі душпастырам, а найперш чулым і адкрытым чалавекам. Прыбылі таксама святары і сёстры законныя, каб з’яднацца ў малітве разам з парафіяльнай супольнасцю.
Прысутнічалі родныя спачылага: сястра і брат разам са сваімі сем’ямі. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Усіх прывітаў сённяшні пробашч парафіі кс. Руслан Мазан. Святар адзначыў, што за 25 гадоў служэння тут кс. Юзаф стаў духоўным айцом, сябрам і маральным аўтарытэтам для сваіх вернікаў, да якіх быў дасланы рашэннем біскупа Гродзенскага ў 1996 г.
“Пасля кожнай сустрэчы з ксяндзом Юзафам было адчуванне, што ты ім ацэнены і заўважаны. Яго ўменне слухаць, унутраная цеплыня, дабрыня, усмешка прынеслі яму шмат сяброў. Пры ўсім гэтым ён заўсёды быў чалавекам, які стараўся злучаць, а не дзяліць”, – сказаў кс. Руслан Мазан.
Таксама пробашч падкрэсліў, што спачылы быў добрым гаспадаром, бо не толькі быў узведзены бачны касцёл у Лідзе, але і пабудаваны Богам дзякуючы яго служэнню духоўны Касцёл у сэрцах вернікаў.
У гаміліі біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна i пробашч лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа кс. канонік Уладзімір Гуляй адзначыў, што для ксяндза Юзафа горад Ліда і парафія, у якой ён служыў, былі асаблівым месцам у жыцці, бо ён неаднаразова казаў, што лідчане – пабожныя людзі і добрыя парафіяне.
“Гэта было яго асаблівае месца, дзе яму было дадзена пазнаваць людзей і Бога. Частку гэтых пачуццяў ён пакінуў нам у кожнай Эўхарыстыі, якую цэлебраваў, у сваіх гаміліях, якія тут прамаўляў, у кожнай святарскай паслузе, напоўненай дабрынёй і клопатам пра дабро чалавечай душы”, – дадаў кс. Уладзімір Гуляй.
Біскупскі вікарый асабліва падкрэсліў, што ксёндз канонік заўсёды вучыў пашане да Бібліі, адзначаў, што кожная гамілія павінна быць рэхам Божага слова.
Таксама, дадаў святар, кс. Ганьчыц заўсёды стараўся жыць для іншых, а не для сябе. Да такога жыцця біскупскі вікарый заахвоціў усіх шматлікіх прысутных у касцёле.
“Зерне любові сее Езус сёння ў нашых сэрцах. Будзем жа спрабаваць так любіць, каб жыць для іншых, а не для сябе. Любіць – гэта бескарысліва аддаваць сваё жыццё. Такой любові трэба вучыцца”, – сказаў святар.
На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў між іншым вернікам лідскай парафіі за малітвы ў інтэнцыі спачылага, што з’яўляюцца прыгожым доказам іх удзячнасці і памяці пра святара, які ім служыў.
Іерарх выказаў надзею, што ксёндз канонік Юзаф Ганьчыц з дому Бога Айца ў небе глядзіць на прыгожую святыню і вернікаў, якія збіраюцца ў ёй на малітве, і цешыцца, што яго 25-гадовае служэнне ўжо сёння прыносіць шчодры плён.
Затым усе сабраліся на прыкасцёльных могілках, дзе біскуп благаславіў помнік, усталяваны на месцы пахавання спачылага.
Дзякуючы Богу за дар гэтага святара, верачы ў Божую міласэрнасць, спадзяемся, што наш спачылы год таму кс. канонік Юзаф ужо пачуў словы Пана: “Слуга добры і верны, увайдзі ў Маю радасць”.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Міхаіл Шчэрба