Курыя Гродзенская дыяцэзіі са смуткам паведамляе, што 13 кастрычніка адышоў па ўзнагароду да Пана кс. канонік Юзаф Ганьчыц, пробашч парафіі Святой Сям'і ў Лідзе.
Развітальныя абрады і пахаванне спачылага святара будуць адбывацца 15–16 кастрычніка ў касцёле Святой Сям’і ў Лідзе (вул. Гастэлы, 22-1).
15.10 (чацвер)
18.00 — унясенне цела ў касцёл Святой Сям'і ў Лідзе
18.30 — св. Імша (пасля Імшы магчымасць індывідуальнай малітвы на працягу ночы)
16.10 (пятніца)
12.00 — пахавальная св. Імша ў касцёле Святой Сям'і ў Лідзе
Ксёндз канонік Юзаф Ганьчыц нарадзіўся 3 ліпеня 1960 г. Паходзіў з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата ў Сапоцкіне.
Атрымаў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату 17 чэрвеня 1995 года з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Стаў разам з сённяшнім дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Юзафам Станеўскім адным з першых выпускнікоў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Пасля пасвячэння быў прызначаны вікарыем парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах. З 10 ліпеня 1996 г. да смерці быў пробашчам новаўтворанай парафіі Святой Сям’і ў Лідзе. Дзякуючы яго старанням была пабудавана новая парафіяльная святыня.
За час яго служэння ў лідскай парафіі было створана шмат малітоўных груп. Шмат увагі і часу ён прысвячаў выхаванню дзяцей і моладзі, фармацыі сем’яў. Таксама пры парафіі актыўна дзейнічае каталіцкая харызматычна-евангелізацыйная супольнасць «Gloriosa Trinita», духоўным правадніком якой быў кс. Юзаф Ганьчыц.
У 2003 г. ён скончыў вывучэнне тэалогіі сужэнства ва ўніверсітэце кардынала Стэфана Вышынскага, а ў 2007 г. – катэхетычна-пастаральнае паслядыпломнае навучанне ў Люблінскім каталіцкім універсітэце ў Польшчы.
Сёлета кс. Ганьчыц адзначыў 60-годдзе і 25-годдзе прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння.
Вечны супакой дай Яму, Пане...