Skip to main content

Імшу Апошняй Вячэры цэлебраваў арцыбіскуп Кандрусевіч у Лідзе

wielki cz lida 136 красавіка, у Вялікі чацвер, вернікі парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе сабраліся на Імшы Апошняй Вячэры. Цэлебраваў Эўхарыстыю арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч разам са святарамі, якія служаць у гэтай парафіі.

У гаміліі арцыбіскуп звярнуў увагу, што гэтае набажэнства нагадвае пра падзеі, якія адбыліся ў Вячэрніку дваццаць стагоддзяў таму. Падчас Апошняй Вячэры Езус устанавіў Эўхарыстыю, у якой Ён з’яўляецца адначасова святаром і ахвярай, каб раз і назаўсёды ахвяраваць сябе дзеля збаўлення свету. Разам з Эўхарыстыяй Ён устанавіў сакрамэнт пасвячэння, каб успамін Яго мукі і смерці заставаўся да канца часоў.

Таксама Езус абмыў ногі сваім вучням, каб даць прыклад пакорнага служэння апосталам і ўсім людзям. У сувязі з гэтым арцыбіскуп падкрэсліў, што ў сучасным свеце адчуваецца недахоп духу служэння, усе імкнуцца валадарыць, таму прыклад Езуса з’яўляецца актуальным і ў наш час.

wielki cz lida 6

Кажучы пра высновы, да якіх вядзе Апошняя Вячэра Езуса, іерарх адзначыў, што яна заклікае да ўдзелу ў Эўхарыстыі як сакрамэнце любові і хлебе вечнага жыцця. Яна заахвочвае да малітвы аб пакліканнях да святарства, бо без служэння святароў не могуць цэлебравацца Эўхарыстыя і іншыя сакрамэнты. Яна адраджае дух міласэрнага служэння іншым, што з’яўляецца “лакмусавай паперкай” нашага хрысціянства, якое павінна быць жывым і прывабным, а гэта магчыма праз любоў да бліжняга і справы міласэрнасці.

“Бязмежная любоў Бога да грэшнага чалавека, апагей якой праявіўся ў Крыжовай смерці Езуса, збавіла чалавека. Таму мы павінны стаць яе носьбітамі, каб, умацаваныя Эўхарыстыяй, маглі будаваць цывілізацыю жыцця, супакою і любові”, – сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Пасля ўдзялення Камуніі Найсвяцейшы Сакрамэнт перанеслі ў спецыяльна падрыхтаванае месца, якое сімвалізуе цямніцу, дзе быў зняволены Езус пасля арышту ў Гетсіманскім садзе. Табэрнакулюм застаўся пустым і прыадчыненым.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Анастасія Муціловіч