16 кастрычніка пры касцёле Святой Сям’і ў Лідзе адбылося пахаванне кс. каноніка Юзафа Ганьчыца, які 24 гады быў пробашчам гэтай парафіяльнай супольнасці.
У святыні, якая была пабудавана дзякуючы старанням спачылага, сабраліся шматлікія святары, сёстры законныя і вернікі, якім з вялікай адданасцю служыў кс. Ганьчыц. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы з Ліды.
Эўхарыстыю ў інтэнцыі памерлага ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У ёй удзельнічалі дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.
Чалавек дыялогу
У гаміліі біскуп Станеўскі, які быў аднакурснікам спачылага, разам з ім прымаў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату i ведаў яго на працягу 30 гадоў, прапанаваў прыгледзецца да жыццёвага шляху кс. Ганьчыца.
Іерарх асабліва падкрэсліў, што ўсе гады служэння ў парафіі кс. Юзаф вылучаўся вялікім клопатам пра кожнага чалавека. Таму, пабудаваўшы святыню ў маладым мікрараёне Ліды, ён пачаў будаваць жывы Касцёл, які складаецца з чалавечых сэрцаў.
Біскуп заўважыў, што “за гэты час святар праводзіў дыялог з усімі: дзецьмі, моладдзю, міністрантамі, вёў усе даручаныя яму сем’і да Бога”.
Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі адзначыў, што сям’я была ў цэнтры святарскага служэння кс. Ганьчыца. Таму ён шмат часу прысвячаў таксама служэнню сем’ям, аказанню ім дапамогі праз слова і канкрэтныя ўчынкі.
На заканчэнне Імшы было прамоўлена шмат добрых слоў пра спачылага, які, варта спадзявацца, назаўсёды застанецца ў сэрцах людзей, якіх сустрэў на шляху жыцця.
Клапатлівы душпастыр
Слова ад біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, які не мог прысутнічаць на пахаванні, прачытаў біскупскі вікарый Гродзенскага рэгіёна кс. канонік Ян Кучынскі.
Іерарх падкрэслівае, што кс. Юзаф “пакінуў у нашых сэрцах вобраз душпастыра, які клапоціцца пра збаўленне даручаных яму парафіян, заўсёды даступнага, поўнага айцоўскай дабрыні, які ўмеў знайсці для кожнага крыху часу, слова, якое падбадзёрвае, добрую ўсмешку”.
Слова ад Генеральнай настаяцельніцы Кангрэгацыі Дачок Марыі Беззаганнай, супольнасці, якая шмат гадоў супрацоўнічае з лідскай парафіяй, прачытаў кс. канонік Уладзімір Гуляй. Настаяцельніца адзначае, што “ў гэты дзень уся супольнасць злучаецца ў сумесных малітвах ў інтэнцыі спачылага, узносіць да Бога найперш вялікую падзяку за прыклад жыцця і служэння Святара вялікага духоўнага фармату, будаўніка прыгожай святыні, але перш за ўсё архітэктара чалавечых сэрцаў”.
Сябар Польшчы і Беларусі
Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Ярослаў Ксёнжэк прачытаў слова ад Дзяржаўнага сакратара канцылярыі Прэзідэнта Польшчы Адама Квяткоўскага, які падкрэслівае, што спачылы быў вялікім сябрам Польшчы і Беларусі, вылучаўся вялікім служэннем Богу і іншаму чалавеку, а ў сэрцы польскага народа застанецца як верны, адданы і харызматычны душпастыр.
Сястра Кацярына Бучынская, якая служыць у лідскай парафіі, адзначыла, што “гэтая зямля будзе менш прыгожай, бо на ёй не стала ксяндза Юзафа”.
Біскуп Юрый Касабуцкі перадаў родным памерлага і вялікай парафіяльнай сям’і спачуванні ад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які знаходзіцца за межамі краіны і не можа вярнуцца па незалежных ад яго прычынах.
Генеральны вікарый архідыяцэзіі падкрэсліў, што кс. Юзаф быў “чалавекам моцнай веры, якой дзяліўся з іншымі, з радасцю і ўсмешкай на твары”.
У гэты дзень прагучала яшчэ шмат добрых слоў пра спачылага, які за 24 гады служэння ў Лідзе сапраўды пакінуў глыбокі след у сэрцах парафіян. Яны адзначаюць, што ён быў для іх айцом, братам, сябрам, духоўным кіраўніком, спаведнікам…
Назаўсёды ў сэрцах
Не дзіўна, што ў дзень пахавання развітацца з ім прыйшло шмат людзей. Некаторыя прыехалі здалёк. Яны прыбылі з падзякай Богу за яго святарскія рукі і сэрца, за ўсё дабро, якое ад яго атрымалі.
На заканчэнне ўсе ўдзельнікі пахавальнай літургіі згодна з традыцыяй, якую захоўваў у дзень сваіх імянін кс. Ганьчыц, а на гэты раз – у дзень яго нараджэння для неба, атрымалі цукеркі, якімі іх пачаставалі міністранты парафіі.
Ксёндз Юзаф быў пахаваны ля касцёла, той святыні, якую з вялікай руплівасцю ўзводзіў для Пана, каб вернікі мелі свой малітоўны дом.
Парафіяне глыбока вераць, што іх святар будзе дапамагаць ім цяпер з неба. А яны, ідучы ў святыню, будуць спыняцца ля яго магілы, узносіць за яго малітвы і дзякаваць за кожнае дабро, якое атрымалі праз яго адданае служэнне.
Ксёндз канонік Юзаф Ганьчыц нарадзіўся 3 ліпеня 1960 г. Паходзіў з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата ў Сапоцкіне.
Атрымаў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату 17 чэрвеня 1995 года з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Стаў разам з сённяшнім дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Юзафам Станеўскім адным з першых выпускнікоў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Пасля пасвячэння быў прызначаны вікарыем парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах. З 10 ліпеня 1996 г. да смерці быў пробашчам новаўтворанай парафіі Святой Сям’і ў Лідзе. Дзякуючы яго старанням была пабудавана новая парафіяльная святыня.
За час яго служэння ў лідскай парафіі было створана шмат малітоўных груп. Шмат увагі і часу ён прысвячаў выхаванню дзяцей і моладзі, фармацыі сем’яў. Таксама пры парафіі актыўна дзейнічае каталіцкая харызматычна-евангелізацыйная супольнасць «Gloriosa Trinita», духоўным правадніком якой быў кс. Юзаф Ганьчыц.
У 2003 г. ён скончыў вывучэнне тэалогіі сужэнства ва ўніверсітэце кардынала Стэфана Вышынскага, а ў 2007 г. – катэхетычна-пастаральнае паслядыпломнае навучанне ў Люблінскім каталіцкім універсітэце ў Польшчы.
Сёлета кс. Ганьчыц адзначыў 60-годдзе і 25-годдзе прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння.
Адышоў у вечнасць 13 кастрычніка ў лідскай бальніцы з-за ўскладненняў, выкліканых каранавіруснай інфекцыяй.
Кс. Юрый Марціновіч