Skip to main content

Біскуп Кашкевіч у дзень 30-годдзя прыняцця сакры наведаў лідскую Фару

lida fara 1 32У дзень юбілею 30-годдзя біскупскай сакры, які прыпаў на ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фару).

Для парафіян гэта быў радасны дзень, калі яны маглі не толькі маліцца за свайго пастыра, але і асабіста выказаць яму віншаванні.

Іерарх узначаліў у святыні Імшу, падчас якой група адпаведна падрыхтаваных вернікаў прыняла сакрамэнт хрысціянскай сталасці, абавязаўшыся вызнаваць веру і жыць паводле яе прынцыпаў.

Біскуп падзякаваў бацькам, дзеці якіх у гэты дзень былі ўзбагачаны сямю дарамі Духа Святога ў канфірмацыі, за клопат аб іх рэлігійным выхаванні і прыклад апостальскай руплівасці, дадзены ў родным доме.

Тых жа, якія ў гэты дзень адкрыліся на Духа Святога, пастыр Гродзенскай дыяцэзіі заахвоціў супрацоўнічаць з ласкай Пана і добра выкарыстоўваць дары, якія паходзяць ад Божага Духа.

На заканчэнне Эўхарыстыі дзеці, моладзь і прадстаўнікі парафіян звярнуліся да юбіляра са шчырымі пажаданнямі. Між іншым яны падарылі іерарху святочны торт з яго гербам.

Пробашч парафіі кс. канонік Уладзімір Гуляй выказаў удзячнасць біскупу, які ў гэты радасны дзень свайго юбілею прыняцця сакры захацеў памаліцца з лідскімі вернікамі.

Кс. Юрый Марціновіч