Skip to main content

Вынікі 2024 года для Касцёла на Гродзеншчыне

zyczenia 3 1Заканчэнне чарговага каляндарнага года дае нагоду зрабіць падсумаванне таго, што ўдалося здзейсніць на яго працягу. Таксама гэта нагода падзякаваць Пану Богу за ўсё дабро, якое мы атрымалі.

А ў нас, безумоўна, ёсць за што дзякаваць! У жыцці і супольнасцяў, і сем’яў, і асобных людзей можна знайсці нямала добрага, што адбылося за гэты час, нямала радасных момантаў.

Каталіцкі Касцёл на Гродзеншчыне таксама мае шмат прычын для радасці і ўдзячнасці Богу. Гэты год быў насычаны разнастайнымі падзеямі, юбілеямі, сустрэчамі, былі рэалізаваны розныя душпастырскія праекты, якія ўпісаліся ў гісторыю мясцовага Касцёла.

Найважнейшай з гэтых падзей было тое, што наша дыяцэзія атрымала новага біскупа.

Дзякуючы Пану за ўсе гэтыя падзеі, хочам прыгадаць некаторыя з іх, каб яшчэ раз вярнуцца да тых хвілін.

Студзень

1 студзень

У гродзенскай парафіі Святога Духа, дзе будуецца касцёл, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч здзейсніў благаслаўленне крыжа і парафіяльнага дома.

Люты

2 люты

11 лютага ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адбылося адкрыццё і асвячэнне адноўленага алтара “Бічаванне Пана Езуса”. Святую Імшу ля алтара ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Сакавік

3 сакавік

23 сакавіка ў Гродне адбыўся інсцэніраваны Крыжовы шлях вуліцамі горада. Некалькі гадоў ён не праводзіўся з-за пандэміі каранавірусу. У ім удзельнічалі некалькі соцень чалавек, інсцэніроўку падрыхтавалі вернікі парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы.

Красавік

4 красавік

5 красавіка Апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь паведаміла, што Папа Францішак прызначыў кс. каноніка Уладзіміра Гуляя, пробашча парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе i біскупскага вікарыя для Лідскага рэгіёну, біскупам-каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі.

Пасвячэнне новага біскупа адбылося 25 мая ў гродзенскай катэдры.

Біскуп-каад’ютар стаў біскупам Гродзенскім, пасля таго як 30 верасня Папа Францішак прыняў адстаўку біскупа Аляксандра Кашкевіча ў сувязі з дасягненнем ім 75-гадовага ўзросту.

Служэнне новага ардынарыя дыяцэзіі афіцыйна распачалося яго інгрэсам – урачыстым уваходам у гродзенскую катэдру, які адбыўся 26 кастрычніка.

Май

5 май

24 мая дабрачыннае каталіцкае таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі адзначыла 30-годдзе з часу дзяржаўнай рэгістрацыі. Святкаванне прайшло ў Сапоцкіне каля Гродна.

Чэрвень

6 чэрвень

1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, пры гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі прайшоў X Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці пад дэвізам “З малітвай праз жыццё”. На свяце прысутнічала больш за 1500 дзяцей з Гродзенскай дыяцэзіі і група дзяцей з Віцебскай дыяцэзіі – з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ва Удзеле.

Ліпень

7 ліпень

12-13 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбыліся дыяцэзіяльныя адпустовыя ўрачыстасці. Сёлета яны праходзілі пад дэвізам “Марыя – наша Каралева”, у іх межах адзначалася 15-годдзе з часу каранавання цудадзейнага тракельскага абраза.

Жнівень

8 жнівень

11 жніўня ў Гнезне (Ваўкавыскі дэканат) адзначылі 500-гадовы юбілей касцёла св. Арханёла Міхала. Касцёл з’яўляецца помнікам архітэктуры позняй готыкі і адной з найстарэйшых у Беларусі святыняў.

Верасень

9 верасень

7 верасня ў катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску адбылося біскупскае пасвячэнне кс. каноніка Андрэя Зноскі, якога ў ліпені Папа Францішак прызначыў дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі. Раней ён належаў да прэзбітэрыя Гродзенскай дыяцэзіі, быў пробашчам лідскай парафіі Божай Міласэрнасці.

Кастрычнік

10 кастрычнік

12 кастрычніка ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Барунах (Ашмянскі дэканат) адбылося каранаванне цудадзейнага абраза Маці Божай. Больш за тры стагоддзі ён ушаноўваецца пад тытулам Суцяшальніцы засмучаных. Кароны на абраз усклаў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Лістапад

11 лістапад

10 лістапада ў гродзенскім мікрараёне Грандзічы біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй благаславіў пляцоўку пад будаўніцтва новага касцёла і крыж. Касцёл будзе пабудаваны на вул. Саяпіна і будзе насіць тытул св. Айца Піо.

Снежань

12 снежань

14 снежня ў парафіі св. Максімільяна Кольбэ і св. Станіслава ў Каробчыцах (дэканат Гродна-Захад) біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй здзейсніў благаслаўленне звана для будучага касцёла і благаслаўленне памяшканняў парафіяльнага дома.

Гэта толькі некаторыя з падзей, якія мелі месца ў Касцёле на Гродзешчыне ў 2024 годзе. Было і шмат іншых падзей, якія, безумоўна, упісаліся ў гісторыю дыяцэзіі і прынеслі плён узрастання веры ў сэрцах людзей.

Няхай будзе падзяка Богу за ўсё дабро, якое атрымаў наш Касцёл і нашы вернікі! Няхай будзе падзяка Яму за ўсё, што атрымаў кожны з нас!

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі