26 кастрычніка адбыўся інгрэс біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя – яго ўрачысты ўваход у гродзенскую катэдральную базыліку, якім афіцыйна распачалося яго служэнне ў якасці ардынарыя дыяцэзіі.
Ва ўрачыстасці ўдзельнічала шмат запрошаных гасцей – духавенства і свецкіх асобаў. На інгрэс прыбылі старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, намеснік старшыні каталіцкага епіскапату біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп эмерыт Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі i Аляксандр Яшэўскі SDB, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі кс. прэлат Кшыштаф Сэрока, супрацоўнікі дыяцэзіяльнай курыі. Прысутнічалі шматлікія вернікі Гродзенскай дыяцэзіі, у тым ліку шмат вернікаў лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа, дзе біскуп Уладзімір больш за 20 гадоў быў пробашчам, прадстаўнікі абласной і гарадской улады і розных хрысціянскіх канфесій.
Урачыстая цырымонія інгрэсу пачалася працэсіяй на чале з біскупам Гуляем, якую складалі грэміяльныя канонікі Гродзенскага катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Казіміра. Працэсія прайшла ад Гродзенскай курыі да катэдры. У дзвярах катэдры біскупа прывітаў дэкан капітулу кс. канонік Генрык Яблонскі.
Пацалаваўшы крыж і прыняўшы сімвалічныя ключы ад катэдры, біскуп пад спеў гімну “Цябе, Бога, праслаўляем” прайшоў праз касцёл, благаслаўляючы прысутных.
Затым Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі кс. прэлат Кшыштаф Сэрока зачытаў паведамленне Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі ад 30 верасня, у якім аб’яўлялася, што Папа Францішак прыняў адстаўку біскупа Аляксандра Кашкевіча ў сувязі з дасягненнем ім 75-гадовага ўзросту i што новым біскупам Гродзенскім стаў Уладзімір Гуляй, да гэтага часу каад’ютар дыяцэзіі.
Пасля да прысутных звярнуўся з прывітальным словам біскуп Аляксандр Кашкевіч. Дадзеную хвіліну заслужаны іерарх, які стаў на чале дыяцэзіі з моманту яе ўтварэння ў 1991 г., назваў гістарычнай для Касцёла на Гродзеншчыне і ва ўсёй краіне.
Па словах біскупа Кашкевіча, служэнне новага ардынарыя будзе праходзіць сярод людзей, ад якіх сам ён за 33 гады кіравання дыяцэзіяй зведаў шмат дабрыні і падтрымкі: “Вернікі нашай дыяцэзіі – вельмі добрыя людзі, якія любяць Касцёл, шануюць духавенства і імкнуцца заўсёды жыць з Богам. У нашых вернікаў добрыя сэрцы, якія заўсёды адкрыты на патрэбы Касцёла і іншых людзей”.
Усіх, хто ўтварае дыяцэзію, біскуп эмерыт папрасіў прыняць яго наступніка ў духу веры, маліцца за яго і падтрымліваць.
“Няхай ён заўсёды вядзе нас моцай і святлом Духа Святога! Няхай будзе добрым пастырам для ўсіх – дзяцей, моладзі, сем’яў, пажылых людзей і тых, хто нясе крыж самотнасці і пакутаў! (...) Няхай наша дыяцэзіяльная сям’я расце і развіваецца на Божую хвалу!” – пажадаў біскуп Аляксандр, пасля чаго перадаў новаму ардынарыю свой пастарал, які атрымаў у падарунак ад духавенства і вернікаў дыяцэзіі з нагоды 25-годдзя святарства. Такім чынам сімвалічна была падкрэслена пераемнасць ад першага ардынарыя да новага.
Затым біскуп Гуляй заняў месца на кафедры біскупаў Гродзенскіх як новы пастыр мясцовага Касцёла. Сваю пашану яму выразілі прадстаўнікі духавенства, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў – такім чынам сімвалічна здзейснілася перадача яму паўнаты ўлады ў дыяцэзіі.
Пасля гэтага пачалася святая Імша, якую ўзначаліў новы біскуп Гродзенскі. Ён прамовіў праграмную гамілію, звярнуўшы ў ёй увагу на асабліва важныя задачы, якія хоча рэалізоўваць у сваім служэнні, а таксама адзначыўшы, што ў гэты дзень здзейсніўся яго шлюб з дыяцэзіяй – Касцёлам на Гродзеншчыне.
У канцы Імшы прагучалі віншаванні ў адрас новага біскупа. Першым віншаванні выказаў ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі яе старшыня арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Ён пажадаў біскупу Гродзенскаму рашучасці ў вядзенні вернікаў шляхамі Святога Духа, а таксама гарачага сэрца ў пошуку тых, хто збіўся са шляху Божай праўды.
Ад імя духавенства Гродзенскай дыяцэзіі віншаванні выказаў пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі. Віншаванні ад імя вернікаў Грэка-Каталіцкай Царквы выказаў Апостальскі візітатар архімандрыт Сяргей Гаек. З віншаваннямі ад імя Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі звярнуліся да біскупа кс. Дзяніс Крываносаў SAC i с. Марцэліна Мігач ISSM. Віншаванні выказаў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ігар Булаўка, выразіўшы надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва Гродзенскай дыяцэзіі з мясцовымі органамі дзяржаўнай улады.
Паколькі на тэрыторыі дыяцэзіі суіснуюць розныя Цэрквы і рэлігійныя супольнасці, да ўдзелу ў інгрэсе былі запрошаны прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій. Праваслаўную Царкву прадставілі настаяцель храма свяціцеля Лукі ў Гродне протаіерэй Аляксандр Хомбак і благачынны Лідскай акругі протаіерэй Расціслаў Салаўёў. Евангелічна-лютэранскyю супольнасць у Гродне прадставіў пастар Уладзімір Татарнікаў.
Віншаванні новаму біскупу выказалі студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і навучэнцы Тэалагічнага каледжа св. Казіміра ў Гродне, а таксама прадстаўнікі Францішканскага ордэну свецкіх.
Біскуп Уладзімір падзякаваў усім удзельнікам урачыстай падзеі за іх прысутнасць у гэты выключны дзень.
“Інгрэс наступнага біскупа Гродзенскага – гэта ўжо гістарычная старонка нашай дыяцэзіі. Перад намі новы этап, далейшае супольнае крочанне дарогай веры, надзеі і любові”, – сказаў іерарх.
Біскуп дадаў, што, распачынаючы гэты супольны шлях, шчыра дзякуе Богу за дар жыцця, дар святарскага паклікання і біскупскага служэння, дар Хрыстовага Касцёла, дар дыяцэзіяльнай супольнасці і гэтую новую старонку яго жыцця.
Іерарх выказаў падзяку Папу Францішку ў асобе Часовага паверанага ў справах Святога Пасаду ў Беларусі за аказаны давер, а таксама за любоў і апеку, якімі Святы Айцец адорвае Касцёл у нашай краіне.
Біскуп падзякаваў іерархам і ўсяму астатняму духавенству. “Мы супольна нясём адказнасць за спадчыну веры. Разам перажываем радасці і падзяляем клопаты абвяшчэння Евангелля. Вельмі разлічваю на вашу дапамогу, дарагія браты святары!” – сказаў ён.
Акрамя таго, падзяка біскупа была звернута да кансэкраваных асобаў, да яго бацькоў, сястры і іншых родных, а таксама да ўсіх, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы гэтага ўрачыстага мерапрыемства.
Звяртаючыся да вернікаў дыяцэзіі, іерарх сказаў: “Я прыходжу, каб пазнаваць багацце дабра, якое ёсць у кожным з вас; каб, аддаючы сябе, жыць для вас і разам з вамі як ваш пастыр і брат”.
“Натхняе мяне таксама перакананне, што за гэтую вялікую задачу, якой з’яўляецца Касцёл на Гродзеншчыне, мы бярэмся разам – духоўныя і свецкія асобы. Хацеў бы, каб мы разам – свецкія вернікі, законніцы са святарамі і са мной, сваім біскупам, – адважна прычыняліся да будавання свету паводле наказаў Хрыста, абуджаючы евангельскую надзею ў сэрцах усіх людзей. Няхай нашыя сэрцы б’юцца ва ўнісон з Сэрцам Збаўцы!” – дадаў іерарх.
Ён запэўніў, што носіць усіх у сваім сэрцы і нястомна моліцца за ўсю дыяцэзію, каб усім хапіла ласкі Пана, а таксама пакорна папрасіў усіх: “Не пакідайце мяне ў малітве”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Аляксандра Шчыглінская