1 чэрвеня пры парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне адбыўся юбілейны X Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці пад дэвізам “З малітвай праз жыццё”.
На гэтым свяце, якое праводзілася ў Міжнародны дзень абароны дзяцей, сабралося больш за 1500 дзяцей з тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Прысутнічала таксама група з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ва Удзеле (Віцебская дыяцэзія). Дзеці прыбылі са сваімі душпастырамі, з законнымі сёстрамі, катэхетамі, бацькамі.
У падрыхтоўцы і правядзенні свята дапамагалі больш за сто маладых валанцёраў і аніматараў. Рыхтаваць мерапрыемства яны пачалі загадзя на тэрыторыі гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай.
У прыгатаванні пачастунку для дзяцей удзельнічалі больш за 20 жанчын. Яны гатавалі пасілак з самага ранку ў дзень свята.
Праграма юбілейнага Дня дзіцяці была насычанай. Акрамя малітвы, якая займала значнае месца, быў час на разнастайныя атракцыёны, гульні, забавы. Працавалі творчыя майстэрні, дзе з дапамогай аніматараў можна было зрабіць крыжык з ніткі ці анёла з матэрыі. Дзеці ахвотна ўдзельнічалі ў гэтых занятках, праяўляючы ў іх атрыманыя ад Бога таленты і здольнасці. Найважнейшай падзеяй дня была Эўхарыстыя, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і на якой прамовіў гамілію каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй.
Арганізатары паклапаціліся аб тым, каб дзеці рознага ўзросту маглі знайсці на свяце штосьці цікавае для сябе.
Навінкай сёлетняга Дня дзіцяці была 15-хвілінная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту для кожнай парафіі. Студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне падрыхтавалі для адарацыі разважанні, падчас якіх дзеці маглі звярнуцца ў малітве да Бога. У канцы адарацыі кожны мог падысці да алтара і ўзяць з кошыка зварот, прызначаны для таго, каб забраць яго з сабой і падзяліцца яго зместам з блізкімі.
“Я абраў цябе для цудоўнай і вялікай місіі. Ты вельмі патрэбны Мне! Не забывай, што самы каштоўны час для цябе той, які мы праводзім разам! Толькі прымаючы Маю любоў, ты становішся ёю і перадаеш яе іншым! Нябесны Айцец, які любіць цябе”, – такімі былі словы звароту.
Вялікай радасцю для дзяцей было выступленне гурта Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне “Ave”. Асабліва задаволены былі дзеці старэйшага ўзросту, якія чакалі сустрэчы з семінарыстамі.
Таксама адбыўся Акт прысвячэння дзяцей Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.
У канцы была пагашана свечка на юбілейным торце, а затым прадстаўнікі кожнай парафіі, хлопчык і дзяўчынка, разам з арганізатарамі выпусцілі ў неба белага голуба. Гэтым завяршылася свята.
Сёлетняя дыяцэзіяльная сустрэча дзяцей, якая ўзнавілася пасля перапынку, выкліканага пандэміяй каранавірусу, застанецца ў памяці малодшых вернікаў, як можна спадзявацца, надоўга. Яны вярталіся з яе абагрэтыя летнім сонцам, умацаваныя ў веры, любові да Бога і бліжняга.
Адной з мэтаў свята было нагадаць дзецям пра важнасць у штодзённасці малітвы, з якой кожны чалавек павінен ісці праз жыццё.
Ад імя ўсіх аніматараў, валанцёраў і арганізатараў свята ўдзячнасць усім удзельнікам выказвае кс. канонік Юрый Марціновіч. Святар падкрэслівае, што правядзенне сустрэчы стала магчымым дзякуючы многім добрым людзям і арганізацыям, якія падтрымалі яе фінансавымі сродкамі і малітвай.
Асаблівая падзяка выказваецца валанцёрам, якія прысвяцілі шмат часу і сіл падрыхтоўцы свята і аказалі вялікую дапамогу ў яго паспяховым правядзенні.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Артур Антушэвіч