10 лістапада ў мікрараёне Грандзічы ў Гродне біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй благаславіў пляцоўку пад будаўніцтва новага касцёла і крыж. Касцёл пад тытулам св. Айца Піо будзе пабудаваны на вул. Саяпіна непадалёк будынка пажарнай аварыйна-выратавальнай часткі МНС.
Ва ўрачыстай падзеі ўдзельнічалі шматлікія парафіяне, вялікае жаданне якіх – мець уласную святыню, і госці, сярод якіх былі святары і законныя сёстры.
На месцы, дзе будзе ўзведзены касцёл, адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі.
Вітаючы іерарха, прадстаўнікі парафіі і пробашч кс. Артур Малафей падкрэслілі, што гэты дзень вельмі важны для іх супольнасці і ўпішацца ў яе гісторыю.
У гаміліі біскуп падзяліўся думкамі пра значэнне крыжа і святыні ў жыцці хрысціяніна.
Ён нагадаў, што крыж – найвялікшы сімвал веры, любові Бога да чалавека, на крыжы Хрыстус адкупіў грахі людзей; крыж кажа аб тым, што “нашы пакуты, боль і цяжкасці маюць сэнс, калі мы аб’ядноўваем іх з ахвярай Хрыста”; “у свеце, дзе пануе шматлікая несправядлівасць, боль і цярпенне, крыж застаецца знакам надзеі”. Іерарх дадаў, што на месцы будаўніцтва касцёла крыж ставіцца для таго, каб паказаць, што гэтае месца належыць Богу, а таксама што крыж заклікае быць вернымі сваім хрысціянскім прынцыпам, быць сведкамі веры ў штодзённым жыцці, любіць бліжняга, прабачаць.
У касцёле, як адзначыў біскуп, людзі могуць сустракацца з Богам, там Ён заўсёды чакае іх у Эўхарыстыі. Будаўніцтва новага касцёла іерарх назваў знакам веры і адданасці Богу, “сумесным актам любові да Бога і адзін да аднаго”. “Кожны з нас можа зрабіць унёсак у будаўніцтва гэтай святыні, – сказаў ён. – Кожны ваш унёсак важны – ваша малітва, ваш час, ваша праца і вашыя ахвяраванні”.
Біскуп заклікаў вернікаў будаваць “не толькі фізічныя сцены, але і сцены нашых сэрцаў, нашай веры” і памятаць, што кожны іх унёсак у будаўніцтва – “не толькі матэрыяльная дапамога, але і духоўная інвестыцыя ў будучыню”, паколькі новы касцёл стане яшчэ адным духоўным домам, “які мы будуем не толькі для сябе, але і для будучых пакаленняў”. Іерарх заахвоціў да актыўнай малітвы за паспяховае будаўніцтва і адзін за аднаго, “каб Бог даў сілу, мудрасць і цярпенне ў гэтай вялікай справе”.
Пробашч падзякаваў усім прысутным за ўдзел ва ўрачыстай падзеі і заклікаў сваю парафіяльную супольнасць падтрымліваць справу будаўніцтва, якой у гэты дзень быў дадзены старт, малітвай, працай і ахвяраваннямі.
Парафія св. Айца Піо ў Гродне атрымала пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі 11 лютага 2000 г. Парафія ахоплівае мікрараён Грандзічы-2, гарадскую частку Забалаці і прылеглыя вёскі.
Нябесны апякун парафіі, італьянскі капуцын, стыгматык і святы Каталіцкага Касцёла Айцец Піо з П’етрэльчыны (1887-1968), здзівіў увесь свет сваім незвычайным жыццём і гарачай верай. Крыж Збаўцы стаў для яго школай святарства і крыніцай любові да людзей, якіх ён спавядаў, аздараўляў і суцяшаў. У літургічным календары Касцёл успамінае яго 23 верасня.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі