11 лютага ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылося ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне алтара “Бічаванне Пана Езуса”.
Святую Імшу ля адноўленага алтара ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія вернікі катэдральнай парафіі і жыхары Гродна.
На літургіі маліліся за ўсіх, хто матэрыяльна падтрымаў рэстаўрацыю алтара.
Алтар, прысвечаны бічаванню Хрыста, можа быць адзіным у Гродзенскай дыяцэзіі. Яго выканаўца невядомы. Алтар быў сур’ёзна пашкоджаны: падчас Другой сусветнай вайны з правага боку святыні выбіла вокны, з гэтай прычыны ўнутр трапляла вільгаць, і дрэва падгніло. Таму ў ходзе рэстаўрацыі давялося поўнасцю разабраць алтар, чаго не рабілі з папярэднімі. Усе яго часткі былі сабраны нанова, некаторыя элементы заменены. Жывапіс алтара быў рэстаўраваны гродзенскім мастаком Уладзімірам Кіслым.
Аднаўленне алтароў у гродзенскай катэдры пачалося з галоўнага, пашкоджанага падчас пажару ў 2006 годзе. Па словах пробашча катэдральнай парафіі кс. каноніка Яна Кучынскага, плануецца аднаўленне і іншых алтароў, наступным з якіх будзе алтар Маці Божай Нястомнай Дапамогі.
Пробашч дадае, што ёсць мара аднавіць усе цэнтральныя алтары ў катэдры, каб кожны, хто заходзіць у святыню, мог захапіцца яе архітэктурай, “бо яна прамаўляе”: “Кожны завіток мае сваё значэнне. І калі штосьці ведаеш пра сакральнае мастацтва, то зусім па-іншаму глядзіш на разьбу, абразы: не толькі як на “золата”. Заходзіш у касцёл – і як кнігу чытаеш... Усё гэтае багацце паказвае неверагодную прыгажосць і прыцягвае чалавека да Бога”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Максіміліян Пік