Штогадовы фэст у гонар Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях (Радунскі дэканат) завяршыўся ўрачыстай Імшой з удзелам некалькіх тысяч вернікаў.
Узначаліў літургію Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Імшу канцэлебравалі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, генеральный вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Таксама ў Эўхарыстыі ўдзельнічалі святары розных парафій і прадстаўнік Апостальскага адміністратарa для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрытa Сяргея Гаека а. Андрэй Крот разам з пілігрымамі. Прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады на чале з членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшынёй Воранаўскага райвыканкама Дзмітрыем Захарчуком.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч прывітаў усіх, хто прыбыў у гэтае незвычайнае месца, каб перад славутай ласкамі выявай Найсвяцейшай Маці перажываць сваю асабістую сустрэчу з Ёю.
Узгадваючы пра 15-ю гадавіну каранавання цудадзейнага тракельскага абраза, якая святкуецца сёлета, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што санктуарый за гэты час стаў для многіх пілігрымаў месцам індывідуальнай і супольнай малітвы.
“Сюды заўсёды можна прыйсці са сваёй асабістай гісторыяй і сваімі праблемамі. Сюды заўсёды можна прынесці свае поспехі і няўдачы, перамогі і паражэнні, гонар і сорам. Тут усіх заўсёды гасцінна прымае і абдымае кожнага сэрцам наша найлепшая Маці і Каралева”, – сказаў іерарх.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі падкрэсліў, як важна запрашаць Маці Божую ў сваё жыццё. Па яго словах, “узяць Марыю ў свой дом” азначае перш за ўсё браць з Яе прыклад у стаўленні да Божага слова, якое Яна прымала і ажыццяўляла, а таксама ў сціпласці і пакоры. Акрамя таго, гэта азначае “набрацца адвагі для штодзённай духоўнай барацьбы, якой з’яўляецца звычайнае чалавечае жыццё”.
Арцыбіскуп адзначыў, што даручыць сябе Панне Марыі заахвочваюць таксама пілігрымкі ў беларускія санктуарыі, прысвечаныя Божай Маці. Іерарх назваў пілігрымкі “прыгожым і правераным спосабам, дзякуючы якому мы набліжаемся да Марыі”. “Калі Яна стане бліжэй да нас, мы зможам асабіста, шчыра сказаць Ёй: Марыя, мая Маці і Каралева, заступіся за нас”, – дадаў ён.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі заахвоціў прысутных даверыць Богу праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі лёс нашай Бацькаўшчыны і прасіць мудрасці, каб якасна будаваць сённяшні дзень і будучыню на хрысціянскіх каштоўнасцях.
У канцы Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч уручыў старшыні Воранаўскага райвыканкама Дзмітрыю Захарчуку дыплом падзякі за падтрымку і дапамогу, якая аказваецца тракельскаму санктуарыю ў рэалізацыі разнастайных праектаў, дзякуючы чаму гэтае месца становіцца ўсё прыгажэйшым.
У сваю чаргу старшыня райвыканкама павіншаваў прысутных са святам Маці Божай Тракельскай, адзначыўшы, што яно мае важнае значэнне не толькі для вернікаў, але і для ўсіх, каму дарагая гісторыя нашай краіны, хто шануе яе духоўныя традыцыі.
Ён дадаў, што тракельскі абраз “нясе спрадвечную праўду дабра, міласэрнасці і любові, дапамагае аб’ядноўваць прадстаўнікоў розных пакаленняў”, а свята Маці Божай Тракельскай “з’яўляецца сапраўднай праявай веры, якая натхняе нас на раскрыццё лепшых душэўных якасцяў, на стваральную працу дзеля будучыні кожнай сям’і і Айчыны”.
Дзмітрый Захарчук пажадаў прысутным, каб цудадзейны тракельскі абраз дапамагаў кожнаму з іх, аберагаў Воранаўшчыну і ўсю краіну, спрыяў духоўнаму адраджэнню і трыумфу спрадвечных каштоўнасцей.
Кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі выказаў падзяку ўсім удзельнікам фэсту і тым, хто садзейнічаў яго правядзенню на высокім узроўні.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі