
8 лістапада моладзь гродзенскай парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай здзейсніла пілігрымку ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных у Барунах – адну з тых святыняў, якія ў межах Юбілейнага 2025 года аб’яўлены юбілейнымі.
У пілігрымцы ўдзельнічала ў агульнай колькасці 30 чалавек разам з пробашчам парафіі кс. канонікам Юрыем Марціновічам.
У санктуарыі пілігрымы ўзялі ўдзел у святой Імшы. Кусташ санктуарыя кс. Павел Паўлюкевіч пазнаёміў маладых вернікаў з гісторыяй цудадзейнага барунскага абраза, на які год таму біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч усклаў кароны. Кусташ запрасіў моладзь наведваць гэтае святое месца.
Затым пілігрымы пабывалі ў гервяцкім касцёле Найсвяцейшай Тройцы, які лічыцца найпрыгажэйшай каталіцкай святыняй нашай краіны і называецца беларускім Нотр-Дамам. Там яны памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, а таксама сталі сведкамі заканчэння перэгрынацыі ў гэтай парафіі фігуры Арханёла Міхала.
Перэгрынацыя фігуры па беларускіх парафіях здзяйсняецца з 2018 г.
Як паведамляюць удзельнікі пілігрымкі, у гэтым падарожжы яны пераканаліся, што “самае галоўнае – жывы Касцёл, адзіная супольнасць”. Акрамя таго, пілігрымка была для іх магчымасцю пазнаёміцца адзін з адным, пабыць разам у час малітвы і адпачынку.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Артур Антушэвіч
