Skip to main content

У Гнезне адзначылі з удзелам біскупа Кашкевіча 500-годдзе касцёла

gnezna 511 жніўня ў Гнезне (Ваўкавыскі дэканат) адзначылі 500-годдзе касцёла св. Арханёла Міхала.

Касцёл пабудаваны ў першай палове XVI стагоддзя па фундацыі тагачаснага ўладальніка Гнезна Яна Шамятовіча (Шэмета) і ягонай жонкі Альжбеты. У 1524 годзе была заcнавана парафія пад тытулам Спаслання Духа Святога, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святых Міхала Арханёла, Яна Хрысціцеля і Станіслава, біскупа. Гнезненскі касцёл з’яўляецца помнікам архітэктуры позняй готыкі і адной з найстарэйшых у Беларусі святыняў.

З нагоды юбілею ў парафіі адбылася ўрачыстая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На Эўхарыстыі сабралося больш за 30 святароў, законныя сёстры, госці і самі парафіяне. Пробашч кс. Раман Ялоўчык прывітаў прысутных і падзякаваў усім, хто дапамог арганізаваць святкаванне.

На Імшы біскуп Гродзенскі адзначыў, што кожная святыня прыгожая не толькі дзякуючы працы архітэктараў і будаўнікоў, якія выкарыстоўваюць свае здольнасці, каб надаць Божаму дому найлепшы знешні выгляд. “Нават самая бедная і сціплая святыня прыгожая, бо нагадвае кожнаму чалавеку, што Бог яго любіць і хоча быць побач з ім, хоча пасяліцца сярод свайго народу”, – сказаў іерарх.

gnezna 14

Біскуп падкрэсліў, што святыня – знак Божай прысутнасці ў гісторыі свету і жыцці чалавека. “Калі дзесьці бачны касцёл, ён з’яўляецца знакам, што ў гэтых мясцінах жывуць вызнаўцы Хрыста, верны народ, які засноўвае сваю надзею на Богу, у Яго шукае святла, праўды, дапамогі і падмацавання”, – дадаў ён.

Таксама біскуп узгадаў у гаміліі святароў, якія служылі ў гэтай парафіі ў апошні час, і першую за шмат гадоў Імшу, якую 8 жніўня 1989 года на палявым алтары ля пашкоджанага касцёла цэлебраваў кс. Людвік Станішэўскі, цяпер спачылы. Гэтая Эўхарыстыя, па словах іерарха, стала прадвяшчэннем адраджэння рэлігійнага жыцця ў парафіі. Пад кіраўніцтвам пробашча распачаліся рамонтныя працы, і ўжо праз год, 11 жніўня 1990 г., біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, сённяшні арцыбіскуп эмерыт, здзейсніў асвячэнне адноўленага касцёла.

gnezna 6

Шмат гадоў пробашчам парафіі быў кс. Людвік Станішэўскі. Біскуп Кашкевіч нагадаў, што ў той час дзякуючы ахвярнасці ўсёй парафіяльнай супольнасці была пабудавана плябанія, прайшлі рамонтныя працы, былі прыведзены ў парадак тэрыторыя вакол касцёла і парафіяльныя могілкі.

Біскуп падзякаваў сённяшняму пробашчу кс. Раману Ялоўчыку і парафіянам, якія клапоцяцца аб святыні, аб тым, каб яна выглядала прыгожа і годна.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заклікаў прасіць Пана Езуса, прысутнага сярод людзей у Найсвяцейшым Сакрамэнце, “аб ласцы моцнай веры, вернасці хрысціянскай традыцыі і галоўным каштоўнасцям, перададзеным продкамі”.

“Пастараемся ж цаніць гэтую вялікую духоўную спадчыну, захаваць яе і перадаць наступным пакаленням, як нашы папярэднікі”, – заахвоціў іерарх. Таксама ён заклікаў да асаблівай малітвы ў інтэнцыі маладога пакалення, якое жыве ў складаныя часы, калі лёгка памыліцца, згубіцца, страціць найважнейшае.

Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі