12 кастрычніка ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Барунах адбылося каранаванне цудадзейнага абраза Маці Божай, якая больш за тры стагоддзі ўшаноўваецца пад тытулам Суцяшальніцы засмучаных.
Узначаліў урачыстасць старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Гэтая гістарычная для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі падзея сабрала такую вялікую колькасць удзельнікаў, якой у Барунах дагэтуль не было. Прысутнічалі вернікі з усіх беларускіх дыяцэзій, духавенства, у тым ліку іерархі Каталіцкага Касцёла і Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі мясцовай улады і дыпламатычнага корпусу – Апостальскую Сталіцу прадстаўляў Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі кс. прэлат Кшыштаф Сэрока.
Барунскія парафіяне, рыхтуючыся да ўрачыстасці, пад кіраўніцтвам свайго пробашча кс. Паўла Паўлюкевіча, кусташа санктуарыя, паклапаціліся аб рамонце касцёла, асабліва алтарнай часткі. Дзякуючы ахвярнасці парафіян і неабыякавых людзей добрай волі за апошні час быў зроблены мантаж каменных алтароў і амбоны, у прэзбітэрыі пакладзена каменная плітка, зроблены рамонт у сакрыстыі, адноўлены жырандолі, адрамантаваны катэхетычны клас, здзейснены работы па добраўпарадкаванні касцёльнай тэрыторыі.
Урачыстасці папярэднічала і сур’ёзная малітоўная падрыхтоўка: на працягу дзевяці апошніх субот у санктуарыі праходзіла Навэнна да Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных, у якой удзельнічалі са сваімі душпастырамі вернікі з усіх дэканатаў Гродзенскай дыяцэзіі і з іншых куткоў Беларусі. Навэнна была магчымасцю памаліцца ў цішыні санктуарыя і падзякаваць Маці Божай за апеку і дапамогу.
Прысутных у барунскім касцёле і па-за ім, бо вялікая святыня не змясціла ўсіх удзельнікаў, прывітаў на ўрачыстасці біскуп Уладзімір Гуляй, новы пастыр Гродзенскай дыяцэзіі. Ён назваў каранаванне абраза “сімвалaм глыбокай удзячнасці вернікаў за незлічоныя ласкі, якія на працягу стагоддзяў праз заступніцтва Марыі дасягалі тых, хто шукаў у Яе дапамогі”.
“Маці Божая Суцяшэння заўсёды побач са сваімі дзецьмі, у хвіліны радасці і смутку. Яна, як любячая Матуля, дапамагае тым, хто пакутуе, хто знаходзіцца ў цяжкасцях ці згубіўся на жыццёвым шляху. Сёння мы карануем абраз Маці Божай як знак нашай вялікай пашаны і даверу да Яе няспыннай апекі”, – сказаў біскуп. Ён выразіў надзею, што каранаванне абраза стане моцным духоўным досведам для кожнага, хто прыходзіць сюды на сустрэчу з Паннай Марыяй, і нагодай для асабістага навяртання і паглыблення веры.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі нагадаў гісторыю з’яўлення цудадзейнага абраза ў Барунах і падкрэсліў, што Суцяшальніца засмучаных “сёння, як і тады, чуе просьбу, выказаную вуснамі сыноў і дачок нашага народа: “Ратуй мяне, Маці Барунская”.
Гаворачы пра навэнну, якая папярэднічала ўрачыстасці каранавання, старшыня епіскапату адзначыў, што гэтая малітва “праслаўляла мацярынскі клопат, з якім Найсвяцейшая Панна Марыя просіць у Бога ласкі, неабходныя для людзей, каб яны ўзрасталі ў веры, атрымлівалі суцяшэнне ў смутку і такім чынам шчасліва дасягнулі мэты свайго зямнога вандравання – Езуса Хрыста”.
“Маці Суцяшэння доўга чакала ў гэтай прыгожай святыні знаку з нашага боку, – сказаў арцыбіскуп. – Праз цырымонію каранавання, якая здзяйсняецца ў юбілейны 330-ы год з часу прызнання гэтага абраза цудадзейным, мы хочам выказаць нашу асаблівую падзяку і любоў да Маці Божай. Мы хочам яшчэ больш даверыць Ёй сваё жыццё, жыццё нашых сем’яў і нашу Радзіму”. Ён дадаў, што кароны, якія ўскладваюцца на абраз, з’яўляюцца выразам любові вернікаў і падзякай біскупа эмерыта Аляксандра Кашкевіча “за 33-гадовы супольны шлях да порту збаўлення”.
Па словах арцыбіскупа, той, хто прыходзіць у гэты санктуарый, знаходзіць “моц, якая вынікае з пераканання, што Маці не пакідае сваё дзіця ў няшчасці, а вядзе да Сына і выпрошвае Яго міласэрнасць”. Разам з тым іерарх дадаў, што, “на жаль, многія не шукаюць сваё месца сярод братоў і сясцёр сям’і Езуса і Марыі”: па статыстыцы толькі каля 60 працэнтаў людзей у нашым грамадстве з’яўляюцца веруючымі і належаць да той ці іншай рэлігійнай сям’і. У сувязі з гэтым арцыбіскуп назваў фундаментальнай сённяшняй праблемай “крызіс Бога” – Яго непрысутнасць у думках і дзеяннях чалавека.
Іерарх падкрэсліў, што наведваць санктуарый як пілігрымы і маліцца тут ля трону Маці Божай – “самая дасканалая школа і найпрыгажэйшы спосаб рэалізацыі хрысціянскага паклікання да святасці”. Панну Марыю ён назваў “знакам надзеі, гарантыяй таго, што чалавек можа дасягнуць адзінства з Богам, калі пойдзе, як Яна, шляхам даверу Яму”.
Па словах старшыні епіскапату, Маці Божая можа навучыць сённяшніх людзей таму, што “чалавечае шчасце заснавана на сяброўстве з Богам”, “Яна чакае, што мы будзем рэалізоўваць Евангелле і выконваць Божую волю ў штодзённым жыцці”, “чакае пастаяннага і лепшага клопату пра сям’ю і сужэнства”, “просіць, каб дзяўчаты былі далікатнымі ў захаванні хрысціянскіх і жаночых каштоўнасцяў, а хлопцы – адважнымі абаронцамі сямейнага вогнішча”, “каб мы абаранялі непарыўнасць сужэнства, годнасць маці, годнасць жанчыны, адказнасць мужчыны”, “заахвочвае нас любіць і шанаваць Маці-Айчыну”. Іерарх нагадаў, наколькі важнай з’яўляецца сям’я: “Тое, што бацька і маці перадаюць дзіцяці з праўдай веры, западае ў душу настолькі моцна, што застаецца ў сэрцы чалавека на ўсё жыццё. Таму трэба, каб Касцёл і дзяржава, сям’я і школа гаварылі адным голасам”. Ён дадаў, што “быць маці – вялікая таямніца, быць татам – вялікая годнасць”.
Арцыбіскуп заклікаў даверыць Суцяшальніцы засмучаных “сябе і нашых блізкіх, сем’і і грамадства, нашу радзіму і ўсе яе клопаты – з гарачай просьбай, каб мы ніколі не адлучаліся ад Хрыста і ўмелі жыць кожны дзень у адзінстве з Богам і міры з людзьмі”.
Пасля гаміліі настаў доўгачаканы момант каранавання, хвалюючы для прысутных. Гонар ускласці кароны атрымаў біскуп эмерыт Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч, які роўна год таму абвясціў рашэнне аб тым, каб было здзейснена каранаванне гэтага абраза. Пад гукі арганнай музыкі іерарх і кусташ санктуарыя ўсклалі кароны на выявы Езуса Хрыста і Яго Маці.
У канцы Імшы да ўдзельнікаў урачыстасці звярнулася ад імя Ашмянскага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў намеснік старшыні райвыканкама Ганна Язель. Яна выказала “самую глыбокую ўдзячнасць усім, хто сваімі намаганнямі і працай набліжаў да нас гэту ўрачыстую падзею, якая, несумненна, будзе садзейнічаць захаванню і ўмацаванню агульнахрысціянскіх каштоўнасцей, падтрыманню маральных асноў нашага грамадства”.
Вернікі барунскай парафіі сардэчна падзякавалі Богу за тое, што дачакаліся гэтай гістарычнай хвіліны, і выказалі падзяку прысутным іерархам і іншым гасцям.
Кусташ санктуарыя кс. Павел Паўлюкевіч заклікаў часцей наведваць Баруны, адзначыўшы, што тут заўсёды будуць гасцінна прымаць пілігрымаў і ствараць умовы для таго, каб кожны мог адчуваць сябе як дома, дзе прысутнічае нябесная Маці, якая ўсё разумее і абдымае сэрцам кожнага. Святар падзякаваў усім, хто дапамагаў падрыхтаваць урачыстасць, а таксама падзякаваў кс. каноніку Яну Пузыну, які шмат гадоў з’яўляецца дэканам Ашмянскага дэканату, за дабрыню, падтрымку і садзейнічанне таму, каб культ Маці Божай Барунскай распаўсюджваўся.
З гісторыі абраза Маці Божай Барунскай
Гісторыя цудадзейнага барунскага абраза бярэ пачатак у канцы XVII стагоддзя, калі Маці Божая аб’явілася Мікалаю Песляку, які ляжаў моцна хворы і чакаў смерці.
Абраз Маці Божай быў перададзены як найкаштоўнейшы скарб Мікалаю Песляку яго сваяком, айцом Язафатам Бражыцам з ордэна базыльянаў. Мікалай даў Найсвяцейшай Панне прысягу выканаць Яе пажаданне пабудаваць святыню ў Яе гонар на ўказаным Ёю месцы.
У 1691 годзе Мікалай наняў трох рамеснікаў, каб зрабіць і ўсталяваць на гэтым месцы крыж. На крыжы ён змясціў абраз. Дапамога Маці Божай стала адчувацца з першай хвіліны: калі на падрыхтаванае месца змяшчалі абраз і скарбонку, згубіўся цвік. Яго знайшоў і падняў сляпы жабрак, які праходзіў міма. Хто быў гэты чалавек, невядома, але Божая ласка дакранулася да яго, і ён пачаў бачыць.
Навіна хутка разнеслася па наваколлі, у Баруны сталі прыбываць людзі, і ўсе, хто з верай звяртаўся да Панны Марыі, адыходзілі суцешаныя і шчаслівыя.
У 1692 годзе быў пабудаваны драўляны касцёл. Весткі аб цудах, атрыманых ад Маці Божай у Барунах, распаўсюджваліся, з усіх бакоў прыбывалі натоўпы людзей.
У тым жа годзе грэка-каталіцкі Мітрапаліт Кіеўскі і арцыбіскуп Полацкі Цыпрыян Жахоўскі адправіў у Баруны камісію, якая павінна была праверыць і прааналізаваць цуды, атрыманыя ад Маці Божай. У выніку да канца студзеня 1693 года былі правераны і занатаваны 72 цуды.
Калі камісія скончыла працу, Мітрапаліт прыехаў у Баруны асабіста, каб разгледзець вынікі. 2 лютага 1693 года іерарх выдаў дакумент аб прызнанні абраза Маці Божай Барунскай цудадзейным, а цудаў – праўдзівымі.
У наш час святыня ў Барунах была абвешчана санктуарыем Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Максімільян Пік