24 мая, калі ў Касцёле адзначаецца ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Успамогі хрысціянаў, дабрачыннае каталіцкае таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі адзначала круглую дату – 30-годдзе з моманту афіцыйнай дзяржаўнай рэгістрацыі. З гэтай нагоды адбылося святкаванне, якое праходзіла ў мястэчку Сапоцкін, што каля Гродна.
Першым і цэнтральным пунктам святкавання была Эўхарыстыя ў мясцовым касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча. Узначаліў Імшу арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, які стаяў ля вытокаў аднаўлення дабрачыннай дзейнасці Касцёла ў Беларусі. На Імшы таксама былі прысутныя біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, святары, законныя сёстры, а таксама працаўнікі і валанцёры нацыянальнага і дыяцэзіяльных “Caritas” Беларусі.
У казанні арцыбіскуп Тадэвуш паразважаў над значэннем лацінскага слова “caritas”, ад якога ўзяла пачатак назва дабрачыннай каталіцкай арганізацыі і якое ў перакладзе азначае “любоў”.
У савецкія часы веруючыя не ведалі, што ёсць такая дабрачынная арганізацыя, якая матэрыяльна і духоўна дапамагае тым, хто знаходзіцца ў патрэбе. Пасля распаду СССР з’явілася магчымасць афіцыйнага заснавання “Caritas” у Беларусі. Але дзейнічаць яна пачала раней – з канца 80-х гг. ХХ ст. Менавіта тады прыехалі першыя грузавікі з гуманітарнай дапамогай, якую аддавалі бедным, сем’ям у цяжкім матэрыяльным становішчы і іншым людзям, якія знаходзяцца ў патрэбе.
Дабрачынная дзейнасць, якую праводзіць “Caritas”, іграе вялікую ролю ў справе евангелізацыі. Папа Бэнэдыкт XVI, распачынаючы свой пантыфікат праграмнай энцыклікай “Deus caritas est”, прыпомніў, што сучаснаму свету патрабуецца любоў не толькі ў цялесным значэнні – “eros”, але яшчэ больш як служэнне – “caritas”. Папа падкрэсліў, што ў старажытнасці распаўсюджанню хрысціянскай веры вельмі дапамагла менавіта дабрачыннасць. Паслядоўнікі Хрыста прыходзілі на дапамогу не толькі сваім аднаверцам, але і ўсім, хто жыў у нястачы.
У якасці прыкладу арцыбіскуп прывёў служэнне аднаго брата францішканіна ў Маскве, які кожную суботу хадзіў у якасці валанцёра ў дом паміраючых, каб служыць дапамогай: абмыць іх, дапамагчы апрануцца і проста прысутнічаць каля іх. Працаўнікі ўстановы не маглі паверыць у тое, што ён робіць гэта абсалютна бясплатна, “з патрэбы сэрца”. Словы гэтага законніка і яго служэнне пакінулі след у душах людзей, якім быў патрэбны Бог. Такім чынам, важная не толькі матэрыяльная, але і духоўная дапамога.
Яшчэ адным важным аспектам дзейнасці “Caritas” іерарх назваў выхаванне людзей да адказнасці, бо дабрачыннасць можа здзяйсняцца толькі пры ўмове ахвярнасці тых, хто гатовы дапамагаць матэрыяльна. Па словах арцыбіскупа Тадэвуша, “Caritas” – гэта не дойная карова, якая ўвесь час дае малако: каб было малако, яе трэба выводзіць на добрыя пашы. Дзякуючы ахвярадаўцам, дапамога ёсць і даходзіць да адрасатаў, і варта пастаянна памятаць пра іх у малітве, адзначыў арцыбіскуп.
Сцэна Звеставання Панны Марыі, апісаная ў фрагменце Евангелля на літургічны ўспамін, які адзначаецца ў гэты дзень, працягваецца сцэнай Адведзінаў Марыяй сваёй сваячкі Альжбеты. Такім чынам, заўважыў арцыбіскуп, Марыя, будучы слугой Бога, сталася таксама слугой чалавека, прыносячы яму Божую ласку. Як дадаў іерарх, праз дзейнасць “Caritas” Божая ласка дакранаецца да сэрца чалавека, даючы яму радасць і спакой, дапамагае яму зразумець і аднавіць у сабе чалавечую годнасць Божага дзіцяці.
Сваё разважанне арцыбіскуп завяршыў словамі, выпісанымі на адной з магіл на лютэранскіх могілках у Маскве: “Спяшайцеся рабіць дабро”. Там пахаваны чалавек, які прысвяціў сваё жыццё клопату пра людзей, якія адпраўляліся ў ссылку ў Сібір, і нават склаў для іх малітоўнік, каб яны маглі трымаць сувязь з Богам. Іерарх заклікаў тых, якія штодня ажыццяўляюць дабрачынную дзейнасць, зрабіць гэтыя словы сваім дэвізам.
Затым у рэкалекцыйным доме адбылася другая, урачыстая частка свята. На ёй, апроч прысутных на святой Імшы, прысутнічалі пастар Лютэранскай Царквы ў Беларусі Уладзімір Татарнікаў, генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Анджэй Рачкоўскі, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак, прадстаўнікі абласной улады, а таксама спонсары.
Спачатку з прывітальным словам выступіў кс. Алег Пятрашка, дырэктар гродзенскага “Caritas”. Затым са словамі віншаванняў да яго кіраўніцтва, працаўнікоў і валанцёраў звярнуліся прадстаўнікі ўлады, генеральны консул, прадстаўнік Лютэранскай Царквы, дырэктары нацыянальнага і дыяцэзіяльных “Caritas” і прадстаўнікі спонсараў. Адбылася цырымонія ўзнагароджання з нагоды 30-годдзя гродзенскага “Caritas”, якую здзейснілі дырэктар кс. Алег Пятрашка і намеснік дырэктара Алена Міхайлік. У перапынках гурт “Анёлы” з гродзенскай парафіі Спаслання Духа Святога радаваў прысутных спевам і танцамі.
Пасля афіцыйнай часткі прысутных чакаў святочны фуршэт.
Кс. Павел Эйсмант