25 мая ў катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне прыняў біскупскае пасвячэнне ксёндз канонік Уладзімір Гуляй, якога Папа Францішак прызначыў каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі.
Галоўным пасвячаючым быў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, яму асіставалі старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Урачыстасць пасвячэння сабрала ў галоўнай святыні Касцёла на Гродзеншчыне вялікую колькасць удзельнікаў. Прысутнічалі каталіцкія іерархі: арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве Мікалай Дубінін, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.
Таксама прысутнічалі Апостальскі адміністратар для католікаў усходняга абраду на Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, протаіерэй Аляксандр Хомбак, які прадстаўляў Праваслаўную Царкву, пастар Уладзімір Татарнікаў – прадстаўнік Евангелічна-Лютэранскай Царквы, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу. Дзяржаўныя, абласныя і гарадскія ўлады прадстаўлялі Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Скрыпко, начальнік аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама Аляксей Апановіч.
На пасвячэнні сабраліся святары з усіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі. Прысутнічалі кансэкраваныя асобы. Сабралося шмат свецкіх вернікаў, у тым ліку прадстаўнікі лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа, дзе на працягу 21 года біскуп Уладзімір Гуляй быў пробашчам. Прысутнічалі і родныя новага біскупа.
Вітаючы ўдзельнікаў урачыстасці, біскуп Аляксандр Кашкевіч назваў гэтую падзею гістарычнай у жыцці Гродна, дыяцэзіі і ўсёй краіны.
“Хрыстус Уваскрослы, які жыве і дзейнічае ў сваім Касцёле, сакрамэнтальным чынам даручыць біскупу як наступніку апосталаў трайную місію навучання, кіравання і асвячэння Божага народу”, – дадаў пастыр Гродзенскай дыяцэзіі.
Абрад пасвячэння пачаўся Гімнам да Духа Святога. Затым прадстаўнік прэзбітэрыя дыяцэзіі – кс. Віталій Сідорка, пробашч лідскай парафіі св. Юзафа, Рамесніка, і бл. сясцёр-мучаніц з Навагрудка, – звярнуўся да Апостальскага нунцыя з просьбай удзяліць намінату пасвячэнне. Была прачытана намінацыйная була Святога Айца.
Нунцый прамовіў гамілію, у якой нагадаў, што кандыдату да біскупскага пасвячэння заўсёды задаюць перад Божым народам пытанне, “ці гатовы ён верна і нястомна абвяшчаць Евангелле Хрыста і зберагчы ў непарушнасці скарб веры, перададзенай Апосталамі”.
Іерарх адзначыў, што пастарал, які атрымлівае новы біскуп у абрадзе пасвячэння, “сімвалізуе моц і упэўненасць”, якімі ён павінен будзе карыстацца, калі будзе пакліканы ўзначаліць дыяцэзію.
“Сёння, на жаль, нам пагражаюць шматлікія рызыкі. Мы жывём у часы, нялёгкія для веры; сутыкаемся з культурай, якая больш не прымае традыцыйныя хрысціянскія маральныя і сямейныя каштоўнасці, насамрэч, часта ідзе супраць іх і выглядае неталерантнай і ўсё больш дэструкцыйнай”, – сказаў прадстаўнік Папы.
“Твой пастарал мае форму посаха”, – адзначыў ён, звяртаючыся да наміната, і дадаў, што посах дазваляе пастуху прыцягваць авечак да сябе, каб трымаць іх побач. Нунцый падкрэсліў, што пастыр з’яўляецца “прыладай еднасці паміж Богам і ўсім чалавечым родам” і што “еднасць – адметная рыса біскупа, якая яднае і ўзбагачае паству, злучае яе з Панам”.
Іерарх заклікаў наміната “быць пастырам сваім жыццём, сваімі словамі, сваёй блізкасцю да людзей”, “адчуваць сябе адказным за ўмацаванне адзінства паміж вернікамі і грамадскай супольнасцю, паміж усімі мужчынамі і жанчынамі дыяцэзіі”, “развіваць экуменічны аспект сярод іншых хрысціянскіх супольнасцей і іншых рэлігійных канфесій”, “успрымаць усіх як братоў і сясцёр, якім трэба служыць”, і таму старацца быць уважлівым да патрэбаў кожнага святара і свецкага верніка.
“Ты зможаш выконваць гэтае пастырскае служэнне, захоўваючы як скарб гісторыю ласкаў, якія Пан даў табе праз тваіх бацькоў у родным доме. Шануючы карані, якія залягаюць у зямлі гэтай дыяцэзіі, ты таксама зможаш абапірацца на свае веды і досвед, назапашаныя за гады душпастырства ў Лідзе і выкладання ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Тыя дары, якімі ўзбагаціў цябе Пан, ты часта выкарыстоўваў, каб несці радасць моладзі і ў гульні, і ў спеве. Працягвай прыносіць радасць і еднасць людзям, якіх сустракаеш”, – дадаў Апостальскі нунцый.
Іерарх нагадаў, што першы абавязак біскупа – маліцца і благаслаўляць Божы народ. Нунцый падкрэсліў, што Бог запрашае “штодзённа і з даверам быць з Ім”. “Мы часта вымушаны вырашаць праблемы самастойна, але мы павінны давяраць Хрысту. Езус просіць нас усіх заставацца ў Ім. Тым больш гэта датычыцца біскупа, пастыра, які павінен клапаціцца пра кожную авечку ў статку. Малітва заўсёды павінна быць у цэнтры кожнай дзейнасці біскупа”, – заўважыў прадстаўнік Папы.
У канцы гаміліі ён працытаваў верш Рыгора Барадуліна, дзе ёсць такія словы: “Не забудзься, што кожны твой крок на прыкмеце. Множ дабро колькі моцы, не лічачы множ”.
Затым намінат адказаў на пытанні галоўнага пасвячаючага, такім чынам выказаўшы згоду выконваць біскупскія абавязкі. Прысутныя памаліліся Літаніяй да Усіх Святых. Усе іерархі па чарзе ўсклалі рукі на галаву наміната ў знак яго далучэння да Калегіі біскупаў, была прамоўлена малітва пасвячэння. Галоўны пасвячаючы намасціў чало новага біскупа, што нагадвае аб містычным намашчэнні Духам Святым і дае плённасць біскупскаму служэнню. Біскупу Уладзіміру былі ўручаны кніга Евангелля як напамін пра абавязак абвяшчаць Добрую Навіну, а таксама персцень, мітра і пастарал. Персцень – знак вернасці і напамін біскупу ахоўваць Божую абранніцу – Святы Касцёл; мітра сімвалізуе святасць, якой павінен адзначацца біскуп; пастарал – сімвал пастырскай улады і напамін, што біскуп не валадар аўчарні, а яе правадыр на шляху да збаўлення.
Абрад пасвячэння завяршыўся пацалункам супакою, які ўдзялілі новаму біскупу ўсе прысутныя іерархі.
У канцы Імшы прагучалі шматлікія віншаванні ў адрас біскупа Уладзіміра. Першым яго павіншаваў старшыня беларускага каталіцкага епіскапату арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Старшыня епіскапату выказаў новаму біскупу спадзяванні на супольную плённую працу і пажадаў, каб словы Хрыста “Sufficit tibi gratia Mea” (“Хопіць табе Маёй ласкі”), якія біскуп Уладзімір абраў дэвізам свайго пастырскага служэння, былі натхненнем для яго самога і для вернікаў.
“Жадаю ўсё больш глыбокага перажывання таго, што значыць “быць пасланым”, – гэта значыць удзелу ў місіі самога Езуса Хрыста, які ў сваім пастырскім служэнні аб’яўляе любоў Бога да чалавека. Спадзяюся на тое, што штодзённая блізкасць Евангелля і Эўхарыстыі прывядзе да асвячэння Вас і народ Божы, давераны Вашай пастырскай апецы”, – дадаў арцыбіскуп.
Ад імя духавенства Гродзенскай дыяцэзіі віншаванні выказаў яе генеральны вікарый кс. канонік Аляксандр Мацкевіч. Сястра Марцэліна Мігач ISSM павіншавала новага біскупа ад імя Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі. З віншаваннямі да іерарха звярнуліся прадстаўнікі Праваслаўнай і Лютэранскай Цэркваў, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, вернікі Каталіцкага Касцёла.
Біскуп Уладзімір Гуляй, звяртаючыся да прысутных, пералічыў усіх тых, каму ўдзячны, дадаўшы, што, хоць гэты спіс вельмі доўгі і немагчыма назваць усіх пайменна, ён заўсёды носіць іх у сэрцы. Ён адзначыў, што ў гэтым абрадзе пасвячэння “аднавіў сваю бязмежную адданасць служэнню Евангелля Хрыста, Касцёлу і Святому Айцу”, і дадаў: “Малюся за ўсіх нас, каб хапіла нам ласкі Пана! І пакорна прашу ўсіх вас: не пакідайце мяне ў малітве”.
З гэтага часу біскуп Уладзімір будзе выконваць у Гродзенскай дыяцэзіі функцыі каад’ютара. Ён будзе дапамагаць біскупу Гродзенскаму ў пастырскім служэнні, а пасля яго сыходу на пенсію ўзначаліць дыяцэзію.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Аляксандра Шчыглінская