
8 лістапада ў касцёле Адшукання Крыжа Пана ў Астраўцы адбылася святая Імша з нагоды першай гадавіны смерці кс. Андрэя Горбача, які быў пробашчам гэтай парафіі. Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
У гаміліі біскуп падкрэсліў, што “зямная дарога мае свой апошні крок, але не мае апошняй кропкі, бо працягваецца ў Богу, калі сэрца жыло Божым словам і Божай ласкай”. Звяртаючыся да вернікаў гэтай парафіі, іерарх сказаў: “Год таму ў вашых вачах была сумесь болю, удзячнасці, нязвыклай цішыні і тых пытанняў, якія ў моманты развітання нараджаюцца ў кожнага чалавека, калі перад намі ўстае факт смерці – непазбежны, сур’ёзны, але для веруючага чалавека заўсёды напоўнены светлай надзеяй. Год – гэта ўжо дастатковы час, каб вострасць болю асела ў глыбіні душы, каб памяць стала больш чыстай і спакойнай, каб мы маглі бачыць не толькі момант развітання, але ўвесь шлях чалавека, у які ўпляталіся яго чалавечыя сілы і слабасці, яго малітвы і змаганні, яго штодзённая адданасць святарству і яго шчырае жаданне прывесці людзей да Бога”.
Біскуп адзначыў, што “святар не жыве для сябе – святар жыве Духам Божым і для Божага народа” і што ў ксяндза Андрэя, “напэўна, таксама былі моманты ваганняў, моманты чалавечай стомленасці, моманты, калі цяжар святарскай адказнасці патрабаваў цішыні, малітвы, даверу, але ён ішоў наперад, бо ведаў, што Бог вядзе яго шляхам служэння людзям”. Па словах іерарха, “святар – гэта не чалавек без слабасці, а чалавек, які ў сваёй слабасці трымаецца Бога; і калі чалавек так жыў, тады яго зямная смерць – гэта не крах, а пераход у абяцаную паўнату, дзе слёзы ператвараюцца ў радасць, а трывога ў супакой”.
“Жыццё святара – гэта пастаянны працэс “памерці для сябе”: памерці для сваіх планаў, сваіх амбіцый, уласнага камфорту, каб даць жыццё іншым. Ён упаў у зямлю гэтай парафіі, у зямлю вашых сэрцаў, вашага жыцця, вашай гісторыі. І хаця сёння яго цела спачывае ў магіле, плод яго служэння працягвае жыць у вас, – дадаў біскуп. – Кожны дзень святар выходзіць да алтара, і на гэты алтар ён прыносіць не толькі хлеб і віно, але і сваю стомленасць, свае турботы, свае клопаты аб людзях, якіх Бог даверыў яму, свой боль за тых, хто аддаліўся ад Бога, сваю радасць за тых, хто знайшоў веру”.

Гадавы перыяд, які праходзіць з часу смерці, біскуп назваў асаблівым. “Год таму тут гучала цішыня, словы смутку, боль разлукі, – сказаў ён, – а сёння гучыць малітва надзеі. Мы тут, бо любоў мацнейшая за смерць. Мы тут, бо памяць пра святароў – частка нашай духоўнай спадчыны”. Па словах біскупа, год пасля смерці ксяндза Андрэя быў магчымасцю “асабліва ўбачыць, што святар – гэта Божы дар, дар, які мы пачынаем разумець больш поўна менавіта ў хвіліны адсутнасці”. Таму, заахвочваючы маліцца за спачылага, іерарх звярнуў увагу таксама на тое, наколькі дарагім і патрэбным з’яўляецца святар у жыцці супольнасці, наколькі важна “падтрымліваць святароў, ахоўваць ад зняверанасці, дапамагаць ім ісці шляхам святасці”.
“Смерць святара – заўсёды асаблівая падзея для дыяцэзіі. Гэта не проста страта чалавека. Гэта страта слугі алтара, – патлумачыў біскуп. – Таму, калі святар сыходзіць, мы гаворым не пра яго заслугі, а пра Божую ласку, якая праявілася праз яго служэнне. Мы сёння не ўзвялічваем чалавека. Мы ўзвялічваем Бога, які паклікаў яго, вёў яго (…) Мы молімся, каб Бог, які бачыць усё, узважыў не чалавечыя меркаванні, а яго сэрца, яго жаданне рабіць дабро”.
Біскуп выказаў думку, што, “можа, менавіта з гэтай парафіі Бог хоча паклікаць новых пастыраў, каб працягнуць тое, што пачалі іх папярэднікі”, і пажадаў, каб сведчанне веры парафіян і прыклад ксяндза Андрэя сталі “зернем, якое дасць плён”.
Пробашч парафіі кс. Юрый Кузьміч у канцы літургіі падзякаваў удзельнікам за памяць пра спачылага, а асабліва за дар малітвы ў яго інтэнцыі. Затым прысутныя памаліліся на месцы пахавання ксяндза Андрэя.
Ксёндз Андрэй Горбач нарадзіўся 23 кастрычніка 1974 г., паходзіць з парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі. У 1992 г. паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, 12 снежня 1998 г. у гродзенскай катэдры прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.
Быў вікарыем лідскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, з 1999 г. – гродзенскай катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя, з 2000 г. – адміністратарам парафіі св. Арханёла Міхала ў Няцечы (Лідскі дэканат), з 2003 г. – адміністратарам, а затым пробашчам парафіі Маці Божай Ружанцовай у Радуні.
З 2011 г. да смерці быў пробашчам парафіі ў Астраўцы. Адышоў у вечнасць 1 лістапада 2024 г., пахаваны ля астравецкага касцёла.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
