17 кастрычніка ў гродзенскай катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя адбылася Імша падзякі за служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі яе генеральнага вікарыя Юзафа Станеўскага, прызначанага арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім.
Эўхарыстыю ўзначаліў арцыбіскуп намінат, які пакідае Гродзеншчыну пасля больш чым 25 гадоў служэння тут: спачатку як святар, а затым як біскуп. Цяпер яго новым месцам служэння будзе Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, дзе ў суботу 23 кастрычніка адбудзецца яго ўрачысты інгрэс у мінскую архікатэдру.
У Імшы ўдзельнічаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які ўдзяляў іерарху спачатку дыяканскае, потым прэзбітэрскае, а пасля біскупскае пасвячэнне. Прыбылі шматлікія жыхары горада над Нёманам, каб падтрымаць малітвамі іерарха на парозе яго новага адказнага служэння ў Касцёле на Беларусі. Падчас Эўхарыстыі дзякавалі таксама за яго служэнне ў Касцёле на Гродзеншчыне.
Заканчваючы служэнне ў роднай дыяцэзіі, арцыбіскуп намінат найперш выказаў удзячнасць Богу за ўсялякае дабро, якое атрымаў. Словы ўдзячнасці ён адрасаваў Папу Францішку за давер да яго, усім, хто прычыніўся да яго духоўнага развіцця і ўзрастання ў веры: бацькам – за дар жыцця і веры, родным і суседзям – за спадарожнічанне.
Іерарх падзякаваў дыяцэзіяльнай супольнасці на чале з яе пастырам біскупам Кашкевічам, святарам і айцам законным, кансэкраваным асобам – жывым за супольнае крочанне, а памерлым за прыклад вернага трывання ля алтара Пана.
Таксама ён звярнуўся да вернікаў, асабліва моладзі, якая была такой блізкай яму, з просьбай не баяцца жыць з Богам у сэрцы, актыўна ўдзельнічаць у жыцці Касцёла і сваёй прысутнасцю паказваць, што вера жывая.
Дзякуючы за супольны шлях да неба, іерарх прасіў аб малітве за ўсіх, да каго пасылае ягo Хрыстус Пан, каб згодна са сваім пастырскім дэвізам ён мог з верай абвяшчаць радасць Евангелля, што Хрыстус жыве.
На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў арцыбіскупу намінату за апошнія гады, калі той быў яго найбліжэйшым супрацоўнікам у дыяцэзіі. Біскуп запэўніў, што Касцёл на Гродзеншчыне будзе і далей падтрымліваць малітвамі свайго земляка, які з гэтых людзей быў выбраны і да людзей пасланы.
Біскуп пажадаў яму, каб пры сустрэчы з новымі задачамі ў Касцёле Дух Святы ўдзяляў іерарху свае дары і натхняў у прыняцці добрых рашэнняў.
Да арцыбіскупа наміната звярнуліся таксама прадстаўнікі навучэнцаў тэалагічнага каледжа імя св. каралевіча Казіміра ў Гродне. Ад імя адміністрацыі, выпускнікоў і ўсіх сённяшніх навучэнцаў каледжа яны дзякавалі іерарху за прысутнасць на важных мерапрыемствах у іх навучальнай установе і за кожнае слова, скіраванае да іх падчас розных сустрэч.
Удзячнасць і запэўніванне ў далейшым спадарожнічанні ў малітве выказалі прадстаўнікі апостальскага руху “Маргарытка” катэдральнай парафіі Гродна.
На гэтай Імшы, якая пачалася спевам гімну да Духа Святога, у Гродзенскай дыяцэзіі быў распачаты дыяцэзіяльны этап XVI Агульнага пасяджэння Сіноду Біскупаў на тэму “На карысць сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія”.
Дыяцэзіяльны этап Сіноду працягнецца да сакавіка наступнага года. У гэты час сінадальныя групы, пакліканыя Касцёлам, будуць разважаць над падрыхтаванымі раней тэмамі і пастаўленымі пытаннямі. Сабраныя меркаванні будуць аб’яднаны ў адпаведны дакумент і перададзены адказным за Сінод на агульнабеларускім узроўні.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Вольга Сяліцкая