3 снежня ў катэдры ў Гродне адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар галоўнага апекуна гэтага касцёла – св. Францішка Ксаверыя.
Адпустовую Імшу ў катэдральнай святыні, маці ўсіх касцёлаў Гродзенскай дыяцэзіі, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
На малітве сабраліся святары, а таксама жыхары Гродна, каб праз заступніцтва апекуна катэдры прадставіць свае інтэнцыі Пану Богу.
У гаміліі біскуп падкрэсліў, што святога Францішка да сённяшняга дня часта называюць другім пасля апостала Паўла вестуном Евангелля, і ў гэтым шмат праўды, бо лічыцца, што гэты вялікі місіянер ахрысціў каля 20 тысяч чалавек.
“Незвычайна глыбокая вера святога Францішка Ксаверыя, яго руплівасць, працавітасць, вялікая адвага і ахвярнасць з’яўляюцца пазачасавым, заўсёды актуальным узорам для наследавання не толькі для місіянераў, але і для ўсіх хрысціян”, – дадаў іерарх.
Біскуп падкрэсліў, што кожны ахрышчаны чалавек як вызнаўца Езуса Хрыста пакліканы даваць сведчанне веры і дзяліцца ёю з тымі, да каго пасылае яго Бог.
Па словах пастыра Касцёла на Гродзеншчыне, Пан аказаў святому Францішку Ксаверыю вялікую ласку, даў яму спазнаць сваю бясконцую боскую любоў, дазволіў адкрыць, які вялікі скарб дар збаўлення, які Хрыстус дае кожнаму чалавеку.
“Жыццё святога місіянера было адказам на дар Божай любові. Гэтую любоў Францішак Ксаверый не мог захаваць для сябе, а хацеў, каб яе адкрыў і спазнаў увесь свет. Няхай гэтае жаданне адкрываць Божую любоў і дзяліцца ёю з бліжнімі ажыўляе кожнага і кожную з нас”, – сказаў іерарх.
На Эўхарыстыі біскуп Кашкевіч маліўся да Добрага Бога з просьбай аб тым, каб святы Францішак Ксаверый выпрасіў для ўсіх вернікаў дыяцэзіі ласку быць сведкамі любові Пана ў сваіх сем’ях, у месцах вучобы і працы, у супольнасці Касцёла і грамадстве.
На заканчэнне Імшы пробашч парафіі кс. канонік Ян Кучынскі падзякаваў усім за дар супольнай малітвы і ўдзел у сёлетняй адпустовай урачыстасці.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Андрэй Юхнік