20-21 жніўня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбыліся чарговыя Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі пад дэвізам “Марыя паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды” (пар. Лк 1, 39). У іх межах заключную Імшу ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
На пачатку Эўхарыстыі іерарх падкрэсліў радасць сустрэчы з моладдзю, якая, па словах св. Яна Паўла ІІ, з’яўляецца надзеяй свету і Касцёла. Арцыбіскуп дадаў, што, каб быць такой, яна павінна будаваць сваю будучыню на евангельскіх каштоўнасцях, па прыкладу Марыі згаджацца з Божай воляй і несці іншым Добрую вестку Евангелля.
У гаміліі, зыходзячы з евангельскага аповеду аб наведванні Марыяй Альжбеты, арцыбіскуп засяродзіў увагу на Марыі як слузе Бога і бліжняга. Згадзіўшыся з Божай прапановай быць Маці Збаўцы, Марыя паспяшыла ў дом Альжбеты, каб дапамагчы ёй. Гэта была сустрэча не толькі дзвюх благаслаўлёных жанчын, але таксама яшчэ не народжаных Езуса і Яго папярэдніка св. Яна Хрысціцеля, выбаўленага ад першароднага граху.
Па словах арцыбіскупа, аповед пра звеставанне і адведзіны Марыяй Альжбеты ставіць перад сучасным чалавекам шмат пытанняў.
“Каму сёння давярае чалавек? Богу ці самому сабе, развіццю навукі, тэхналогіі, медыцыны, культуры, эканомікі, дыпламатыі, войску і гэтак далей? На вялікі жаль, яны становяцца яго ідаламі і ён сам усё часцей жыве так, як быццам Бога няма. Але Бог не памёр і не пайшоў на пенсію. Ён быў, ёсць і будзе. Дзейнічаў, дзейнічае і будзе дзейнічаць.
Таму, адмаўляючыся ад Бога, недапушчальна другі раз наступаць на тыя ж самыя граблі, як гэта было не раз у гісторыі чалавецтва. Недапушчальна адварочвацца ад Яго і звяртацца да злога духа, што праяўляецца ў непамерным імкненні да матэрыяльных каштоўнасцяў, улады, амаральных задавальненняў; разбурэнні створанага Богам інстытуту сям’і; злачынстве супраць Божага дару жыцця; непашане да годнасці чалавека як Божага стварэння”, – на гэта звярнуў увагу іерарх.
Езус кажа, як нагадаў арцыбіскуп, што прыйшоў кінуць агонь на зямлю і даць зямлі не супакой, а раздзяленне. Гаворка ідзе пра агонь веры, які загарэўся ў душы падчас хросту і ўмацаваўся падчас канфірмацыі, патлумачыў іерарх.
Ён адзначыў, што шмат людзей не ведае Хрыста або забыліся пра Яго, і задача моладзі – несці Хрыста ў секулярны свет. Іерарх заклікаў “не быць маладымі пенсіянерамі”, “не зацыклівацца толькі на чатах паміж сабой”, несці Евангелле сваім аднагодкам і ўсяму свету, выкарыстоўваючы медыйны патэнцыял.
“Езус уносіць падзел у свет, бо абвяшчае заўсёды актуальнае і дзейснае Божае слова. Прычына падзелу ў тым, што адны яго слухаюць, а іншыя – не. Хрысціянства не будзе здаровым, пакуль у ім не будзе месца для прароцкага супрацьстаяння злоўжыванням у нашым жыцці, – адзначыў арцыбіскуп. – Наш абавязак па прыкладзе Хрыста – прамаўляць і дзейнічаць з прароцкай адвагай, нават калі гэта вядзе да падзелу. На самой справе падзел з’яўляецца благаслаўленнем, бо схіляе да рахунку сумлення з мэтай пераходу нашага жыцця на рэйкі Евангелля”.
Прыкладам іерарх назваў Марыю, дадаўшы, што праз наведванне Ёю Альжбеты рэалізуецца Яе пакліканне ісці новай дарогай, па якой вядзе Бог. Усё ў Яе жыцці “з’яўляецца такой паспешнасцю, якая вынікае з усведамлення, што Бог на першым месцы”.
У канцы гаміліі арцыбіскуп запрасіў да алтара маладых людзей рознага ўзросту і прапанаваў ім памяняцца абуткам і прайсціся. Гэта было складанае выпрабаванне, не ўсе маглі ісці ў чужым абутку, які не падыходзіў па памерах.
Зыходзячы з гэтага, іерарх заклікаў моладзь не паддавацца прапановам шчасця без Бога, “не змяняць абутку сваёй хрысціянскай веры”, заставацца вернымі ёй, каб быць апосталамі нашага часу, прыкладам свайго жыцця падтрымліваць агонь веры ў грамадстве, не баяцца, што свет не прымае праўды Евангелля, “бо толькі яна робіць свабоднымі і здольнымі будаваць новую шчаслівую рэчаіснасць”.
Кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі на заканчэнне падзякаваў усім арганізатарам гэтай сустрэчы на чале з душпастырам моладзі Гродзенскай дыяцэзіі кс. Антоніем Грэмзам.
Кусташ выказаў радасць ад таго, што Дні моладзі праходзяць ля ног Каралевы сем’яў у Тракелях, а таксама заахвоціў наведваць гэтае асаблівае месца на працягу года.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі