31 студзеня ў Іўеўскім цэнтры культуры і вольнага часу адбыўся XVIII фестываль калядных песень і пастаралак “Gloria in Excelsis Deo”.
Сёлета з-за пандэміі каранавірусу не было вялікай колькасці ўдзельнікаў і гледачоў. Удзел у фестывалі прынялі ансамблі і салісты з Іўя, Трабаў і Лаздун.
На мерапрыемстве прысутнічалі консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Анджэй Рачкоўскі і намеснік старшыні Іўеўскага райвыканкама Лідзія Носуль.
Прысутных прывітаў арганізатар фестывалю ксёндз Ян Гавецкі.
“Мы з вамі знаходзімся ў тым месцы, дзе ужо сямнаццаць разоў мы збіраліся ў вялікай колькасці, і я рады і ўдзячны раённым уладам, дому культуры, а найперш Пану Богу за магчымасць сабрацца і спяваць на хвалу нованароджанаму Езусу”, – сказаў святар.
Затым да прысутных звярнуліся Анджэй Рачкоўскі і Лідзія Носуль, якая выказала надзею, што ў наступны раз фестываль зноў збярэ вялікую колькасць удзельнікаў.
Распачаўся фестываль нумарам танцавальнага калектыву “Хорошенькие”, затым выступіў ансамбль “Надзея” – лаўрэат гран-пры фестывалю 2020 года. Самым кранальным было выступленне Анастасіі Гуранковай. Дзяўчынка не бачыць, але грае на музыкальных інструментах і ўжо не першы год становіцца ўдзельніцай не толькі фестывалю, але і дэканальнай пілігрымкі ў Тракелі.
Наймалодшым удзельнікам стаў саліст Мацвей Гушча. Па традыцыі выступіў і ксёндз Ян, які пад акампанемент арганіста іўеўскай парафіі Антона Шукава выканаў песню “Не мелі месца”.
На заканчэнне кожны ўдзельнік атрымаў падарункі. Пры развітанні ксёндз Ян падкрэсліў, што за гэтыя гады фестываль стаў школай для многіх людзей і паказаў свету таленты не аднаго пакалення дзяцей і моладзі.
Фестываль завяршыўся песняй у выкананні ўсіх удзельнікаў і пад моцныя апладысменты гледачоў.
Арганізатар выказвае вялікую ўдзячнасць Іўеўскаму раённаму выканаўчаму камітэту, Іўеўскаму цэнтру культуры і вольнага часу, Консульству Рэспублікі Польшча ў Гродне, дабрачыннай арганізацыі “Malteser”, калектыву Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў, тэлекампаніі “Ивье ТВ”, газеце “Іўеўскі край”, кіраўнікам творчых калектываў, тым, хто рупліва працаваў, каб падрыхтаваць падарункі для дзяцей, і ўсім, хто далучыўся да арганізацыі фестывалю.
Тэлеверсію фестывалю ў хуткім часе можна будзе пабачыць на тэлеканале “Ивье ТВ”.
Раман Ярмош
Фота: Баляслаў Гавецкі