14 жніўня пілігрымы на роварах з розных куткоў Гродзенскай дыяцэзіі сустрэліся ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат).
У гэты дзень прыбылі арганізаваныя групы з Ліды, Воранава, Іўя, а таксама іншых месцаў.
У санктуарыі іх прывітаў кусташ кс. канонік Юрый Бяганскі, які ўзначаліў для іх Імшу, ахапіўшы малітвамі ўсіх, хто прыбывае ў гэтае святое месца.
Акрамя Эўхарыстыі, для ўдзельнікаў сустрэчы была падрыхтавана багатая праграма. Між іншым адбыўся конкурс “Лепшы велапілігрым 2022”, a таксама быў прадугледжаны адпачынак у Марыйным садзе.
У санктуарыі пілігрымы мелі магчымасць даручыць усе свае інтэнцыі Маці Божай.
Як адзначыў кусташ, звяртаючыся да прысутных, велапілігрымка – гэта не спартыўнае мерапрыемства ці тэст на трываласць, а своеасаблівая форма сустрэчы з самім сабой, іншым чалавекам і Богам. Таму ён пажадаў усім, каб у гэтым месцы кожны сапраўды мог сустрэць Пана і запрасіць Яго ў сваё жыццё.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі