21 лістапада, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, у мікрараёне Баранавічы ў Гродне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў зямлю пад будаўніцтва новага касцёла і крыж. Каталіцкая святыня будзе пабудавана па вул. Ваўжэцкага.
На ўрачыстасці сабраліся шматлікія парафіяне, вялікае жаданне якіх – мець уласную святыню, і госці, сярод якіх былі святары, сёстры законныя, прадстаўнікі праваслаўнага прыходу Аўгустоўскай іконы Божай Маці, святыня якога знаходзіцца побач, на чале са сваім настаяцелем іерэем Цімафеем Ноздрыным.
Гістарычная хвіліна
На месцы, дзе будзе ўзведзены касцёл благаслаўлёнай Мар’яны, адбылася першая святая Імша ў намёце, якую ўзначаліў біскуп Кашкевіч.
Вітаючы іерарха, прадстаўнікі парафіі падкрэслілі, што для іх гэта гістарычная хвіліна, а гэты дзень упішацца ў гісторыю маладой парафіі, весці якую было даручана благаслаўлёнай Мар’яне – смелай жанчыне, мужнай хрысціянцы і гераічнай мучаніцы.
Просячы біскупа асвяціць крыж, вернікі адзначылі: “Ён будзе нагадваць нам, што з яго сыходзіць на нас, нашы дамы і сем’і, на наш горад і ўвесь свет усялякае благаслаўленне ад Бога”.
Просячы асвяціць зямлю, парафіяне сказалі: “Верым, што тут будзе пабудаваны для Езуса дом, з жаданнем, каб Ён тут затрымаўся. Хочам, каб Ён сюды ўвайшоў і тут застаўся, каб адчуваў тут сябе як дома і благаславіў нашы працы і цяжкасці”.
Даручэнне сябе Езусу
У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч засяродзіў увагу на ўрачыстасці, якая адзначалася ў гэты дзень у Паўсюдным Касцёле і завяршае літургічны год.
“Ва ўрачыстасць Хрыста Валадара просім, каб Ён быў у нашым жыцці заўсёды на першым месцы. Няхай Яго слова і ласка робяць нас здольнымі пастаянна перамяняць жыццё, пастаянна навяртацца, пераадольваць нашы слабасці, эгаізм, абыякавасць да бліжніх. Няхай Божая любоў, праўда, справядлівасць і мір пануюць у нашых сэрцах, у сем’ях, месцах вучобы і працы”, – сказаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў усіх прысутных даручыць Хрысту Валадару таксама справу будаўніцтва святыні, якая ўжо хутка будзе ўзводзіцца.
“Ужо сёння хачу падзякаваць кожнаму з вас, дарагія браты і сёстры, за ваш удзел у гэтай Божай справе. Дзякую за дар малітвы і за ахвяраванні, якія робіце, за клопаты і намаганні, звязаныя з падрыхтоўкай патрэбнай дакументацыі, за ласкавую падтрымку вашага пробашча добрым словам, парадай і канкрэтнай дапамогай”, – дадаў ён.
Біскуп пажадаў, каб Хрыстус Валадар спадарожнічаў кожнаму ў жыцці асабістым і сямейным, падтрымліваў у працы ўзвядзення Божай святыні i нястомна аднаўляў сэрцы сваёй бясконцай боскай любоўю.
Першыя падарункі
Удзельнікі Эўхарыстыі маліліся з вялікай верай не толькі за сваю парафіяльную супольнасць на пачатку яе шляху і за сваіх прысутных і будучых ахвярадаўцаў, але таксама ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце, асабліва за краіны, закранутыя крызісам, збройнымі канфліктамі і закрытыя на дыялог, каб любоў, прабачэнне і мір перамаглі нязгоду, гнеў і нянавісць.
На заканчэнне Імшы да прысутных звярнуўся кс. Антоні Абухоўскі, дэкан Сапоцкінскага дэканату, да якога належыць гэтая парафіяльная супольнасць. Святар выказаў радасць ад таго, што ў іх дэканаце ўзнікла новая парафія, і запэўніў, што па меры сваіх магчымасцяў яны будуць падтрымліваць яе.
Яскравым доказам былі першыя падарункі, перададзеныя ў гэты дзень пробашчу парафіі кс. Юрыю Марціновічу.
Парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата ў Сапоцкіне перадала ў дар цыборый для захоўвання Найсвяцейшага Сакрамэнту. Ксёндз прэлат Вітольд Лазавіцкі перадаў ад парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі прыгожы драўляны крыж, які, безумоўна, вельмі спатрэбіцца.
На заканчэнне ўрачыстасці пробашч парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто прычыніўся да перадачы тэрыторыі, дзе будзе пабудавана святыня, хто дапамагаў вырашаць розныя фармальнасці, арганізаваць гэтую ўрачыстасць і ўдзельнічаў у ёй.
Запрашэнне да будаўніцтва
Звяртаючыся да сваіх парафіян, кс. Юрый Марціновіч падкрэсліў, што з гэтага дня, які з’яўляецца чарговым крокам у рэалізацыі жаданняў маладой жывой парафіі, кожны з іх становіцца будаўніком.
“З гэтай гістарычнай хвіліны мы будзем пастаянна будаваць. Будаваць не толькі гэты касцёл з цэглы, але і нашу парафіяльную супольнасць. Будзем будаваць яе разам з моцнай верай, у духу пакаяння, здзяйсняючы духоўную барацьбу, праз выхаванне цнотаў і добрыя справы, мілыя Богу”, – дадаў святар.
Ён выказаў надзею, што парафіяльная супольнасць і далей будзе ўтвараць гэтае месца, у якім будзе здзяйсняцца збаўленне Езуса Хрыста, у адкрытасці сэрца, узаемнай ахвярнасці і дабрыні.
“Няхай кожная пакладзеная тут цаглінка і кожны ўбіты цвік будуць нашым выразам любові да Бога і падзякай, што нам дадзена магчымасць будаўніцтва Божага дома”, – сказаў пробашч.
Святар выказаў перакананне, што ў гэтым будаўніцтве будзе дапамагаць і спадарожнічаць апякунка парафіі благаслаўлёная Мар’яна, якая была здольная будаваць адносіны з Богам і іншым чалавекам, найперш з тым, з якім жыла пад адным дахам.
“Няхай яна нам пастаянна нагадвае зноў, што кожны з нас з’яўляецца цаглінкай, без якой не будзе цэласцi!” – падсумаваў пробашч.
Урачыстасць завяршылася словамі наймалодшых парафіян. Дзеці з вялікім нецярпеннем ужо чакаюць узнікнення сваёй святыні, якая будзе месцам сустрэчы не толькі з Богам, а і з іншым чалавекам.
Парафія благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай у Гродне была заснавана дэкрэтам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ў 2019 г.
Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі парафii было падпісана ва ўрачыстасць Усіх Святых 1 лістапада 2019 г. намеснікам старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктарам Лісковічам.
У склад парафіі ўваходзяць вуліцы гродзенскіх мікрараёнаў Ласосна і Баранавічы, а таксама вёскі Тарусічы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Аляксандр Сяргеюк