13 лістапада выпускнік Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне Уладзіслаў Малышка прыняў сакрамэнт пасвячэння ў ступені дыяканату.
Пасвячэнне ўдзяліў у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
На Імшы сабраліся шматлікія вернікі і святары. Прыбылі вернікі парафій св. Вацлава ў Ваўкавыску, адкуль паходзіць новы дыякан, і Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, дзе ён зараз служыць. Таксама ў літургіі ўдзельнічалі студэнты семінарыі ў Гродне.
Кандыдат да пасвячэння быў прадстаўлены біскупу рэктарам семінарыі кс. Віталіем Вайцяхоўскім.
У гаміліі біскуп нагадаў пра абавязкі, якія вынікаюць з прынятага пасвячэння. Іерарх адзначыў, што дыякан, умацаваны дарам Духа Святога, будзе дапамагаць прэзбітэрам у служэнні слова, алтара і любові, будучы слугой усіх, а як слуга алтара будзе абвяшчаць Евангелле, рыхтаваць Эўхарыстычную Ахвяру і ўдзяляць вернікам Цела і Кроў Пана.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў кандыдата да пасвячэння, каб, выконваючы Божую волю, ён у духу любові з радасцю служыў Пану і людзям.
На заканчэнне Імшы дыякан падзякаваў усім, хто прычыніўся да яго фармацыі і ўдзельнічаў у падрыхтоўцы гэтай урачыстасці.
У заключным слове біскуп Аляксандр Кашкевіч яшчэ раз нагадаў дыякану, што той будзе служыць у Касцёле, які заўсёды быў пакліканы да служэння і любові. “Служыць – гэта аддаць сябе братам і сёстрам у Хрысце з Яго чуласцю, адданасцю і Яго любоўю. Аддай Езусу свае рукі і сэрца і з вялікай адвагай і моцай абвяшчай Яго Евангелле іншым”, – сказаў іерарх.
Пастыр дыяцэзіі заклікаў дыякана быць верным ва ўсіх справах, якія ён будзе выконваць, трываць у малітве, а падчас Літургіі гадзін давяраць Богу ўсе справы Касцёла і людзей, якім ён будзе ахвярна служыць.
Іерарх выказаў удзячнасць бацькам дыякана найперш за дар веры, які яны перадалі свайму сыну, за штодзённае сведчанне любові да Бога і вернасці Касцёлу.
Біскуп звярнуўся з просьбай да прысутных у святыні і тых, хто далучыўся да Імшы з дапамогай сродкаў масавай камунікацыі, агарнуць малітвамі ўсіх семінарыстаў, якія рыхтуюцца да святарства ў семінарыі ў Гродне, і прасіць Пана, каб пасылаў новых работнікаў на сваё жніво.
“Даверым новага дыякана і яго служэнне Маці Божай Міласэрнасці. Няхай ахінае яго заўсёды плашчом сваёй апекі”, – падсумаваў іерарх, пасля чаго ўдзяліў усім пастырскае благаслаўленне.
Дыякан Уладзіслаў Малышка нарадзіўся 1 жніўня 1998 г. у Гродне, паходзіць з парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Аляксей Ціхан