9 студзеня, адразу пасля заканчэння калядных канікул, навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне сабраліся на чарговы дзень засяроджання. Святы час семінарысты правялі ў малітве і ціхім роздуме.
Іх суправаджаў на гэтым шляху вікарый гродзенскай катэдры ксёндз Алег Канановіч. На аснове нядаўняга ліста Папы Францішка “Patris corde” святар разважаў пра асобу святога Юзафа.
“Часта святы Юзаф прадстаўляецца як ідэал для бацькі – галавы сям'і. І рэдка ён становіцца прыкладам для цяперашніх і будучых святароў. Але менавіта ад Апекуна Святой Сям'і мы можам навучыцца ягонаму ўменню ставіць сябе на другі план, любіць чыстай любоўю. Святы Юзаф вучыць нас пастаянна ўглядацца ў Езуса, пытаючы самога сябе, ці годны я дакранацца да Яго”, – падкрэсліў ксёндз Алег Канановіч.
У праграму дня засяроджання, прысвечанага асобе святога Юзафа, увайшлі супольны Брэвіярый, Ружанец і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Заканчэннем духоўных практыкаванняў стала ўрачыстая святая Імша ў семінарыйнай капліцы.
Арцём Кір'янаў
Фота: Павел Леановіч