21 лютага Яго Эксцэленцыя ганаровы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў паслугі акалітату навучэнцам 4-га курса, а 5-курснік ВДС стаў кандыдатам да праняцця дыяканату.
Акалітамі сталі клерыкі 5 курса Яўген Абрамаў і Віталь Гурэц, а таксама 4-курснікі Арцём Кір'янаў, Павел Пагасай і Аляксандр Шыманскі. Кандыдатам жа да святарства быў прызнаны сёння навучэнец 5 курса Андрэй Юхнік.
"З гэтага моманту акаліты будуць непасрэдна ўдзельнічаць у здзяйсненні Эўхарыстыі, дапамагаючы святару. Прычым не толькі дакранацца да Найсвяцейшага Цела Езуса Хрыста, але і несці яго далей - вернікам і патрабуючым хворым. Устанаўленне ж у кандыдаты - гэта выраз таго даверу, які Касцёл выказвае таму, хто мае намер у будучыні служыць Богу і людзям", - адзначыў падчас гаміліі арцыбіскуп.
Прыняццю паслуг папярэднічалі трохдзённыя велікапосныя рэкалекцыі, якія завершыліся напярэдадні семінарыйнай урачыстасці. Гэтыя дні паспрыялі падрыхтоўцы клерыкаў да чарговага адказнага кроку на шляху да святарства.
Тэкст: Арцём Кір'янаў
Фота: Павел Леановіч