У межах адпустовых урачыстасцяў у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася начная Імша пастэрка, якую ўзначаліў упершыню ў якасці Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Літургія традыцыйна пачалася працэсіяй са свечкамі па Тракелях, у якой неслі копію абраза Маці Божай, пры ўдзеле аркестру, які спяваў песні ў гонар Панны Марыі.
На Імшы сабралося шмат вернікаў з нашай краіны і з-за мяжы, якія прыбылі пакланіцца Маці Божай і прадставіць Ёй свае просьбы.
У літургіі таксама ўдзельнічалі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня беларускага епіскапату біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі i Аляксандр Яшэўскі SDB. Біскуп Яшэўскі раней выступіў з канферэнцыяй „Будучыня сям’і ў руках Марыі”.
Вітаючы прысутных, біскуп Аляксандр Кашкевіч падкрэсліў, што ў тракельскім санктуарыі кожны пілігрым адчувае сябе бяспечна, бо агорнуты мацярынскім плашчом Марыі.
„У гэтым месцы мы адчуваем вялікі спакой сэрца, а наш шматлікі малітоўны сход дазваляе нам спазнаць незвычайнае адзінства”, – дадаў іерарх.
Па словах біскупа, сёлетнія ўрачыстасці ў гэтым месцы – нагода для Гродзенскай дыяцэзіі маліцца аб міры для ўсяго свету, найперш для тых краін і народаў, якія перажываюць цярпенні, асабліва аб тым, каб жаданы мір запанаваў у спакутаванай айчыне нашых украінскіх братоў і сясцёр.
„Мы, хрысціяне, прыглядаючыся да таго, што адбываецца ў свеце, не можам быць абыякавымі. Нашай прыладай у стараннях дзеля міру павінна быць малітва, яна нас усіх яднае. Гэта наша сіла”, – сказаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў усіх шматлікіх прысутных пілігрымаў даручыць Найсвяцейшай Маці свае сем’і і ўсе сем’і нашай краiны. „Няхай Марыя просіць для кожнай сям’і ласку сапраўднай любові, ахвярнасці, узаемнага служэння, разумення, міру і паяднання”, – пажадаў біскуп, выказаўшы надзею, што Маці Божая са сваім дарам любові, супакою і еднасці будзе валадарыць у кожным хрысціянскім доме, сям’і, кожным чалавечым сэрцы.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі казаў пра тое, што „быць сабой і пазнаць сябе дапамагае малітва: шчырая і дабравольная, асабістая”. „Езус абяцаў, што там, дзе двое ці трое сабраліся ў Яго імя, там Ён ёсць сярод іх. Нас сёння сабралося вельмі шмат, таму Езус напэўна прабывае тут з намі”, – дадаў іерарх.
Ён адзначыў, што кожны чалавек у глыбіні душы моцна прагне спакою. „Божы дар спакою прыходзіць да нас найперш праз нашы сэрцы. Менавіта сэрца акрэслівае стаўленне чалавека да Бога і да іншых людзей, – звярнуў увагу арцыбіскуп. – Няма спакою для заблукалага сэрца, калі не адбудзецца яго перамена, або навяртанне да Бога. Калі не будзе сапраўднай перамены сэрца, унутраны спакой заўсёды будзе кароткачасовым”.
Іерарх падкрэсліў, што прыкладам сапраўднага спакою быў унутраны спакой Дзевы Марыі, якая „разважала ў маўчанні пра тое, што адбываецца, захоўвала гэта ў сваёй памяці і ў сваім сэрцы, думаючы пра гэта спакойна ў глыбіні душы”, і „менавіта такі спакой, на думку Папы Бэнэдыкта XVI, варта захоўваць сярод бурлівых і незразумелых здарэнняў гісторыі, сэнсу якіх мы часта не разумеем або разумеем памылкова”.
„У той жа час святы Ян Павел ІІ быў перакананы, што паколькі людская справядлівасць заўсёды слабая і недасканалая, то трэба практыкаваць гэтую справядлівасць у духу прабачэння і ў пэўным сэнсе дапаўняць прабачэннем, якое загойвае раны і аднаўляе адносіны паміж людзьмі”, – заўважыў арцыбіскуп.
Ён пажадаў, каб у гэтым санктуарыі няспынна ўзносіліся малітвы аб супакоі, справядлівасці і прабачэнні, каб Маці Божая выпрасіла ў свайго Сына Езуса „сапраўдны спакой для нашых сэрцаў, нашых сем’яў, грамадстваў, народаў і для ўсяго свету” і каб „перад тронам Маці Тракельскай адкрываліся людскія сэрцы і іх магла напоўніць ажыўляльная моц Бога”.
Удзельнікі Імшы маліліся асаблівым чынам за ўсе сем’і, каб у кожным доме мог валадарыць Езус Хрыстус, a хрысціянскія каштоўнасці перадаваліся наступным пакаленням.
Маліліся асабліва за нешчаслівыя сем’і, тыя, якія перажываюць крызісы і якім пагражае разбіццё, просячы Марыю ўнесці ў іх штодзённасць дар ласкі, які пераменіць, асвяціць і аздаравіць сямейнае жыццё.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Вольга Сяліцкая