У апошнія дні лета, з 26 па 28 жніўня, катэхеты, a таксама навучэнцы і выпускнікі дыяцэзіяльнага Тэалагічнага каледжа імя св. каралевіча Казіміра сабраліся ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат), каб удзельнічаць у рэкалекцыях і духоўна падрыхтавацца да новага катэхетычнага года.
Арганізатарам рэкалекцый быў Аддзел каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі на чале з яго дырэктарам а. Анджэем Шчупалам CSsR, правёў іх кс. Павел Раманоўскі, адміністратар парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Граўжышках (Ашмянскі дэканат).
Духоўныя практыкаванні былі прысвечаны тэме “А плён духа – гэта любоў” (Гал 5, 22).
Як адзначалася на рэкалекцыях, любоў – сутнасць хрысціянскага веравучэння, плён адносін са Святым Духам, Яго моц, якая ўваходзіць у нас і дае радасць, шчасце, прыгажосць, паўнату, адчуванне таго, што нас любяць бескарысліва, без нашых заслуг, раней, чым мы адкажам на гэту любоў.
Удзельнікам рэкалекцый нагадвалася, што Езус на крыжы праз свой подых аддаў людзям апошняе, што ў Яго засталося: паветра, якое было ў Ягоных лёгкіх, – сваё існаванне. Адзначалася, што прыняцце гэтага дару – скарб, які потым можна аддаць іншым, і што мы прымаем Святога Духа, каб быць здольнымі любіць.
“Служэнне рэлігійнаму навучанню ў Каталіцкім Касцёле патрабуе мужнасці, вернасці і пакоры. Богу не патрэбныя красамоўныя аратары – Богу патрэбныя сапраўдныя сведкі. Ён выкарыстоўвае для незвычайных рэчаў звычайных людзей, каб аб’яўляць моц Евангелля, якая перамяняе ўсё”, – сказаў у гаміліі на Імшы ў межах рэкалекцый кс. Павел Раманоўскі.
Святар дадаў, што катэхетам трэба маліцца за сваіх выхаванцаў, каб Бог адкрыў іх сэрцы для прыняцця ласкі веры, сведчыць пра Езуса з прастатой і даверам, каб з Яго дапамогаю дасягнуць сэрцаў вучняў. Таксама, па словах кс. Паўла, катэхету трэба памятаць, што вочы вучняў скіраваны на яго, што моладзі патрэбна не галаслоўнае павучанне, а добры прыклад, які будзе для яе ўзорам паводзінаў у штодзённым жыцці.
Кожны дзень рэкалекцый уключаў малітву, святую Імшу, разважанне над Божым словам, канферэнцыі.
Рэкалекцыі завяршыліся Эўхарыстыяй, на якой удзельнікі дзякавалі Богу за праведзены разам час і маліліся аб благаслаўленні і мужнасці, каб штодзённа несці святло Евангелля.
На заканчэнне кусташ тракельскага санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі выказаў вялікую ўдзячнасць катэхетам. “Дзякуючы вам Божае слова можа пачуць большая колькасць людзей, ваша служэнне вельмі патрэбнае людзям рознага ўзросту: ад найменшых дзетак, якія толькі пачынаюць пазнаваць Пана Бога і веру Касцёла, да тых людзей, якім толькі ў сталым узросце адкрылася праўда Хрыстовага Евангелля. Вы з’яўляецеся ў парафіях як быццам працягам рук і вуснаў Хрыста ў справе пашырэння Божага Валадарства сярод вернікаў”, – адзначыў кусташ.
Удзельнікі рэкалекцый з добрым настроем пакідалі гасцінныя Тракелі, каб на наступны год сустрэцца там зноў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі