7 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў распачаўся штогадовы Тракельскі фэст. Сёлета яго дэвіз – “Марыя, аб’яднай нашы сэрцы і сем’і”.
Першая святая Імша ў межах урачыстасцяў была прызначана для колаў Жывога Ружанца дыяцэзіі. Яе цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Іерарх нагадаў у гаміліі, што сёлетнія тракельскія ўрачыстасці адбываюцца ў 30-ю гадавіну зацверджання святым Янам Паўлам ІІ апекуноў Гродзенскай дыяцэзіі: Божай Маці Вастрабрамскай, святых Казіміра і Максімільяна Кольбэ. Таксама арцыбіскуп падкрэсліў духоўнае значэнне санктуарыяў як прыладаў у руках Бога, праз якія Ён адорвае людзей спецыяльнымі ласкамі. Такой прыладай іерарх назваў і тракельскі санктуарый.
Ён адзначыў, што члены колаў Жывога Ружанца, як і іншыя пілігрымы, сабраліся ў Тракелях, каб прасіць Марыю аб ласцы аб’яднання сэрцаў і сем’яў. “Сучасны свет расколаты, а сем’і разбітыя. У той жа час Хрыстус кажа, што разбітае валадарства будзе знішчана. Таму адзіныя лекі для аздараўлення сучаснага свету і нашых сем’яў, каб яны былі радасцю і надзеяй грамадства, – гэта адзінства”, – падкрэсліў арцыбіскуп.
Хрыстус вучыць, што без Яго нічога не зробім, а найкарацейшы шлях да Яго – Марыя, нагадаў іерарх. Ён дадаў, што неабходна выкарыстаць гэты шанс – найперш з дапамогай ружанцовай малітвы, у тым ліку малітвы Жывога Ружанца. Па словах арцыбіскупа, Ружанец яднае сэрцы і сем’і, стварае моцную сувязь паміж народамі і пакаленнямі.
Гамілію арцыбіскуп завяршыў малітвай: “Марыя, у складаны час, які мы і ўвесь свет перажываем, кіруй намі і выкарыстоўвай нас так, каб мы нанава ацанілі духоўнае дабро Ружанца, асабліва ў вырашэнні праблемы аб’яднання нашых сэрцаў і сем’яў, і гэтым самым наблізілася Твая перамога дабра над злом”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі