8 ліпеня ў межах урачыстасцяў у гонар Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Тракелях (Радунскі дэканат) адбылося аднаўленне сужэнскіх абяцанняў.
Яно ўжо стала традыцыяй адпустовых урачыстасцяў у тракельскім санктуарыі, а самі сужэнцы лічаць яго адным з найбольш кранальных і прыгожых момантаў гэтага фэсту.
Абяцанні любові і вернасці ў чарговы раз прынеслі сёлета на ўрачыстасцях больш за 130 сужэнскіх пар з розным стажам сямейнага жыцця.
Сужэнцаў, якія прыбылі на фэст з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі, благаславіў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Іерарх адрасаваў ім словы настаўлення, асабліва заахвоціўшы практыкаваць малітву ў сем’ях і разам з усімі іх членамі.
Біскуп падкрэсліў, што малітва ў сям’і дапаможа пераадолець усе канфлікты і падзелы і зноў глядзець у вочы адно аднаму з павагай і любоўю. Ён дадаў, што ў сям’і дзякуючы малітве будуць панаваць любоў і згода.
Пасля аднаўлення прысягі іерарх заахвоціў мужоў запрасіць сваіх жонак на танец – такім чынам сужэнцы маглі ўспомніць, як калісьці танцавалі першы раз. Потым біскуп і пары, якія сёлета адзначаюць юбілей сумеснага жыцця, выпусцілі ў неба над санктуарыем белых галубоў, якія сімвалізуюць любоў, вернасць, сужэнскую сумленнасць і знаходжанне разам да канца жыцця.
У канцы біскуп удзяліў прысутным пастырскае благаслаўленне, пажадаўшы кожнай сям’і міру.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі