Штогадовы фэст у гонар Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Тракелях (Радунскі дэканат) завяршыўся ўрачыстай Імшой з удзелам некалькіх тысяч вернікаў, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
У цэлебрацыі ўзялі ўдзел іерархі ўсіх дыяцэзій Касцёла ў нашай краіне: біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, старшыня беларускага каталіцкага епіскапату біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB. Акрамя таго, у Эўхарыстыі ўдзельнічалі некалькі прэзбітэраў і Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Усіх удзельнікаў прывітаў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што гэтае месца, якое выбраў Пан, стала “нашым духоўным санаторыем, дзе абуджаецца энтузіязм для добрых спраў і адвага, каб высакародна і годна жыць”. Біскуп дадаў, што ў Тракелі кожны прыходзіць такі, які ёсць, а адыходзіць такі, якім павінен быць – умацаваны ў добрым, здольны да бескарыслівай і трывалай любові.
Іерарх заахвоціў прысутных “даручыць сваё сёння і заўтра Той, якая ведае імя кожнага чалавека, яго твар і гісторыю, а таксама любіць кожнага мацярынскай любоўю”.
“Дзякуючы Марыі за Яе нястомную апеку над нашымі сем’ямі і нашай краінай, папросім, каб Яна і далей бараніла нас ад усяго, што нас разбівае і падзяляе, і ад спакусы жыць так, быццам Бога няма”, – сказаў біскуп Аляксандр.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі назваў Тракелі духоўнай школай Маці Божай, дадаўшы, што “ні пандэмія каранавірусу, ні іншыя ліхалецці не зменшылі Яе культу”. Ён адзначыў, што, як нашы продкі прыходзілі да Тракельскай Багародзіцы, “каб атрымаць суцяшэнне ў нягодах, адвагу для веры ў будучыню, моц для таго, каб быць сапраўднымі хрысціянамі”, так і сённяшнія вернікі прыходзяць з просьбай аб’яднаць сем’і, сэрцы людзей, зрабіць усіх адзінай сям’ёй Божых дзяцей.
Арцыбіскуп нагадаў словы Папы Францішка, што Хрыстус – новая маладосць свету, падкрэсліў, што “дзякуючы гэтай маладосці, з новым поглядам на чалавека, “стары кантынент” можа аднавіцца”.
Таксама іерарх нагадаў, што Маці Божая дае прыклад лагоднай веры ў збаўчую місію Хрыста, што Яна “была жанчынаю малітвы, таму змагла пераадолець усе жыццёвыя выпрабаванні”.
Па словах арцыбіскупа, маліцца азначае думаць пра Бога і чалавека з любоўю, а любоў вельмі патрэбная сённяшняму свету. “Калі мы з’яўляемся Касцёлам, які моліцца, паслядоўнымі хрысціянамі, тады можам спрыяць перамяненню свету – пачынаючы ад перамянення свайго сэрца і нашых сем’яў, – сказаў іерарх. – Мы робім унёсак у шчасце ўсіх людзей кожны раз, калі дзеля Езуса прабачаем, дзякуем, служым іншым; становімся побач з “малымі” гэтага свету”.
Кажучы пра пілігрымаванне ў Тракелі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі адзначыў, што важна “трымацца Таго, з Кім выйшлі ў гэты шлях, і не змяняць Яго на тое, што сустрэнеш на шляху, хоць яно бывае вельмі прывабным”.
Іерарх заклікаў вернікаў прасіць Панну Марыю дапамагаць ім любіць Бога больш за ўсё, служыць бліжнім, любіць праўду і сціпласць, вучыцца малітве ў цішыні, памятаць, што “хрысціянамі не нараджаюцца – хрысціянамі становяцца”, і таму імкнуцца пастаянна ўдасканальвацца ў веры і хрысціянскім жыцці.
Арцыбіскуп падкрэсліў, што “надышоў час нашага сведчання”, што “больш чым калі-небудзь Касцёл павінен быць жывым і дынамічным”, што “быць пілігрымам азначае ўзрастаць у веры, паглыбляць яе, прапаноўваць іншым, паказваючы прыгажосць Евангелля”. “Будзем дзейснымі і актыўнымі людзьмі, а не абыякавымі спажыўцамі”, – заахвоціў ён.
Іерарх нагадаў вернікам, што Касцёл – іх дом, што ў ім іх месца і што сумесна можна захаваць гэты дом, захаваць сваю гісторыю. Ён пажадаў, каб святкаванне тракельскіх урачыстасцяў умацавала ў іх удзельніках веру, надзею, любоў, дапамагло заставацца вернымі Богу.
У канцы Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч уручыў дыплом падзякі старшыні Воранаўскага райвыканкама Дзмітрыю Захарчуку за падтрымку і дапамогу, якая аказваецца тракельскаму санктуарыю ў рэалізацыі разнастайных праектаў, дзякуючы чаму гэтае месца становіцца ўсё больш прыгожым.
Старшыня райвыканкама са свайго боку павіншаваў прысутных са святам Маці Божай Тракельскай, адзначыўшы, што яно “сталася сапраўдным сімвалам непахіснасці веры і адданасці людзей традыцыям хрысціянства на Воранаўшчыне”.
Дзмітрый Захарчук дадаў, што тракельскі санктуарый – “месца, якое нясе незгасальную праўду дабра, міласэрнасці і любові, аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў, поглядаў і веравызнанняў, напаўняе сэрцы супакоем, еднасцю, гонарам і радасцю за наш край”.
Кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі выказаў падзяку ўсім удзельнікам фэсту, а таксама тым, хто садзейнічаў яго правядзенню на высокім узроўні.
Кусташ заахвоціў памятаць пра Тракелі, падкрэсліўшы, што кожнага чакае там найлепшая Маці, якая ўсё разумее і абдымае сэрцам усіх сваіх дзяцей.
Пасля Імшы святочны настрой прысутных падтрымала выступленне духавога аркестра Парэцкай дзіцячай музычнай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Валерыя Сака.
Калі ўрачыстасці скончыліся, удзельнікі не спяшаліся пакідаць гасцінныя Тракелі. Яны працяглы час гулялі па добраўпарадкаванай тэрыторыі ля касцёла, дзе можна было адпачыць, парадавацца хараству прыроды, зрабіць фотаздымкі на памяць пра фэст.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі