Першую святую Імшу ў межах сёлетніх адпустовых урачыстасцяў у санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У Эўхарыстыі асаблівы ўдзел прынялі члены малітоўнай групы апостальскага руху “Маргарытка”. Гэтыя асобы, якія штодзённа моляцца ў інтэнцыі святароў, прысвячаюць за іх цярпенні і ахвяры кожны дзень, прыбылі з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі.
У гаміліі біскуп засяродзіўся на таямніцы Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Іерарх падкрэсліў, што візіт Марыі да Яе сваячкі стаў нагодай да дзівоснай сустрэчы не толькі дзвюх маці, якія чакалі абяцанага Богам патомства, але і дваіх дзяцей, якія – хоць пакуль нябачна для чалавечага вока – ужо жылі пад іх сэрцам.
У сувязі з гэтым біскуп заахвоціў не баяцца распачынаць нават самае далёкае, самае цяжкае падарожжа, каб занесці Бога іншаму чалавеку.
Таму пастыр Касцёла на Гродзеншчыне прапанаваў вернікам задумацца над тым, якія нашы размовы i ці ўмеем, як Марыя і святая Альжбета, дзяліцца ў размове з бліжнімі досведам веры, распавядаць пра ласкі і дары, якія Бог нам удзяліў, пра выслуханыя малітвы, споўненыя мары і чаканні.
Біскуп заклікаў не баяцца размаўляць пра Пана Бога з нашымі самымі блізкімі, з членамі ўласнай сям’i, i заахвочваць да малітвы i рэлігійнага жыцця.
Іерарх звярнуўся таксама да членаў апостальства “Маргарытка”, якія духоўна падтрымліваюць святароў, каб яны самым лепшым, верным і руплівым чынам спаўнялі сваё пакліканне, і выказаў ім словы ўдзячнасці.
Як падкрэсліў біскуп, яго цешыць той факт, што з кожным годам павялічваецца колькасць асобаў, якія моляцца за святароў, і гэта азначае, што духоўная і малітоўная падтрымка, якую яны нясуць святарам, становіцца ўсё больш моцнай і трывалай.
“Няхай нашы малітвы – вашы за нас, святароў, і нашы, святарскія, за вас – сустрэнуцца перад тронам Бога і прынясуць плён яшчэ большага духоўнага дабра для нас усіх”, – дадаў іерарх.
На заканчэнне Эўхарыстыі мадэратар малітоўнай групы руху “Маргарытка” Гродзенскай дыяцэзіі кс. Ян Раманоўскі ад імя ўсяго духавенства Гродзенскай дыяцэзіі падзякаваў усім членам апостальскага руху за іх штодзённыя малітвы, якія кожны з іх звяртае да Бога ў інтэнцыі абранага святара.
Прадстаўнікі руху ў гэты дзень уручылі біскупу і прысутным святарам новыя “маргарыткі”, якія азначаюць, што з гэтага часу штодзённа будуць прамаўляцца малітвы за абраных святароў.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Дар’я Васілевіч