У межах адпустовых урачыстасцяў у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях уначы адбылася Імша пастэрка, якую ўзначаліў старшыня беларускага епіскапату біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Літургія традыцыйна пачалася працэсіяй, якая прайшла па Тракелях. Удзельнікі працэсіі неслі свечкі, копію абраза Маці Божай Тракельскай, спяваючы песні ў гонар Багародзіцы.
На Імшы сабралося шмат вернікаў з нашай краіны і з-за мяжы, у першую чаргу з блізкай ад Тракеляў Літвы, якія прыбылі пакланіцца Маці Божай і прадставіць Ёй свае просьбы.
У Эўхарыстыі таксама ўдзельнічалі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп архідыяцэзіі ў Маскве Мікалай Дубінін, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Біскуп Алег Буткевіч у гаміліі звярнуў увагу на тое, што часта вернікі думаюць: у іх штодзённым жыцці цудаў няшмат. Па словах іерарха, яны мяркуюць так таму, што “чалавек часта настроены на сенсацыю”, “яму здаецца, што простыя, штодзённыя, блізкія і зразумелыя рэчы не могуць мець у сабе нічога надзвычайнага, таму не кранаюць сэрца, не выклікаюць цікаўнасці”.
Тым, каму здаецца, што ў шэрасці штодзённага жыцця не можа здарыцца цуд, біскуп нагадаў прыклад Панны Марыі. “Яна як ніхто іншы ведала свайго Сына, як кожная маці ведае сваё дзіця. І, нягледзячы на гэта, была не проста Яго Маці, а Яго вучаніцай”, – адзначыў іерарх.
Па яго словах, гэта прыклад таго, “каб і ў штодзённых справах бачыць незвычайныя і нават вялікія рэчы”, “бо Бог пажадаў прыходзіць да нас якраз праз звычайныя справы, звычайных людзей, у нашай штодзённасці”.
“Божае Слова пачне перамяняць нас тады, Эўхарыстыя стане крыніцай нашага аднаўлення тады, калі будзем спрабаваць убачыць у гэтым прысутнасць Кагосьці незвычайнага і вялікага”, – дадаў біскуп.
Таксама ён падкрэсліў, што сярод людзей, якіх сустракаем у штодзённым жыцці, можа быць шмат святых. Біскуп заклікаў усіх вернікаў імкнуцца быць такімі, спрабаваць глядзець на свет вачыма Хрыста і Яго Маці, і “тады гэты свет сапраўды стане лепшым”.
Удзельнікі Імшы маліліся асаблівым чынам за ўсе сем’і, аб тым, каб у кожным доме валадарыў Езус Хрыстус і каб хрысціянскія каштоўнасці перадаваліся наступным пакаленням.
Акрамя таго, маліліся ў інтэнцыі новых пакліканняў да служэння ў Касцёле і аб жаданым для ўсяго свету міры.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі