18 ліпеня кусташ дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях кс. канонік Юрый Бяганскі асвяціў фігуру Хрыста Валадара Сусвету. Яна ўстаноўлена ў лодцы на возеры Марыйнага саду тракельскага санктуарыя.
Гэтая фігура – вота падзякі за XXV юбілейную пешую пілігрымку Гродна – Тракелі і напамін, што Бог побач, што Беларусь – веруючая хрысціянская краіна.
Ідэю стварэння фігуры падтрымаў і благаславіў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Ажыццяўленне гэтай справы было б немагчымым без духоўнай і матэрыяльнай падтрымкі людзей добрай волі.
Як адзначыў кусташ санктуарыя, гэты помнік павінен заахвочваць мясцовых жыхароў, а таксама ўсіх гасцей і пілігрымаў, якія наведваюць Тракелі, давяраць сваё жыццё Хрысту.
Па словах ксяндза Юрыя, гэтая фігура з’яўляецца сведчаннем хрысціянскай тоеснасці Касцёла, доказам пашаны вернікаў да Хрыста і прызнання Яго права на сэрцы людзей.
“Верым, што фігура Хрыста Валадара Сусвету будзе прыцягваць да тракельскага санктуарыя і да карыстання дарам любові Езуса, якая прабачае, – сказаў святар. – Гэта своеасаблівы знак – знак надзеі, для ўсіх, хто гэтага знаку шукае. І тут, на гэтым месцы, у яго ёсць шанец стаць дастаткова распазнавальным знакам”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі