20-21 жніўня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася сустрэча моладзі Гродзенскай дыяцэзіі пад дэвізам “Марыя паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды”.
У санктуарыі сабралося каля 200 маладых людзей з розных куткоў дыяцэзіі. Пасля вялікага перапынку ў сувязі з пандэміяй гэта была першая падобная сустрэча.
Дні ў яе межах былі напоўнены малітвамі, адарацыямі, была забаўляльная праграма і канцэрт гурта “Open”.
Віктар Салдацэнка быў на мерапрыемстве першы раз, ён прыехаў з гродзенскай парафіі Маці Божай Міласэрнасці (Аўгустовак). Хлопец падзяліўся ўражаннямі: “Больш за ўсё спадабалася начная адарацыя, калі Пан Езус знаходзіўся каля нас. Неверагодная атмасфера: кранальнае разважанне, спевы пад гітару і мы ўсе разам каля Найсвяцейшага Сакрамэнту”.
Віктар дзякуе ўсім арганізатарам сустрэчы. “Гэта былі лепшыя два дні ў маім жыцці”, – падсумоўвае ўдзельнік.
Салістка гурта “Open” Ганна Таўрэль была на днях моладзі шмат разоў, пачынаючы з 2010 года. У Тракелях яна спявала на Імшах і адарацыях.
“Не атрымалася паўдзельнічаць ва ўсёй праграме, бо былі рэпетыцыі, але паглядзела іншымі вачыма, як праходзяць такія мерапрыемствы. Былі бачныя адкрытасць, радасць і дабрыня, – дзеліцца Ганна. – Трошкі хвалявалася за нас (гурт), бо такая адказнасць была ўпершыню, але з дапамогай Маці Божай у сэрцы з’явіўся супакой і ўсе разам праслаўлялі Бога спевам і ігрой”.
Маладыя вернікі з запалам у вачах развучвалі танцы, маліліся, слухалі канферэнцыі на тэму “Пяць таямніц жыцця Марыі”.
Незвычайным на сустрэчы было тое, што начлег быў у намётах, а ўвечары першага дня моладзь сабралася ля вогнішча.
Завяршэннем была супольная Эўхарыстыя, якую цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Ва ўдзельнікаў засталося мноства эмоцый, зарад бадзёрасці духу, новыя знаёмствы і шмат фотаздымкаў на памяць.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі