6 ліпеня з Гродна выйшла пешая пілігрымка на ўрачыстасці ў дыяцэзіяльны санктуарый Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.
Пілігрымка доўжыцца шэсць дзён, у ёй удзельнічае каля 400 чалавек. Яе дэвіз – “Мы пілігрымы надзеі”. Маршрут наступны: Гродна – Парэчча – Новы Двор – Забалаць – Радунь – Жырмуны – Тракелі.
Перад выхадам пілігрымкі ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч.
Кіраўнік пілігрымкі кс. канонік Антоні Грэмза ў гаміліі заахвоціў удзельнікаў: “Будзем ісці новымі і новымі крокамі да Марыі”. Святар дадаў, што ў гэтай пілігрымцы з кожным годам усё больш удзельнікаў. Ён назваў гэта “знакам, што гэта падабаецца Богу”.
“Мы нясём у пілігрымцы свае інтэнцыі, ідзём крокамі надзеі, даверу, адвагі, ахвярнасці, чысціні, радасці, крокамі Эўхарыстыі, крокамі Марыі”, – сказаў ксёндз Антоні.
У канцы Імшы біскуп удзяліў пілігрымам благаслаўленне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі