Skip to main content

“Марыя, у Табе наша надзея”: распачаліся дыяцэзіяльныя ўрачыстасці ў Тракелях

start 2610 ліпеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) пад дэвізам “Марыя, у Табе наша надзея” распачаліся дыяцэзіяльныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Каралевы нашых сем’яў.

Як і кожны год, невялікая вёска каля Ліды напоўнілася шматлікімі пілігрымамі рознага ўзросту, з гарадоў і вёсак маляўнічай Гродзеншчыны і іншых месцаў Беларусі.

Яны прыбылі да цудатворнага абраза Марыі з Езусам на руках і святым каралевічам Казімірам, які кленчыць побач.

Сёлета пілігрымы ў санктуарыі асаблівым чынам дзякуюць за 30 гадоў існавання Гродзенскай дыяцэзіі і за яе першага біскупа Аляксандра Кашкевіча, які ў гэтым годзе адзначае таксама 30-ю гадавіну з часу прыняцця біскупскай сакры.

У сувязі з пандэміяй каранавірусу не было арганізавана груп пілігрымаў, як адбывалася звычайна, аднак шмат людзей прыбыло ў індывідуальным парадку, напрыклад, з блізкіх Воранава, Іўя, Ліды ці іншых месцаў.

start 31

Усе яны сабраліся, каб падзякаваць Богу праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі за сваю сям’ю, у якой чалавек прыходзіць у свет і сталее, выхоўвае рысы характару і вучыцца жыццю. Таксама яны прыбылі прасіць, каб Найсвяцейшая Маці аберагала сучасныя сем’і ад пагрозаў, якія нясе сучасны свет; каб атачыць малітвай усе разбітыя сужэнствы і тыя, якія змагаюцца з многімі праблемамі.

Пілігрымаў радасна вітаў кусташ святыні кс. доктар Юрый Бяганскі, які за мінулы год разам са сваімі парафіянамі і пры ўдзеле людзей добрай волі змяніў выгляд санктуарыя. Сёння тут знаходзіцца не толькі цудадзейны абраз Маці Божай, але і прыгожы парк, дзе можна адпачыць і задумацца над сэнсам свайго жыцця.

Кусташ санктуарыя хоча, каб гэтае месца стала духоўным санаторыем, дзе чалавек зможа сустрэцца з Богам і Яго Маці, спазнаць цішыню і супакой, а найперш – умацавацца тут духам і ўмацаваць сваю веру.

Няхай гэты час сустрэчы з Маці, які пілігрымы праводзяць у Тракелях, і прагулка па мясцовым парку будуць для кожнага благаслаўленнем.

Няхай наш санктуарый стане месцам надзеі, каб тут кожны мог адчуць сябе патрэбным і любімым, бо ў доме нябеснай Маці кожны з’яўляецца важным.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Дар’я Васілевіч