Skip to main content

арцыбіскуп Кандрусевіч - Гродзенская дыяцэзія

Aрцыбіскуп Кандрусевіч наведаў гродзенскую парафію бл. Мар’яны Бярнацкай у другую гадавіну яе заснавання

baranowicze kondrusewicz 6431 кастрычніка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу для вернікаў гродзенскай парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай.

Эўхарыстыя адбылася ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адамавічах (Сапоцкінскі дэканат), які з’яўляецца часовым месцам малітвы вернікаў новай парафіі. У склад парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай уваходзяць вуліцы гродзенскіх мікрараёнаў Ласосна і Баранавічы, а таксама вуліцы вёскі Тарусічы.

Трэба падкрэсліць, што візіт іерарха быў сімвалічным, паколькі адбыўся напярэдадні другой гадавіны заснавання парафіяльнай супольнасці, якая рыхтуецца да ўрачыстасці асвячэння зямлі пад будаўніцтва новага касцёла і крыжа ў найбліжэйшы час.

Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі парафii было падпісана ва ўрачыстасць Усіх Святых 1 лістапада 2019 г. намеснікам старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктарам Лісковічам.

baranowicze kondrusewicz 40

На Імшы сабраліся шматлікія вернікі, каб разам маліцца за сваю парафіяльную сям’ю, якая стаіць перад вельмі важнай задачай – будаўніцтвам уласнай святыні. Удзельнікі Эўхарыстыі агарнулі малітвамі ўсіх, хто ўтварае гэтую парафіяльную сям’ю.

Усіх прысутных у святыні прывітаў пробашч парафіі кс. Юрый Марціновіч. Святар звярнуўся да арцыбіскупа Кандрусевіча з просьбай аб малітве за “амбіцыйную парафію”, якая мае намер яшчэ ў гэтым годзе, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, 21 лістапада, асвяціць зямлю і крыж, а таксама правесці першую Імшу на месцы, дзе будзе пабудаваны касцёл.

baranowicze

У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч разважаў над літургіяй слова на гэты дзень. Іерарх падкрэсліў, што “любіць Бога азначае жыць паводле Яго закону”, а “любіць бліжняга азначае ў кожным спатканым чалавеку бачыць свайго брата і сястру”.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі дадаў, што любоў да Бога і любоў да бліжняга – законы, якія дапаўняюць адзін аднаго.

“Нельга любіць Бога, якога не бачым, калі не любім бліжняга, якога бачым. Гэтыя два законы – як быццам дзве рэйкі чыгункі. Яны павінны быць побач і накіроўвацца ў адным напрамку, бо толькі тады цягнік будзе ехаць па іх бяспечна”, – сказаў іерарх, падкрэсліўшы, што падобна і ў нашым жыцці: яно будзе гарманічным і шчаслівым, калі будуць выконвацца законы любові да Бога і бліжняга.

На заканчэнне Імшы наймалодшыя парафіяне, якіх рыхтавала катэхетка сястра Лена, павіншавалі арцыбіскупа з імянінамі, пажадаўшы яму патрэбных сіл у яго далейшым пастырскім служэнні.

Са свайго боку іерарх, дзякуючы за добрыя словы, запэўніў, што ў сваіх малітвах будзе памятаць пра новую парафію ў Гродне, просячы добрага Бога, каб усе планы і намеры былі рэалізаваны на Яго хвалу і каб як найхутчэй у гродзенскім мікрараёне Баранавічы, які дынамічна развіваецца, магла з’явіцца каталіцкая святыня.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Уладзіслаў Жогла

 

Арцыбіскуп Кандрусевіч у гродзенскай катэдры: у кожным спатканым чалавеку бачыць свайго брата і сястру

katedra kondrusewicz 3131 кастрычніка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Эўхарыстыя па традыцыі транслявалася мясцовым тэлебачаннем Гродна Плюс.

Разважаючы над літургіяй слова на 31-ю звычайную нядзелю, іерарх казаў у гаміліі пра любоў да Пана Бога і іншага чалавека. Ён адзначыў, што сёння нялёгка любіць нашага Створцу і быць Яму верным, а таксама любіць іншага чалавека, які не заўсёды да нас добры.

Але, як падкрэсліў арцыбіскуп, калі Езус ставіць чалавеку такія патрабаванні, гэта рэальна, дастаткова толькі старацца жыць паводле Божага законy і хацець так жыць, a ў кожным спатканым чалавеку бачыць свайго брата і сястру.

На заканчэнне Імшы віншаванні з нагоды нядаўніх імянін арцыбіскупу выказалі наймалодшыя парафіяне. Дзеці ад усяго сэрца пажадалі іерарху, каб ён і далей у моцы слова абвяшчаў Евангелле ў час і не ў час і быў святлом Хрыста ў сённяшнім секулярызаваным свеце.

Кс. Юрый Марціновіч

Адпуст св. Антонія і 40-годдзе святарства арцыбіскупа Кандрусевіча адзначылі ў Адэльску

adelsk kondr 5313 чэрвеня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на сваёй малой радзіме ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) узначаліў адпустовую ўрачыстасць у гонар святога Антонія.

Культ святога з Падуі вельмі жывы ў гэтым месцы і наваколлі. Таму на сёлетнюю ўрачыстасць прыбыло вельмі шмат вернікаў, якія жадалі прадставіць Пану Богу праз заступніцтва св. Антонія свае інтэнцыі і просьбы.

Арцыбіскуп Тадэвуш, які ў гэты дзень дзякаваў Богу за 40-годдзе з дня прэзбітэрскага пасвячэння, цэлебраваў святую Імшу на палявым алтары, устаноўленым побач са святыняй.

Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які дзякаваў Пану за 45-годдзе з часу прэзбітэрскага пасвячэння, і рэзідэнт адэльскай парафіі кс. Альгіс Паўлікас, які адзначаў 50-годдзе з дня пасвячэння.

adelsk kondr 49

Усіх прысутных прывітаў пробашч парафіі кс. Віталій Внароўскі, які таксама папрасіў арцыбіскупа Кандрусевіча ўдзяліць сакрамэнт канфірмацыі адпаведна падрыхтаванай моладзі.

Арцыбіскуп узгадаў у гаміліі пра прыміцыйную Імшу, якую 40 гадоў таму цэлебраваў у Адэльску. “Гэта было не толькі маё свята, але найперш свята парафіі, з якой у атэістычныя часы выйшаў святар. Тысячы людзей з усёй ваколіцы прымалі ўдзел у гэтым набажэнстве. І хаця першыя сем гадоў святарства я працаваў у Літве, аднак сувязь з родным Адэльскам падтрымліваў”, – сказаў іерарх. Ён дадаў, што гэтая сувязь стала яшчэ больш цеснай, калі ў 1988 г. ён быў прызначаны пробашчам гродзенскіх парафій Маці Божай Анёльскай і св. Францішка Ксаверыя, і не зменшылася падчас яго біскупскага служэння спачатку ў Беларусі, потым у Расіі і зноў у Беларусі.

“Божы Провід так распарадзіўся, што паклікаў мяне несці Евангелле людзям у Літве, Беларусі і Расіі, несці там, дзе атэістычны рэжым з зямлі з хрысціянскімі каранямі і традыцыямі імкнуўся зрабіць духоўную пустыню”, – адзначыў арцыбіскуп. Ён дадаў, што заўсёды з пакорай прымаў новыя выклікі ісці туды, куды яго пасылаў біскуп і Папа.

Іерарх падкрэсліў, што кожны хрысціянін, а перш за ўсё святар, “павінен быць жывой галінкай, каб яго жыццё прыносіла багаты плён”. “Быць злучаным з Хрыстом – гэта імператыў кожнага хрысціяніна. Дапамагае ў гэтым Святы Дух, сем дароў якога атрымаюць тыя, хто сёння прымае сакрамэнт канфірмацыі. Перад вамі, маладымі, адкрываецца новы жыццёвы шлях з яго невядомымі выклікамі. Адкрыйцеся на дзеянне Святога Духа, каб Ён умацаваў вашу веру і ўчыніў сведкамі Евангелля”, – з такімі словамі арцыбіскуп звярнуўся да маладых людзей, якія прымалі сакрамэнт канфірмацыі ў гэты дзень.

“Як славай святога Антонія было жыццё ў згодзе з Божай воляй і ў служэнні Яму, так няхай будзе і ў нашым жыцці, каб на заканчэнне яго Бог мог кожнаму з нас сказаць: “Слуга добры і верны, увайдзі ў радасць вечнага шчасця””, – пажадаў іерарх.

На заканчэнне ўрачыстасці моладзь выказала віншаванні свайму земляку-арцыбіскупу, свайму біскупу Аляксандру і рэзідэнту сваёй парафіі. Маладыя людзі пажадалі ім, каб Бог адорваў іх яшчэ шмат гадоў сваёй ласкай, каб яны маглі з вялікай адданасцю служыць Касцёлу. Потым адбылася эўхарыстычная працэсія вакол старадаўняй святыні.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі Святога Духа ў Гродне

olszanka kanfirmacija 623 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, больш за 50 маладых людзей у парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) прынялі сакрамэнт канфірмацыі. Сакрамэнт удзяліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Спасланне Духа Святога – галоўная ўрачыстасць у гэтай парафіі. У гэты дзень парафію наведаў арцыбіскуп Кандрусевіч, які з’яўляецца ўжо не проста яе госцем, а сапраўдным сябрам.

Настрой парафіянам не сапсавала нават благое надвор’е. На ўрачыстасці прысутнічалі таксама іншыя госці: прэфект Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ксёндз Ян Раманоўскі, ксёндз Анджэй Ганчар, які быў дыяканам у гэтай парафіі, і ксёндз Андрэй Бялаблоцкі, яе былы вікарый, які рыхтаваў моладзь да канфірмацыі ў мінулым годзе.

 olszanka kanfirmacija 8

У гаміліі арцыбіскуп адзначыў, што дзякуючы Спасланню Духа Святога розныя народы аб’ядналіся ў адну хрысціянскую сям’ю, якая называецца Касцёлам. Таму Пяцідзясятніца з’яўляецца і святам нараджэння Касцёла.

Іерарх дадаў, што без Святога Духа Касцёл не будзе жывым, а застанецца аморфным. Таксама хрысціянін без Святога Духа “не можа належным чынам выконваць свае абавязкі, асабліва быць сведкам Хрыста ва ўсіх жыццёвых абставінах”.

“Як у дзень Пяцідзясятніцы Святы Дух перамяніў і падбадзёрыў апосталаў, так Ён чыніць і сёння. Ён умацоўвае нас, каб жыць згодна з Божым законам, быць сведкамі Хрыста і мужна абвяшчаць Евангелле сучаснаму свету”, – сказаў арцыбіскуп.

Іерарх нагадаў галоўную мэту сакрамэнту канфірмацыі, які ўдзяляўся ў гэты дзень у парафіі, – “стаць мужнымі сведкамі Евангелля і бараніць нашу хрысціянскую веру”. “Гэта наша місія, якой патрабуе сучасны свет”, – сказаў ён.

Дарагая моладзь! Вы прымаеце сёння сакрамэнт сталага хрысціянства. Адкрыйцеся на дзеянне Святога Духа. Не зачыняйце дзвярэй перад Ім. Дазвольце Яму духоўна змяняць вас, каб нанава вярнуцца ў стан створаных па вобразу і падабенству Божаму. Толькі духоўна зменены чалавек здольны змяняць аблічча нашай зямлі на лепшае”, – з такімі словамі звярнуўся арцыбіскуп да маладых людзей, дадаўшы, што Хрыстус чакае іх, яны з’яўляюцца надзеяй Касцёла, грамадства і свету.

Таксама ў малітве падчас Імшы памяталі пра біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча з нагоды 30-годдзя яго біскупскага пасвячэння.

Пасля Эўхарыстыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч распавёў пра пажар, які нядаўна здарыўся ў будслаўскім санктуарыі. Іерарх падзякаваў за ахвяраванні, якія вернікі і людзі добрай волі прынеслі і працягваюць прыносіць на аднаўленне нацыянальнай святыні. Па яго словах, гэта выклік кожнаму з нас, а таксама знак нашай хрысціянскай тоеснасці і супольнай адказнасці за захаванне сакральнай спадчыны. “Нашыя продкі будавалі касцёлы як месца малітвы і шлях да неба. Мы не маем маральнага права іх страціць. Таму супольна адбудуем будслаўскую святыню”, – заахвоціў іерарх.

Падчас Імшы арцыбіскуп благаславіў дзяцей, якія днём раней прыступілі да Першай святой Камуніі. На заканчэнне ўрачыстасці маленькіх вернікаў чакаў канцэрт парафіяльнага дзіцячага гурту “Анёлы”, спевы, забавы і салодкія пачастункі ад святароў і сясцёр законных.

Пасля Эўхарыстыі была магчымасць паразмаўляць з арцыбіскупам і сфатаграфавацца з ім.

Наталля Лазоўская

 

Арцыбіскуп Кандрусевіч разам з літоўскай супольнасцю Мінска маліўся за памерлага айца Казіміра Жыліса SI

2021 02 25 zhylis 006У сераду 24 лютага ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі спачылага айца Казіміра Жыліса SI.

У Эўхарыстыі, якая цэлебравалася на роднай мове памерлага езуіта, чыё жыццё і служэнне былі звязаныя з Касцёлам у Беларусі, бралі ўдзел прадстаўнікі літоўскай супольнасці ў Мінску.

З арцыбіскупам святую Імшу канцэлебравалі пробашч парафіі святога Сымона і святой Алены ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, пробашч парафіі святога Юзафа ў Маладзечне ксёндз прэлат канонік Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі і адказны за душпастырства літоўцаў у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Міхал Бубен.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што, падобна да таго, як у прачытаным на Імшы Евангеллі Езус — Сын Чалавечы — назваў сябе «знакам» збаўлення, так айцец Казімір «стаў „знакам“, які Божы Провід даў Божаму народу на Беларусі ў часы ваяўнічага атэізму і ў часы адраджэння Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне».

Арцыпастыр, які быў блізкім сябрам спачылага, нагадаў сабраным у Чырвоным касцёле ўдзельнікам Эўхарыстыі асноўныя этапы багатага жыццёвага шляху спачылага святара.

Казімір Жыліс нарадзіўся ў Літве. Стаўшы святаром, ён распачаў служэнне ў сябе на радзіме, аднак адчуваў місійнае пакліканне, якое прывяло яго ў Вінніцу, што ва Украіне. Адтуль яму давялося выехаць праз тры гады з-за яго радыкальнага стаўлення да атэістычнай савецкай улады.

Айцец Казімір вярнуўся ў Літву, але ненадоўга. У той час з дня на дзень меншала колькасць святароў у Беларусі, і ён прыехаў служыць у Індуру, што непадалёк ад Гродна.

Сваёй пастырскай апекай руплівы святар ахапіў шмат парафій, якія засталіся без душпастыраў.

Ён імкнуўся вярнуць вернікам канфіскаваныя бязбожнымі ўладамі касцёлы, аднаўляў занядбаныя святыні. Шмат увагі айцец Казімір прысвячаў катэхізацыі дзяцей і моладзі. У памяці людзей ён застаўся як змагар за здаровы лад жыцця і правы вернікаў. Атэістычныя ўлады савецкай Беларусі, падодбна да сваіх украінскіх хаўруснікаў, стараліся выслаць гэтага Хрыстовага рупліўца дадому, у Літву, аднак папулярнасць айца Казіміра была настолькі вялікай, што яны не адважылмся гэтага зрабіць, баючыся людзей.

Прыйшлі часы перабудовы, якія прынеслі свабоду веравызнання. Айцец Казімір адразу ж з вялікім энтузіязмам уключыўся ў працэс адраджэння Касцёла на Беларусі. Ён першы пачаў здымаць на відэа значныя падзеі гэтага адраджэння. Дзякуючы яму сёння беларускі Касцёл мае багаты архіў сваёй найноўшай гісторыі. Айцец Каззімір Жыліс аснаваў касцёльную тэлестудыю, якая пачала транляцыю набажэнстваў. Ён таксама першым распачаў душпастырства вязняў. Калі ж ён працаваў у гродзенскай катэдры, то быў вядомы як «вязень канфесіяналу», бо шмат часу прысвячаў споведзі.

2021 02 25 zhylis 003

«Сваім ахвярным служэннем Касцёлу айцец Казімір быў светачам у атэістычнай цемры падчас ганенняў і такім застаўся ў часы лібералізму і маральнага рэлятывізму, — сцвердзіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Хвароба раку крыві і каранавірус абарвалі яго зямны шлях. Сваім ахвярным жыццём ён збудаваў сабе духоўны помнік, да якога не павінна зарасці сцежка малітвы ўдзячнасці і просьбы аб Божай міласэрнасць для яго», — завяршыў сваю гамілію іерарх.

Акрамя Імшы, у Чырвоным касцёле адбылася сустрэча духавенства з прадстаўнікамі літоўскай супольнасці Мінска.

Паводле Catholic.by

 

Арцыбіскуп Кандрусевіч у Лідзе: Беларусь трэба лячыць, пакуль мы як нацыя не загінулі канчаткова

2021 02 22 IMG 20210221 18524621 лютага Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.

Перад Імшой іерарх падзякаваў вернікам за малітвы падчас яго выгнання, якое працягвалася амаль чатыры месяцы:

«Гэта быў знак салідарнасці з біскупам, які ўвесь час памятаў аб верніках і краіне, якая знаходзіцца ў грамадска-палітычным крызісе. Такім чынам, будучы падзеленымі, мы былі аб’яднаны малітвай і клопатам пра нашу будучыню».

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп нагадаў, што падчас Вялікага посту «Касцёл стараецца пераарыентаваць жыццёвыя прыярытэты чалавека так, каб яны адпавядалі Божай волі, каб матэрыяльныя каштоўнасці, задавальненні гэтага свету, імкненне да ўлады ці штосьці іншае не займала месца Бога».

Іерарх, разважаючы пра тое як ставіцца да духоўных і жыццёвых цяжкасцяў, прыгадаў вядомага палітыка ХХ стагоддзя прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Уінстана Чэрчыля: «За сваё доўгае і вельмі паспяховае палітычнае жыццё ён меў шмат прамоваў, якія ўвайшлі ў сусветны залаты аратарскі фонд.

Аднак яго словы Never give up! — «Ніколі не здавайся! — сталі самай лаканічнай і адначасова самай лепшай прамовай».

Гаворачы пра евангельскі ўрывак, які быў прачытаны на Імшы, арцыбіскуп таксама заўважыў, як важна чуваць і не паддавацца спакусам злога духа. «А тым больш небяспечна ўступаць з ім у кампраміс», — дадаў іерарх.

«У цішыні Вялікага посту перад люстэркам Божага закону мы можам лепш пазнаць сябе, свае духоўныя хваробы, каб потым з Божай дапамогай лячыць іх і не паддавацца спакусам злога духа», — працягваў арцыбіскуп.

«Грамадска-палітычны крызіс, у якім знаходзіцца наша Бацькаўшчына, нагадвае пра тое, што яна хворая і яе неабходна лячыць пакуль мы як нацыя не загінулі канчаткова.Усялякае зло — як у жыцці асобнага чалавека, так і грамадства — бярэ свой пачатак ад непаслухмянасці Божаму закону. Таму ў гэтай складанай сітуацыі нам неабходна тэрмінова вярнуцца да захавання Божага закону, найперш праз малітву і пакаянне.

Без Божай дапамогі ніякія намаганні палітыкаў, грамадскіх дзеячаў і эканамістаў не вырашаць праблему. Зло трэба перамагаць дабром. Грэх — Божай ласкай. Гэта нялёгкая справа, але з Божай дапамогай магчымая», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.

«Беларусь, не паддавайся песімізму і памятай, што ў Бога ўсё магчыма. Ніколі не здавайся!Шляхам навяртання і захавання Божага закону ідзі да сваёй Пасхі», — заключыў іерарх.

 

Паводле Catholic.by

 

Тры дні пакаяння: у ВДС прайшлі велікапосныя рэкалекцыі

seminaria rekolec 37Духоўныя практыкаванні для клерыкаў з 17 па 20 лютага правёў ганаровы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Асаблівыя дні штогадовых велікапосных рэкалекцый - надзвычай каштоўны час, бо менавіта духоўныя практыкаванні ў атмасферы засяроджання нярэдка дапамагаюць нанова адкрыць адносіны з Богам і паглыбіць іх, каб спаўняць волю Пана ў сваім жыцці.

Сёлета рэкалекцыі для семінарыстыў праводзіў Яго Эксцэленцыя ганаровы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ксёндз арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Пастыр прысвяціў дні духоўных разважанняў адразу некалькім тэмам. Ён засяродзіў увагу ўдзельнікаў рэкалекцый на важнасці навяртання і пакуты, семінарыйнай фармацыі, малітвы і Эўхарыстыі ў жыцці святара, адносінаў з Паннай Марыяй, а таксама пытанням цэлібату і сталай фармацыі.

seminaria rekolec 26

"Але галоўнае - быць і заставацца чалавекам. Тады святар будзе менавіта тым чалавекам, да якога вернікаў прыцягвае, нібыта магнітам", -- падкрэсліў ганаровы мітрапаліт падчас аднаго з разважанняў.

У семінарыйнай капліцы навучэнцы збіраліся на ўрачыстую Ютрань і Камплету, падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнта. Пятніца была прысвечана пакутным набажэнствам - Крыжоваму шляху і сакрамэнту пакаяння. Цэнтрам жа кожнага дня духоўных практыкаванняў стала Святая Імша - жывая сустрэча з Езусам у Эўхарыстыі.

Адным з найбольш цікавых пунктаў праграмы стала нефармальная сустрэча з ганаровым мітрапалітам. Яго Эксцэленцыя не толькі распавёў пра свой досвед служэння ў Беларусі і Расіі, але таксама адказаў на хвалюючыя пытанні клерыкаў.

Як знак удзячнасці за праведзеныя рэкалекцыі семінарысты падарылі пастыру майку са здымкамі ўсіх навучэнцаў семінарыі ў Гродне.

Арцём Кір'янаў

Фота: Павел Леановіч, Аляксей Ціхан

 

“Касцёлам кіруе Святы Дух, і трэба даверыцца Яму”. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пра сыход на пенсію

kondruseicz katedra 643 студзеня, у свой дзень нараджэння, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сышоў на пенсію. Наведаўшы Гродна ўпершыню пасля вяртання на родныя землі, іерарх адказаў на пытанні чытачоў мясцовых каталіцкіх СМІ.

– Эксцэленцыя, ці адчувалі Вы малітоўную падтрымку з Беларусі, калі знаходзіліся ў Польшчы?

– Так, я адчуваў магутную малітоўную падтрымку вернікаў Беларусі: не толькі католікаў, але і прадстаўнікоў іншых веравызнанняў. Гэта быў знак салідарнасці, які мне дапамагаў несці крыж выгнання з надзеяй на вяртанне, што і адбылося ў вігілію Божага Нараджэння. У выніку, я змог святкаваць яго разам са сваімі вернікамі. 

– Падзяліцеся, калі ласка, што адчувалі, калі даведаліся, што можаце вярнуцца на Радзіму.

– Я чакаў гэтага моманту вельмі доўга, ажно 4 месяцы. Кожны дзень шукаў звесткі ў інтэрнэце. Чакаў, што зазвоніць телефон, і я пачую паведамленне: ужо можна вярнуцца. Самым цяжкім было якраз чаканне. Таму з вялікай радасцю ўспрыняў навіну ад нунцыя, што прыйшоў час вяртання. Мой настрой адразу заўважылі святары парафіі св. Антонія ў Сакулцы, дзе я знаходзіўся. Толькі збіраўся ўсё ім расказаць, як апярэдзілі мяне, пытаючыся, ці часам не вяртаюся, бо на маім твары “ўсё напісана”.

– Ці чакалі такога “падарунка” на дзень нараджэння ад папы Францішка – прыняцця адстаўкі?

– Я выхаваны ў духу “Roma locuta, causa finita” (“Рым сказаў, справа вырашана”), таму не задаваўся пытаннем, ці прыме Папа маю просьбу аб звальненні з абавязкаў. Паводле кананічнага права, ва ўзросце 75 гадоў трэба звярнуцца да Святога Айца з просьбай аб вызваленні ад выконваемых абавязкаў. Як вырашыць Папа – гэта яго справа. Днём раней ці пазней – не мае значэння. Таму адстаўка ў дзень нараджэння мною ўспрымаецца нармальна. Ведаю шмат такіх выпадкаў у іншых краінах.

– Ці цяжка сыходзіць з пасад Мітрапаліта і ардынарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пасля доўгіх гадоў знаходжання на іх?

– Не стаўлю сабе такога пытання. Прыйшоў час, і трэба сысці. Патрэбны маладыя, больш энергічныя біскупы з новымі ініцыятывамі. Іерархі змяняліся, змяняюцца і будуць змяняцца, але Касцёл застаецца. Трэба ўмець сысці ў час.


kondruseicz katedra 61


– Як адчуваеце сябе на пенсіі? Ці яшчэ не “рассмакавалі” яе?

– Пакуль што не “рассмакаваў”. Хачу працягваць служыць людзям у душпастырстве. Мне падабаецца цэлебраваць розныя набажэнствы, абвяшчаць Евангелле. Цяпер буду мець больш часу для гэтага, бо адпадаюць кіраўнічыя і адміністратыўныя справы.

– Ці змяніўся Ваш распарадак дня?

– Не. Я ўстаю ў 6.30. Кароткая малітва. Абавязковая 30-хвілінная гімнастыка. Літургія гадзін і іншыя малітвы. Св. Імша. Сняданак. Рыхтую перадачу спраў новаму біскупу. Цягам дня – малітвы Літургіі гадзін, Ружанец, Вяночак да Божай міласэрнасці і іншыя. Часам еду на набажэнствы ў парафіі. Яшчэ засталіся некаторыя запланаваныя раней справы, якія стараюся рэалізаваць.

– Цяпер у Вас будзе менш абавязкаў. Ці маеце якія-небудзь хобі?

– Люблю спорт, асабліва футбол. Але пасля аперацыі на пазваночнік не магу больш ганяць мяч. Чакаю, калі можна будзе наведваць басейн, бо падабаецца плаваць. Люблю таксама тэалагічныя і асабліва гамілетычныя кнігі, на што цяпер буду мець больш часу.


kondruseicz katedra 50


– Якія планы на будучыню? Дзе плануеце жыць: у Мінску ці ў Гродне? Можа, вернецеся ў родны Адэльск?

– Пакуль што застаюся ў Мінску, а потым будзе бачна…

– Як змагацца з несправядлівасцю, насіллем і беззаконнем у нашы часы?

– Трэба жыць паводле Божага закону. У ім усё прапісана. Асабліва трэба памятаць пра запаведзь любові да Бога і бліжняга, а таксама аб акце пакаяння і жалю за грахі ды аб неабходнасці прабачэння. Але для гэтага трэба адпаведна выхаваць чалавека. Таму перад Касцёлам і грамадствам стаіць адказнае заданне выхавання маладога пакалення. І тут павінны актыўна развівацца адносіны паміж дзяржавай і Касцёлам. Касцёл мусіць мець большую прысутнасць у дзяржаўных СМІ. У навучальных установах неабходна выкладаць асновы рэлігіі як факультатыў. Дзяржава павінна падтрымліваць дзейнасць Касцёла, гарантуючы яго аўтаномію.

– Ксёндз Арцыбіскуп, Вы ведаеце і, напэўна, адчуваеце любоў людзей да Вас… Дайце, калі ласка, параду, як па-хрысціянску прыняць Вашу адстаўку, а таксама новыя змены ў Касцёле ў Беларусі?

– Шчыра дзякую за любоў вернікаў да сваіх пастыраў, у тым ліку да мяне. Я адчуваў яе заўсёды, але асабліва моцна – падчас свайго выгнання. За ўсё гэта вельмі ўдзячны людзям. Касцёлам кіруе Святы Дух, і трэба даверыцца Яму. Ён лепш ведае, якая асоба і ў які час павінна кіраваць Касцёлам. Так было заўсёды, так ёсць і цяпер. Усё на хвалу Бога!

Паводле "Слова Жыцця", Вольга Сяліцкая

 

За ксяндза прэлата Пятра Барташэвіча i ксяндза Фелікса Сароку памаліліся ў Адэльску ў 30-ю гадавіну іх смерці

adelsk 3014 студзеня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) адбылася Імша з нагоды 30-годдзя смерці кс. прэлата Пятра Барташэвіча і кс. Фелікса Сарокі, якія былі пробашчамі гэтай парафіяльнай супольнасці.

На Эўхарыстыі, якую ўзначаліў Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, сабраліся шматлікія вернікі, якія яшчэ памятаюць спачылых святароў.

Імшу канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі і святары. 

Ксёндз Пётр і ксёндз Фелікс былі сябрамі. Арцыбіскуп Кандрусевіч у гаміліі нагадаў, як пасля доўгай адсутнасці святара ў Адэльску ў 1955 г. туды прыбыў вызвалены з лагераў кс. Пётр Барташэвіч. Вернікі адразу ўбачылі ў ім таленавітага і адданага Божай справе, добра адукаванага пастыра, чалавека малітвы і дыялогу, дадаў іерарх. 

Ён падкрэсліў, што асаблівую ўвагу кс. Барташэвіч прысвячаў хрысціянскаму выхаванню моладзі: адразу арганізаваў вялікую групу міністрантаў, вучыў іх служэнню ля алтара, але адначасова пільнаваў, як яны вучацца ў школе. 

Як дадаў арцыбіскуп, кс. Барташэвіч бараніў правы Касцёла, усё гэта не падабалася ўладам у часы ваяўнічага атэізму, і яны пастанавілі перавесці яго ў іншае месца. Па словах іерарха, гэта быў складаны час для адэльскай парафіі, якая магла застацца без святара. Але кс. Пётр не выехаў, пакуль з Парэчча не змог прыбыць кс. Фелікс Сарока. Такім чынам дзякуючы яго настойлівасці яшчэ адзін святар мог працаваць на ніве Касцёла ў Беларусі, сказаў арцыбіскуп.

adelsk 24

Іерарх нагадаў, што кс. Фелікс адзначаўся педантычнасцю ў захаванні літургічных нормаў. “А вядома, што, як кажа лацінскі выраз, “Lex orandi, lex credenti”, што азначае “Як молішся, так і верыш”. Таму намаганні ксяндза Фелікса ў захаванні літургічных нормаў былі вельмі важнымі”, – заўважыў ён. 

Таксама іерарх успомніў, як перад яго прэзбітэрскім пасвячэннем кс. Фелікс зрабіў яму практычны экзамен у адэльскім касцёле на прадмет цэлебрацыі Імшы. 

Арцыбіскуп заклікаў вернікаў захоўваць памяць аб сваіх святарах, маліцца ў іх інтэнцыях, каб Бог прыняў іх у сваё Валадарства, і прасіць Пана аб новых пакліканнях да святарства.

Пасля Імшы біскупы і група вернікаў накіраваліся на парафіяльныя могілкі, дзе пахаваны кс. Фелікс Сарока, і на яго магіле памаліліся аб дары жыцця вечнага для яго.

Ксёндз Фелікс Сарока нарадзіўся ў 1910 г. У 1932-1938 гг. вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Вільні. У 1938 г. арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі ўдзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне.

Затым быў прызначаны вікарыем у парафію ў Васількаве каля Беластока. Пасля Другой сусветнай вайны быў пробашчам парафіі ў Парэччы недалёка ад Гродна. Больш за тры гады быў пазбаўлены савецкімі ўладамi т. зв. даведкі за катэхізацыю дзяцей і моладзі.

Падчас пераезду кс. Пятра Барташэвіча з Адэльска ў Жалудок кс. Фелікс Сарока атрымаў дазвол для душпастырскай працы ў Адэльску. З 1963 г. да сваёй смерці, 15 студзеня 1991 г., выконваў там функцыю пробашча.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Ксяндза Пятра Барташэвіча ўзгадaлi ў Жалудку ў 30-ю гадавіну яго смерці

zeludok 4813 студзеня ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку (Шчучынскі дэканат) адбылася святая Імша ў інтэнцыі былога пробашча гэтай парафіяльнай супольнасці кс. прэлата Пятра Барташэвіча.

Святар быў пробашчам у Жалудку на працягу 27 гадоў, да сваёй смерці.

На малітве ў парафіяльнай святыні сабраліся шматлікія вернікі, у жывой памяці якіх застаецца гэты руплівы святар, які з вялікім прысвячэннем і адданасцю служыў ім, асаблівым чынам клапоцячыся пра маладое пакаленне вернікаў.

Прыбылі таксама святары, сёстры законныя і іерархі з Гродна: ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі.

Літургію ў інтэнцыі спачылага святара ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі.

Усіх прысутных прывітаў пробашч парафіі кс. канонік Ян Рэйшэль. 

У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў пра жыццёвы шлях святара Пятра Барташэвіча: спачатку служэнне ў Віцебскай вобласці, потым ссылку ў Сібір, служэнне ў Адэльску і Жалудку. 

Іерарх асаблівую ўвагу засяродзіў на арганізатарскіх і красамоўніцкіх здольнасцях гэтага заслужанага для Касцёла ў Беларусі святара. У часы атэізму яго адрознівала імкненне да евангелізацыі моладзі, што было забаронена ўладамі. Але ён добра ведаў, што моладзь – гэта будучыня грамадства і Касцёла, таму шмат працаваў з мэтай яе духоўнай фармацыі.

zeludok 34

Шмат намаганняў ён, па словах арцыбіскупа, прыклаў у сферы адкрыцця паклікання да святарства і фармацыі будучых святароў. Яго дом у Жалудку стаў сапраўдным домам фармацыі. Менавіта ён падрыхтаваў да святарства кс. прэлата Антонія Ханько, пробашча парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Гродне. Таксама, як адзначыў арцыбіскуп, ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч удзячны кс. Пятру за тое, што спаткаў яго на шляху падрыхтоўкі да святарства.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што ксёндз Пётр залатымі літарамі ўпісаўся ў гісторыю захавання веры ў часы ганенняў у Беларусі. Ён стаяў ля вытокаў яе адраджэння, быў прыкладам клопату пра пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця, і з яго неабходна браць прыклад, сказаў іерарх.

Арцыбіскуп дадаў, што ідуць гады і дзесяцігоддзі, пасля смерці кс. Пятра Барташэвіча вырасла новае пакаленне, але памяць аб ім жыве, бо ён абвяшчаў жывое Евангелле Хрыста і вёў людзей шляхам збаўлення. “Верым, што сваім ахвярным служэннем ён заслужыў сабе вянок славы ў Божым Валадарстве, аб чым молім Міласэрнага Езуса”, – адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі.

Aрцыбіскуп прызнаўся, што вельмі многім удзячны ксяндзу Пятру: “З усёй адказнасцю магу сказаць, што калі б не ксёндз Пётр Барташэвіч і падобныя да яго, я не змог бы стаць святаром”

Падчас Эўхарыстыі маліліся таксама за спачылага Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта, які, як падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч, быў вялікім сябрам Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.

Пасля заканчэння Імшы духавенства і вернікі накіраваліся на парафіяльныя могілкі, дзе на магіле кс. Барташэвіча памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, просячы аб дары неба для яго.

Вернікі парафіі ў Жалудку падкрэсліваюць і сёння, што, хоць прайшло ўжо 30 гадоў з часу смерці іх былога пробашча, у сэрцах многіх жывуць яго словы, якімі ён звяртаўся да іх з амбоны. Яны памятаюць яго навуку, прасякнутую Божай мудрасцю і глыбінёй яго святарскай душы, якой ён умеў дзяліцца з кожным, каго сустракаў.

Сёння, праз 30 гадоў з часу смерці ксяндза Барташэвіча, можна смела сцвярджаць, што ён заклаў падмурак для адраджэння Касцёла ў нашай краіне, у цяжкія гады ганенняў бараніў веру і ўмацоўваў яе.

Ксёндз Пётр Барташэвіч нарадзіўся 29 чэрвеня 1914 г. у Вільні, дзе скончыў школу і гімназію. У 1934 г. паступіў вучыцца ў семінарыю ў Вільню. У 1939 г. атрымаў ступень магістра тэалогіі. 16 чэрвеня 1940 г. у Вільні арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі ўдзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне.

Спачатку служыў вікарыем у Шумску, а пазней – у віленскай Кальварыі. У кастрычніку 1941 г. быў накіраваны на працу ў Зембіна пад Мінскам, але не трапіў туды. Па просьбе дэкана кс. Антонія Зянкевіча, тагачаснага генеральнага вікарыя біскупа ў сваім дэканаце, ён застаўся ў парафіі ў Глыбокім.

У 1943 г. быў пробашчам парафіі ў Пярплішчы, у 1946 г. – пробашчам парафіі ў Крулеўшчызне. Восенню быў арыштаваны і прывезены ў Полацк. Яго абвінавацілі ў тым, што ён не верыць у моц Чырвонай арміі, прымушаў дзяцей маліцца і актыўна ўдзельнічаў у сустрэчах святароў.

У пачатку 1949 г. быў асуджаны на 25 гадоў лагераў, пазбаўленне грамадзянскіх правоў на 5 гадоў і канфіскацыю маёмасці. Спачатку быў накіраваны ў турму ў Оршу, адтуль – у лагер Старая Вятка ў Рэспубліку Комі. Праз два гады быў высланы ў лагер Чуна ў Сібір. Быў вызвалены 1 мая 1955 г., прыбыў у парафію ў Пярплішчы, дзе касцёл быў ужо зачынены.

Ксёндз Пётр звярнуўся ў Гродна да дэкана кс. Міхала Арановіча, які накіраваў яго ў Адэльск. 13 чэрвеня 1955 г., пасля атрымання адпаведных дакументаў, пачаў там працу. Займаўся моладдзю, пры касцёле арганізаваў спартыўныя спаборніцтвы. У адэльскай школе не было піянераў і камсамольцаў, і ўлады абвінавачвалі ў гэтым ксяндза. З-за гэтага па распараджэнні ўладаў ён быў вымушаны пакінуць Адэльск і пачаў працу ў Жалудку. З-за вельмі руплівай працы ў яго адабралі дакументы (т. зв. даведку).

Ксёндз Барташэвіч паехаў у Маскву, каб сустрэцца там з Румянцавым, старшынёй Найвышэйшай рады па справах рэлігіі. Пасля гэтай сустрэчы святар атрымаў дакументы.

У 1963 г. ён быў вымушаны пакінуць парафію ў Адэльску і накіравацца ў Жалудок, дзе выконваў функцыі пробашча да самай смерці. Дзякуючы старанням кс. Пятра ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Рызе быў прыняты Антоні Ханько, шматгадовы канцлер біскупскай курыі ў Гродне. Ксёндз Пётр разам з кс. Юзафам Грасевічам заснаваў патаемную супольнасць сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. У 1990 г. ён стаў папскім прэлатам.

13 студзеня 1991 г. памёр у Жалудку, дзе быў пахаваны каля магілы сваёй маці.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Імша падзякі за служэнне арцыбіскупа Кандрусевіча адбылася ў гродзенскай катэдры

kondruseicz katedra 686 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, у гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя адбылася святая Імша падзякі за служэнне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на пенсіі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія жыхары Гродна, каб памаліцца за шаноўнага юбіляра з нагоды яго 75-годдзя, а таксама выразіць яму ўдзячнасць за адданае служэнне Касцёлу ў нашай краіне.

Арцыбіскуп Кандрусевіч заснаваў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля 100 раней зачыненых касцёлаў, быў ініцыятарам выдання “Парадку Імшы” і “Катэхізіса” на беларускай мове, распачаўшы такім чынам справу адраджэння Касцёла ў Беларусі. 

Юбіляра прывітаў на пачатку Імшы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які назваў вялікай радасцю для горада над Нёманам тое, што арцыбіскуп прысутнічае на малітве разам з вернікамі ў катэдральным касцёле.

Іерарх падкрэсліў, што ў гэты дзень усе вернікі, прысутныя ў святыні, і тыя, хто далучаецца да іх духоўна праз інтэрнэт-трансляцыю, хочуць падтрымаць арцыбіскупа сваімі малітвамі, каб ён і далей мог верна, доўга і плённа служыць нашаму Касцёлу, які столькім яму ўдзячны.

На пачатку Імшы арцыбіскуп падзякаваў вернікам за іх малітвы ў інтэнцыі яго вяртання на радзіму. Ён сказаў, што іх пастаянная малітва была вялікай духоўнай падтрымкай і знакам салідарнасці ў складаны перыяд выгнання. Гэты крыж мы неслі разам, адзначыў іерарх і дадаў, што ў крыжы надзея, якая, як паказвае жыццё, здзяйсняецца.

У гаміліі, зыходзячы з Евангелля на ўрачыстасць Аб'яўлення Пана, іерарх засяродзіў увагу на некаторых момантах аб'яўлення Хрыста людзям, аб якіх нагадвае Святое Пісанне. Па яго словах, аб'яўленне Тром Каралям мае асаблівае значэнне, бо яны былі астраномамі і не належалі да Выбранага народа, былі язычнікамі, аднак у той жа час тымі, хто шукаў праўду, спалучаючы веды з верай. Гэта і дапамагло ім у зорцы на небасхіле ўбачыць знак нараджэння Збаўцы, і гэтая зорка прывяла іх у Бэтлеем, дадаў арцыбіскуп. 

kondruseicz katedra 54

Другім важным момантам гэтага свята іерарх назваў тое, што сваім аб'яўленнем Езус паказаў, што Ён з'яўляецца Збаўцам усяго чалавецтва, Аб'яўленне Пана ўяўляе сабой праўду аб універсалізме збаўлення ў Езусе.

Па словах арцыбіскупа, у наш час шмат індыферэнтных адносна рэлігіі людзей, але ёсць і тыя, хто праслаўляе Бога, якія хочуць будаваць сваё жыццё на евангельскіх каштоўнасцях і прыходзяць да Бога са сваімі дарамі добрых спраў, малітвы, міласэрнасці, справядлівасці, прабачэння. “Да якой групы мы адносімся? Калі хочам будаваць шчаслівую Беларусь, то павінны зрабіць рахунак сумлення, стаць перад люстэркам свайго духоўнага жыцця і праз прызму Евангелля ацаніць свой духоўны стан”, – сказаў іерарх.

Ён дадаў, што, пакланіўшыся Немаўлятку Езусу, Тры Каралі вярнуліся дадому іншымі, сталі апосталамі Езуса Хрыста. “Таксама і мы, спаткаўшы Езуса, павінны быць Яго апосталамі, каб свет Яго пазнаў і, жывучы Яго вучэннем, будаваў цывілізацыю жыцця, любові і так патрэбнага нам усім міру”, – адзначыў арцыбіскуп.

На заканчэнне Імшы віншаванні іерарху выказаў пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі, а таксама прадстаўнікі парафіян.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Вольга Сяліцкая

 

Aрцыбіскуп Кандрусевіч наведаў сваю родную парафію ў Адэльску, дзе яго павіншавалі з юбілеем

IMG 20210106 0949406 студзеня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў сваю малую радзіму – Адэльск у Гродзенскай дыяцэзіі, каб з нагоды 75-годдзя падзякаваць Богу за дар жыцця і каталіцкае выхаванне, якое ў часы пераследу яму далі бацькі, бабулі і дзядулі.

У парафіяльнай святыні, дзе знаходзіцца славуты ласкамі абраз св. Антонія, які асаблівым чынам шануе арцыбіскуп, ён цэлебраваў урачыстую святую Імшу. На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія вернікі, каб памаліцца за шаноўнага юбіляра, а таксама падзякаваць Богу за дзясяткі гадоў ягонай руплівай святарскай і біскупскай працы.

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што да глыбіні з’яўляецца адэльчанінам, таму не мог не прыехаць зараз у Адэльск. Таксама ён падзякаваў сваім землякам за малітоўную падтрымку ў час, калі на працягу чатырох месяцаў не мог вярнуцца на радзіму.

З нагоды ўрачыстасці Аб'яўлення Пана іерарх засяродзіў увагу на праўдзе аб паўсюднасці збаўлення ў Езусе Хрысце. Па яго словах, аб гэтай праўдзе сведчыць факт аб'яўлення Езуса тром мудрацам з Усходу, якія не належалі да Выбранага народа і былі язычнікамі. Вачыма веры ў новай зорцы на небасхіле яны ўбачылі знак, што нарадзіўся Збаўца свету, і, ідучы за зоркай, знайшлі Яго ў Бэтлееме, дадаў арцыбіскуп.

“У духоўнай цемры сучаснага свету ў Касцёле мы таксама павінны бачыць зорку, якая прывядзе нас да Езуса, - сказаў іерарх. - Гэтай зоркай з’яўляецца Касцёл, які вядзе да Бога. Па прыкладу Трох каралёў, убачыўшы і пазнаўшы Бога, нам неабходна сведчыць пра Яго сучаснаму свету, каб Яго пазнаў і, выкарыстоўваючы Яго вучэнне, мог вырашаць надзённыя праблемы”.

Пасля Імшы вернікі павіншавалі арцыбіскупа з юбілеем 75-годдзя і пажадалі яму Божага благаслаўлення і добрага здароўя.

 

Гродзенскія біскупы ўдзельнічалі ў святкаванні 75-гадовага юбілею арцыбіскупa Тадэвушa Кандрусевічa

kandrusewicz jubilej 363 студзеня ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў дзень свайго 75-гадовага юбілею.

Як паведамляе catholic.by, iерарх дзякаваў Богу за дар жыцця і пастырскага служэння, за магчымасць маліцца разам са сваімі вернікамі на роднай зямлі. 

У Эўхарыстыі ўзялі ўдзел таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, як і іншыя біскупы, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, святары і шматлікія вернікі, многія з якіх далучыліся духоўна дзякуючы прамой трансляцыі.

Дзень юбілею стаў таксама апошнім днём служэння арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў якасці Мінска-Магілёўскага Мітрапаліта. Было афіцыйна паведамлена, што Папа Францішак прыняў пададзеную ім просьбу аб вызваленні ад пастырскага кіравання архідыяцэзіяй у сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту, як прадугледжана Кананічным правам Каталіцкага Касцёла.

Гамілію на Імшы прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці. Іерарх адзначыў вялікі ўнёсак арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў адраджэнне Касцёла ў Беларусі і на тэрыторыі ўсяго былога Савецкага Саюза.
“Калі Мітрапаліт Тадэвуш папрасіў мяне прамовіць на гэтай святой Імшы казанне, я ведаў, што перада мной стаіць складаная задача, бо біяграфія нашага Мітрапаліта не з’яўляецца „стандартным“ шляхам пастырскага паклікання арцыбіскупа”, – падкрэсліў біскуп Яшэўскі, дадаўшы што ў межах юбілейнага казання немагчыма ўсебакова асвятліць місію першага беларускага біскупа пасля атрымання свабоды веравызнання ў нашай краіне.

kandrusewicz jubilej 30

На думку дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, кожны з этапаў насычанага жыццёвага шляху арцыбіскупа Кандрусевіча можа быць сцэнарыем для фільму.

“Важным этапам ў жыцці нашага Мітрапаліта і нашага Касцёла стаў дзень 25 ліпеня 1989 года, калі Папа, святы Ян Павел ІІ, прызначыў ксяндза Тадэвуша Кандрусевіча Апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі і 20 кастрычніка таго ж года ў базыліцы святога Пятра ў Рыме асабіста здзейсніў біскупскае пасвячэнне.

Падчас свайго біскупскага служэння ў Беларусі наш шаноўны юбіляр заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля 100 раней зачыненых касцёлаў, а таксама быў ініцыятарам выдання „Парадку Імшы“ і „Катэхізіса“ на беларускай мове, распачаўшы такім чынам справу адраджэння Касцёла ў Беларусі, з поспехам працягнутую яго наступнікам кардыналам Казімірам Свёнткам”, – зазначыў біскуп.

Узгадаўшы пра служэнне арцыбіскупа Кандрусевіча ў Расіі, ён адзначыў, што 21 верасня 2007 г. Святы Айцец менаваў яго арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім.

“Вяртанне нашага шаноўнага юбіляра ў Беларусь было прадвызначана Божым Провідам. Яго дзейсная, па-юнацку няўрымслівая натура, дэмакратычнасць, пастаянная гатоўнасць да супрацоўніцтва і дыялогу як з асобнымі людзьмі, так і з рознымі арганізацыямі і канфесіямі, яго ўсебаковая адукаванасць заваявалі вялікую прыхільнасць, сімпатыю і аўтарытэт не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі”, – сцвердзіў біскуп Аляксандр Яшэўскі.

На заканчэнне святой Імшы з віншаваннямі да арцыбіскупа Кандрусевіча звярнуліся прадстаўнікі духавенства, інстытутаў кансэкраванага жыцця, касцёльных рухаў, дзеці і моладзь. Ад імя Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Веніяміна віншаванні юбіляру перадаў айцец протаіерэй Аляксандр Шымбалёў.

 

Зварот Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча

2020 12 04 ImmaculateConceptionГлыбокапаважаныя Эксцэленцыі, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры.

У сувязі з пагаршэннем эпідэміялагічнай сітуацыі, а таксама з працягам вельмі небяспечнага грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне, я звяртаюся да вас з просьбай 8 снежня 2020 г., ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, ва ўсіх касцёлах і капліцах пасля кожнай святой Імшы прачытаць Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

З даўніх часоў вядомы пабожны выраз: Ad Іesum per Mariam — «Да Езуса праз Марыю». З верай у дапамогу Марыі звернемся да Яе, каб Яна выпрасіла ў свайго Сына, Міласэрнага Езуса, для ўсіх нас і для нашай Бацькаўшчыны ласку спынення пандэміі каранавірусу і мірнага жыцця.

З благаслаўленнем,

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск – Сакулка, 5 снежня 2020 г.

Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі перад абліччам пандэміі каранавірусу і складанай грамадска-палітычнай сітуацыі

О Найсвяцейшая Тройца: Бог Айцец, які даў Марыі гонар быць найбольш годнай сярод сваіх дачок; Бог Сын, які даў Ёй ласку быць Ягонай Маці; Бог Дух Святы, які абраў Яе сваёю Нявестай, мы верым у Цябе, пакланяемся Табе, давяраем Табе, любім Цябе і спадзяемся на Тваю дапамогу!

О Марыя, падчас пандэміі каранавірусу і вельмі небяспечнага грамадска-палітычнага крызісу, молячы Цябе аб заступніцтве, мы прысвячаем і даручаем саміх сябе і нашу Айчыну Твайму Беззаганнаму Сэрцу.

Будзь нам клапатліваю Маці і нястомнаю Заступніцай у гэты час вялікіх і небяспечных выклікаў: пагаршэння эпідэміялагічнай сітуацыі і неаслабнай напружанасці ў нашым грамдстве. Натхні нас, каб мы верна і ахвярна служылі Табе, Твайму Сыну, Ягонаму Касцёлу і бліжнім, любячы адзін аднаго і ўзаемна прабачаючы. Наша наймілейшая і чулая Маці, Ты разумееш усе складанасці і надзеі нашага жыцця, асабліва ў барацьбе паміж дабром і злом: пачуй жа нашыя пакорныя просьбы аб дапамозе падчас гэтых новых выпрабаванняў і сваёю Матчынаю любоўю атулі нас, занепакоеных сваім прамінальным і вечным лёсам.

Праз Цябе, о Беззаганная Багародзіца, да падножжа алтара Міласэрнага і Усемагутнага Бога ўзносім нашую ўдзячнасць за шчодрасць ласкаў, якімі Ён адорвае нас, нашае пакаянне за грахі народа і нашую ахвяру, а таксама просьбу аб вызваленні ад эпідэміі каранавірусу і хутчэйшым ды мірным завяршэнні грамадска-палітычнага крызісу.

Апякунка Беларусі, Тваёй абароне аддаемся…

Прымі нашае Табе прысвячэнне. Будзь з намі на шляхах веры, надзеі і любові. Не пакідай нас у гэты час новых выпрабаванняў. Няхай Усемагутны і Міласэрны Бог праз Тваё заступніцтва дапамагае нам і нашай шматпакутнай Бацькаўшчыне. Няхай благаславіць усіх, хто мужна і ахвярна клапоціцца аб шчаслівай яе будучыні. Няхай адорыць фізічным і духоўным здароўем усіх нас і пакажа шлях да мірнага і цывілізаванага завяршэння грамадска-палітычнага крызісу.

Просім праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Тэкст Звароту для друку ТУТ>>>

Тэкст звароту па-польску ТУТ>>>

Паводле Catholic.by

 

Арцыбіскуп Кандрусевіч з візітам у Ватыкане

cq5dam.thumbnail.cropped.1500.84419 кастрычніка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з кардыналам Дзяржсакратаром П’етра Паралінам і Сакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам.

Адбылася пілігрымка ў першую гадавіну заснавання ў смаргонскай парафіі руху “Маці ў малітве”

smargon 33У верасні ўдзельнікі руху “Маці ў малітве” парафіі св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні здзейснілі духоўнае падарожжа на мядзельскую Кальварыю, а таксама наведалі касцёлы ў Мядзелі, Нарачы і Вілейцы. Разам з імі ў пілігрымцы быў пробашч парафіі кс. Яўген Учкуроніс.

Святы Пасад займаецца справай арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча

cq5dam.thumbnail.cropped.1500.844Святы Пасад умяшаўся ў справу арцыбіскупа Тадэвуш Кандрусевіча, якому беларускія ўлады не дазваляюць вярнуцца ў Беларусь і анулявалі пашпарт. Гэтую інфармацыю пацвердзіў 14 верасня кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.

Агульнагарадскaя малітва за Беларусь і аб вяртанні арцыбіскупа Кандрусевіча адбылася ў Гродне

malitwa belarus 309 верасня ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне на заканчэнне перэгрынацыі фігуры святога Міхала Арханёла, галоўнага нябеснага апекуна Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, адбылася ўрачыстая Імша.

Фігура святога Міхала Арханёла прыбыла ў гродзенскую катэдру

mihail 274 верасня фігура святога Міхала Арханёла, галоўнага нябеснага апекуна Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, прыбыла ў Гродна. З горада над Нёманам пачалася перэгрынацыя фігуры па чатырох катэдральных касцёлах усіх дыяцэзій на Беларусі ў інтэнцыі хутчэйшага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу.

Канонікі Гродзенскага катэдральнага капітулу памаліліся за Беларусь і аб вяртанні арцыбіскупа Кандрусевіча

kanoniki 294 верасня канонікі Гродзенскага катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Казіміра Каралевіча сабраліся ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне на супольную малітву ў інтэнцыі хутчэйшага вяртання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Радзіму.

У гродзенскай семінарыі перад распачаццем навучальнага года памаліліся за яе заснавальніка арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча

wds 42 верасня студэнты вярнуліся пасля летняга адпачынку ў сцены Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, каб распачаць новы навучальны год. Для семінарыі гэта ўжо 31-ы навучальны год.

Заява Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў сувязі з недапушчэннем арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь

kandrusiewicz 08Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі выражае глыбокую занепакоенасць фактам недапушчэння на тэрыторыю нашай краіны арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, Старшыні каталіцкага епіскапату Беларусі.

© 2006-2024 GRODNENSIS.BY 
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта Grodnensis.by актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Creating, programming and support by Andrei Miskevich,  design by Alexey Sauhin.