2 верасня студэнты вярнуліся пасля летняга адпачынку ў сцены Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, каб распачаць новы навучальны год. Для семінарыі гэта ўжо 31-ы навучальны год.
Падчас Эўхарыстыі ў межах рэкалекцый семінарысты і фарматары агарнулі асаблівай малітвай арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, заснавальніка гэтай духоўнай установы ў Гродне, а таксама прасілі благаслаўлення на новы навучальны год.
“Трыццаць адзін год таму арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, тады Апостальскі адміністратар для католікаў Беларусі, заснаваў гэту семінарыю. Сёння ён вельмі хацеў быць з вамі, будучыняй Касцёла на Беларусі. Але, на жаль, пытанне з ягоным уездам у Беларусь дасюль не вырашана”, – адзначыў у прывітальным слове Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.
Іерарх таксама падкрэсліў, што выпрабаванні, якія выпалі на долю сучаснага Касцёла ў Беларусі, далёка не першыя ў гісторыі. Ён дадаў, што перажываць іх варта ў вялікім даверы Пану – менавіта так вучыць ксёндз прэлат Ежы Лявінскі, жывы сведка трагічных падзей мінулага.
З 2 па 5 верасня духоўныя практыкаванні для семінарыстаў праводзіць айцец Аляксандр Жарнасек MIC. На працягу трох дзён яны будуць разважаць пра тое, што значыць у паўнаце стаць чалавекам, каб стаць святаром.
“Толькі будучы ў паўнаце чалавекам, можна навучыцца спачуваць бліжнім. І толькі асабістыя адносіны з Панам могуць адкрыць, наколькі непрадказальным і часам цяжкім можа быць духоўнае жыццё”, – зазначыў рэкалекцыяніст.
Арцём Кір’янаў
Фота: Павел Леановіч