Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч некалькі дзён правёў у Ватыкане. Шматгадзінная сустрэча ў Дзяржсакратарыяце была канструктыўнай, прызнаўся ў інтэрв’ю Vatican News беларускі іерарх.
“Мы доўга размаўлялі пра складанасць сітуацыі ў Беларусі і ў мясцовым Касцёле. Таксама сустрэча была прысвечана пошуку шляхоў вырашэння складанай сітуацыі, у якой знаходжуся сёння асабіста я. Хачу сказаць, што Святы Пасад сапраўды прыкладае шмат намаганняў, каб праблема была хутчэй вырашана. Спадзяюся, што наступныя крокі, якія будуць зроблены з боку Святога Пасаду, дапамогуць у хутчэйшым вырашэнні праблемы”, - паведаміў арцыбіскуп.
Іерарх прыехаў у Ватыкан па запрашэнні Дзяржаўнага сакратарыята. Галоўнай мэтай візіту была сустрэча з кардыналам П’етра Паралінам, Дзяржсакратаром Яго Святасці, і арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, Сакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.
Нагадаем, што ў сярэдзіне верасня 2020 г. у Беларусі з візітам знаходзілася ватыканская дэлегацыя, якая правяла перамовы і з дзяржаўнымі ўладамі, і з каталіцкім епіскапатам. Інфармацыі было не так шмат, але, упэўнены арцыбіскуп Кандрусевіч, робіцца ўсё магчымае.
“Мы не ведаем усёй “кухні” перамоў і часам менш інфармацыі – лепш для справы. Я вельмі ўдзячны за тое, што Святы Айцец накіраваў у Беларусь арцыбіскупа Галахера, што ён правёў перамовы, пазнаёміўся з біскупамі і даведаўся аб сітуацыі з першых рук” , - адзначыў іерарх.
З таго моманту, як Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага не пусцілі ў Беларусь, ён жыве ў адной з парафій польскай Сакулкі, літаральна ў некалькіх кіламетрах ад мяжы з Беларуссю. А кіраўніцтва Касцёлам ажыццяўляе на адлегласці, карыстаючыся новымі сродкамі камунікацыі.
“Я нават задаволены, што прабываю зараз менавіта ў парафіі св. Антонія, паколькі ў яе ёсць сувязь з маім родным Адэльскам. Маю дзе спаць, дзе жыць, і дзякую за клопат, хоць не хацеў бы нікому пажадаць апынуцца ў такой сітуацыі”, - прызнаўся арцыбіскуп.
Ён удзельнічае ў шматлікіх мерапрыемствах, якія праходзяць у Беларусі, дзякуючы відэатрансляцыям. “Мне важна – бачыць людзей, і вернікам важна яднацца з сваім біскупам. Таксама ёсць іншая праца: прыходзяць запрашэнні, лісты, мне іх курыя перасылае, і я адказваю на іх. З’яўляючыся Старшынёй Канферэнцыі Біскупаў, дыстанцыйна прымаю ўдзел ў пасяджэннях”, - апісаў сваю дзейнасць іерарх.
Так склалася, што час візіту ў Ватыкан супаў з 31-й гадавінай біскупскага пасвячэння, якое арцыбіскупу Кандрусевічу 20 кастрычніка 1989 г. удзяліў асабіста св. Ян Павел ІІ. Беларускі іерарх адзначыў, што раней не збіраўся ў Рым, але сітуацыя быццам сама прывяла сюды.
“Я пайшоў у базыліку св. Пятра памаліцца і падзякаваць за 31 год служэння і, вядома, прасіць Бога праз заступніцтва майго апекуна св. Юды Тадэвуша аб вырашэнні гэтай складанай сітуацыі. Я маліўся не толькі ў сваёй інтэнцыі, я другасная фігура. Я маліўся за Беларусь. Як вядома, крызіс існуе ўжо доўгі час, і мы не ведаем, як з яго выйсці, таму ў гэтым сімвалічным месцы я маліўся за мірнае і хутчэйшае яго вырашэнне – гэта патрэбна ўсім жыхарам нашай краіны, гэта патрэбна ўсяму свету”, - сказаў арцыбіскуп.
Хутка 2 месяцы з таго дня, як старшыню епіскапату Беларусі не пусцілі на Радзіму, але іерарх не адчувае сябе пакінутым і вельмі ўдзячны ўсім за дапамогу – фізічную і малітоўную.
“Здаецца, робіцца ўсё магчымае, я стараюся падбадзёрваць сябе, давяраючы ўсё Богу, і быць разам з людзьмі, калі не фізічна, то духоўна. Іх малітвы і неабыякавасць, шмат віншаванняў – усё гэта знак салідарнасці. Я – не пакінуты. Я са сваім народам, а народ са мной!”, - адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.