Skip to main content

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі Святога Духа ў Гродне

olszanka kanfirmacija 623 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, больш за 50 маладых людзей у парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) прынялі сакрамэнт канфірмацыі. Сакрамэнт удзяліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Спасланне Духа Святога – галоўная ўрачыстасць у гэтай парафіі. У гэты дзень парафію наведаў арцыбіскуп Кандрусевіч, які з’яўляецца ўжо не проста яе госцем, а сапраўдным сябрам.

Настрой парафіянам не сапсавала нават благое надвор’е. На ўрачыстасці прысутнічалі таксама іншыя госці: прэфект Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ксёндз Ян Раманоўскі, ксёндз Анджэй Ганчар, які быў дыяканам у гэтай парафіі, і ксёндз Андрэй Бялаблоцкі, яе былы вікарый, які рыхтаваў моладзь да канфірмацыі ў мінулым годзе.

 olszanka kanfirmacija 8

У гаміліі арцыбіскуп адзначыў, што дзякуючы Спасланню Духа Святога розныя народы аб’ядналіся ў адну хрысціянскую сям’ю, якая называецца Касцёлам. Таму Пяцідзясятніца з’яўляецца і святам нараджэння Касцёла.

Іерарх дадаў, што без Святога Духа Касцёл не будзе жывым, а застанецца аморфным. Таксама хрысціянін без Святога Духа “не можа належным чынам выконваць свае абавязкі, асабліва быць сведкам Хрыста ва ўсіх жыццёвых абставінах”.

“Як у дзень Пяцідзясятніцы Святы Дух перамяніў і падбадзёрыў апосталаў, так Ён чыніць і сёння. Ён умацоўвае нас, каб жыць згодна з Божым законам, быць сведкамі Хрыста і мужна абвяшчаць Евангелле сучаснаму свету”, – сказаў арцыбіскуп.

Іерарх нагадаў галоўную мэту сакрамэнту канфірмацыі, які ўдзяляўся ў гэты дзень у парафіі, – “стаць мужнымі сведкамі Евангелля і бараніць нашу хрысціянскую веру”. “Гэта наша місія, якой патрабуе сучасны свет”, – сказаў ён.

Дарагая моладзь! Вы прымаеце сёння сакрамэнт сталага хрысціянства. Адкрыйцеся на дзеянне Святога Духа. Не зачыняйце дзвярэй перад Ім. Дазвольце Яму духоўна змяняць вас, каб нанава вярнуцца ў стан створаных па вобразу і падабенству Божаму. Толькі духоўна зменены чалавек здольны змяняць аблічча нашай зямлі на лепшае”, – з такімі словамі звярнуўся арцыбіскуп да маладых людзей, дадаўшы, што Хрыстус чакае іх, яны з’яўляюцца надзеяй Касцёла, грамадства і свету.

Таксама ў малітве падчас Імшы памяталі пра біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча з нагоды 30-годдзя яго біскупскага пасвячэння.

Пасля Эўхарыстыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч распавёў пра пажар, які нядаўна здарыўся ў будслаўскім санктуарыі. Іерарх падзякаваў за ахвяраванні, якія вернікі і людзі добрай волі прынеслі і працягваюць прыносіць на аднаўленне нацыянальнай святыні. Па яго словах, гэта выклік кожнаму з нас, а таксама знак нашай хрысціянскай тоеснасці і супольнай адказнасці за захаванне сакральнай спадчыны. “Нашыя продкі будавалі касцёлы як месца малітвы і шлях да неба. Мы не маем маральнага права іх страціць. Таму супольна адбудуем будслаўскую святыню”, – заахвоціў іерарх.

Падчас Імшы арцыбіскуп благаславіў дзяцей, якія днём раней прыступілі да Першай святой Камуніі. На заканчэнне ўрачыстасці маленькіх вернікаў чакаў канцэрт парафіяльнага дзіцячага гурту “Анёлы”, спевы, забавы і салодкія пачастункі ад святароў і сясцёр законных.

Пасля Эўхарыстыі была магчымасць паразмаўляць з арцыбіскупам і сфатаграфавацца з ім.

Наталля Лазоўская

 

сакрамант канфірмацыі, арцыбіскуп Кандрусевіч, Альшанка