6 студзеня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў сваю малую радзіму – Адэльск у Гродзенскай дыяцэзіі, каб з нагоды 75-годдзя падзякаваць Богу за дар жыцця і каталіцкае выхаванне, якое ў часы пераследу яму далі бацькі, бабулі і дзядулі.
У парафіяльнай святыні, дзе знаходзіцца славуты ласкамі абраз св. Антонія, які асаблівым чынам шануе арцыбіскуп, ён цэлебраваў урачыстую святую Імшу. На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія вернікі, каб памаліцца за шаноўнага юбіляра, а таксама падзякаваць Богу за дзясяткі гадоў ягонай руплівай святарскай і біскупскай працы.
У гаміліі іерарх падкрэсліў, што да глыбіні з’яўляецца адэльчанінам, таму не мог не прыехаць зараз у Адэльск. Таксама ён падзякаваў сваім землякам за малітоўную падтрымку ў час, калі на працягу чатырох месяцаў не мог вярнуцца на радзіму.
З нагоды ўрачыстасці Аб'яўлення Пана іерарх засяродзіў увагу на праўдзе аб паўсюднасці збаўлення ў Езусе Хрысце. Па яго словах, аб гэтай праўдзе сведчыць факт аб'яўлення Езуса тром мудрацам з Усходу, якія не належалі да Выбранага народа і былі язычнікамі. Вачыма веры ў новай зорцы на небасхіле яны ўбачылі знак, што нарадзіўся Збаўца свету, і, ідучы за зоркай, знайшлі Яго ў Бэтлееме, дадаў арцыбіскуп.
“У духоўнай цемры сучаснага свету ў Касцёле мы таксама павінны бачыць зорку, якая прывядзе нас да Езуса, - сказаў іерарх. - Гэтай зоркай з’яўляецца Касцёл, які вядзе да Бога. Па прыкладу Трох каралёў, убачыўшы і пазнаўшы Бога, нам неабходна сведчыць пра Яго сучаснаму свету, каб Яго пазнаў і, выкарыстоўваючы Яго вучэнне, мог вырашаць надзённыя праблемы”.
Пасля Імшы вернікі павіншавалі арцыбіскупа з юбілеем 75-годдзя і пажадалі яму Божага благаслаўлення і добрага здароўя.