4 верасня канонікі Гродзенскага катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Казіміра Каралевіча сабраліся ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне на супольную малітву ў інтэнцыі хутчэйшага вяртання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Радзіму.
Таксама яны разам з вернікамі маліліся аб вырашэнні крызісу ў грамадстве, міры і згодзе ў Беларусі.
Малітоўная сустрэча пачалася з Літургіі гадзінаў, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.
Вітаючы ўдзельнікаў, ён адзначыў, што гэтая малітва з’яўляецца духоўнай падтрымкай у цяжкія хвіліны для арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якому 31 жніўня было адмоўлена ў вяртанні ў Беларусь.
Пасля Літургіі гадзінаў адбылася святая Імша ва ўспамін благаслаўлёных Марыі Стэлы і яе дзесяці паплечніц, мучаніц з Навагрудка, у інтэнцыі хутчэйшага вяртання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Радзіму і за ўвесь Касцёл на Беларусі.
Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. “У гэты дзень, калі Касцёл успамінае благаслаўлёных сясцёр з Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, мы скіроўваем да Бога нашу малітву праз іх заступніцтва з вялікай надзеяй, што яна будзе выслухана”, – сказаў іерарх.
У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што “ў гэты дзень мы духоўна пераносімся ў месца, дзе ненавідзелі жыццё”, “у месца пакарання, дзе чалавек забіваў чалавека” – “у Батароўскі лес у Навагрудку, дзе сёння ўзносіцца крыж Езуса Хрыста”.
Іерарх дадаў, што благаслаўлёныя мучаніцы з Навагрудка аддалі сваё жыццё па ўласнай ініцыятыве за бацькаў сем’яў, таму сёння яны заахвочваюць таксама сучасных людзей да ахвяры і прысвячэння.
Дапаможны біскуп дыяцэзіі падкрэсліў, што благаслаўлёныя заклікаюць усіх жыхароў зямлі паверыць, што Бог ёсць любоў, і абудзіць у сабе надзею, каб аддана і верна ісці за Хрыстом.
Па словах іерарха, мучаніцы гродзенскай зямлі, якія пралілі сваю кроў падчас Другой сусветнай вайны, “кажуць аб тым, што нельга пабудаваць свет без прабачэння, згоды і дыялогу”.
“Мір базуецца на запаведзях любіць Бога і бліжняга, а без захавання гэтых дзвюх запаведзяў загіне чалавецтва”, – сказаў біскуп.
На заканчэнне літургіі іерархі ўдзялілі пастырскае благаслаўленне ўсім прысутным у святыні на час выпрабавання ў веры.
Кс. Юрый Марціновіч