3 студзеня ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў дзень свайго 75-гадовага юбілею.
Як паведамляе catholic.by, iерарх дзякаваў Богу за дар жыцця і пастырскага служэння, за магчымасць маліцца разам са сваімі вернікамі на роднай зямлі.
У Эўхарыстыі ўзялі ўдзел таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, як і іншыя біскупы, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, святары і шматлікія вернікі, многія з якіх далучыліся духоўна дзякуючы прамой трансляцыі.
Дзень юбілею стаў таксама апошнім днём служэння арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў якасці Мінска-Магілёўскага Мітрапаліта. Было афіцыйна паведамлена, што Папа Францішак прыняў пададзеную ім просьбу аб вызваленні ад пастырскага кіравання архідыяцэзіяй у сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту, як прадугледжана Кананічным правам Каталіцкага Касцёла.
Гамілію на Імшы прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці. Іерарх адзначыў вялікі ўнёсак арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў адраджэнне Касцёла ў Беларусі і на тэрыторыі ўсяго былога Савецкага Саюза.
“Калі Мітрапаліт Тадэвуш папрасіў мяне прамовіць на гэтай святой Імшы казанне, я ведаў, што перада мной стаіць складаная задача, бо біяграфія нашага Мітрапаліта не з’яўляецца „стандартным“ шляхам пастырскага паклікання арцыбіскупа”, – падкрэсліў біскуп Яшэўскі, дадаўшы што ў межах юбілейнага казання немагчыма ўсебакова асвятліць місію першага беларускага біскупа пасля атрымання свабоды веравызнання ў нашай краіне.
На думку дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, кожны з этапаў насычанага жыццёвага шляху арцыбіскупа Кандрусевіча можа быць сцэнарыем для фільму.
“Важным этапам ў жыцці нашага Мітрапаліта і нашага Касцёла стаў дзень 25 ліпеня 1989 года, калі Папа, святы Ян Павел ІІ, прызначыў ксяндза Тадэвуша Кандрусевіча Апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі і 20 кастрычніка таго ж года ў базыліцы святога Пятра ў Рыме асабіста здзейсніў біскупскае пасвячэнне.
Падчас свайго біскупскага служэння ў Беларусі наш шаноўны юбіляр заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля 100 раней зачыненых касцёлаў, а таксама быў ініцыятарам выдання „Парадку Імшы“ і „Катэхізіса“ на беларускай мове, распачаўшы такім чынам справу адраджэння Касцёла ў Беларусі, з поспехам працягнутую яго наступнікам кардыналам Казімірам Свёнткам”, – зазначыў біскуп.
Узгадаўшы пра служэнне арцыбіскупа Кандрусевіча ў Расіі, ён адзначыў, што 21 верасня 2007 г. Святы Айцец менаваў яго арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім.
“Вяртанне нашага шаноўнага юбіляра ў Беларусь было прадвызначана Божым Провідам. Яго дзейсная, па-юнацку няўрымслівая натура, дэмакратычнасць, пастаянная гатоўнасць да супрацоўніцтва і дыялогу як з асобнымі людзьмі, так і з рознымі арганізацыямі і канфесіямі, яго ўсебаковая адукаванасць заваявалі вялікую прыхільнасць, сімпатыю і аўтарытэт не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі”, – сцвердзіў біскуп Аляксандр Яшэўскі.
На заканчэнне святой Імшы з віншаваннямі да арцыбіскупа Кандрусевіча звярнуліся прадстаўнікі духавенства, інстытутаў кансэкраванага жыцця, касцёльных рухаў, дзеці і моладзь. Ад імя Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Веніяміна віншаванні юбіляру перадаў айцец протаіерэй Аляксандр Шымбалёў.