Skip to main content

Заява Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў сувязі з недапушчэннем арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь

kandrusiewicz 08Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі выражае глыбокую занепакоенасць фактам недапушчэння на тэрыторыю нашай краіны арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, Старшыні каталіцкага епіскапату Беларусі.

Сумна тое, што біскуп Каталіцкага Касцёла, які з’яўляецца пастырам даручаных яму вернікаў, быў пазбаўлены магчымасці знаходзіцца ва ўласнай дыяцэзіі і спаўняць у ёй служэнне, даверанае яму Святым Айцом.

На думку Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, забарона на ўезд на тэрыторыю краіны арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, які з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, нязгодная з існуючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, не спрыяе будаўніцтву канструктыўных адносін паміж дзяржавай і Каталіцкім Касцёлам у нашай краіне, не служыць змяншэнню напружання і пераадоленню глыбокіх падзелаў у грамадстве.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі мае надзею, што справа недапушчэння арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў нашу краіну будзе ў хуткім часе высветлена і акажацца прыкрым непаразуменнем, а таксама што ў будучыні падобныя інцыдэнты не будуць адбывацца.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звяртаецца да духавенства, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў, а таксама да ўсіх людзей добрай волі, з просьбай аб руплівай малітве ў інтэнцыі як мага хутчэйшага вяртання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў нашу краіну.

Ад імя каталіцкіх біскупаў Беларусі


Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Віцэ-старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі


Юзаф Станеўскі
Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі
Генеральны сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Гродна, 2 верасня 2020 г.

 

Версія для друку

Версія на польскай мове

 

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, молімся за Беларусь, арцыбіскуп Кандрусевіч, Беларусь, Гродзенская дыяцэзія