13 чэрвеня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на сваёй малой радзіме ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) узначаліў адпустовую ўрачыстасць у гонар святога Антонія.
Культ святога з Падуі вельмі жывы ў гэтым месцы і наваколлі. Таму на сёлетнюю ўрачыстасць прыбыло вельмі шмат вернікаў, якія жадалі прадставіць Пану Богу праз заступніцтва св. Антонія свае інтэнцыі і просьбы.
Арцыбіскуп Тадэвуш, які ў гэты дзень дзякаваў Богу за 40-годдзе з дня прэзбітэрскага пасвячэння, цэлебраваў святую Імшу на палявым алтары, устаноўленым побач са святыняй.
Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які дзякаваў Пану за 45-годдзе з часу прэзбітэрскага пасвячэння, і рэзідэнт адэльскай парафіі кс. Альгіс Паўлікас, які адзначаў 50-годдзе з дня пасвячэння.
Усіх прысутных прывітаў пробашч парафіі кс. Віталій Внароўскі, які таксама папрасіў арцыбіскупа Кандрусевіча ўдзяліць сакрамэнт канфірмацыі адпаведна падрыхтаванай моладзі.
Арцыбіскуп узгадаў у гаміліі пра прыміцыйную Імшу, якую 40 гадоў таму цэлебраваў у Адэльску. “Гэта было не толькі маё свята, але найперш свята парафіі, з якой у атэістычныя часы выйшаў святар. Тысячы людзей з усёй ваколіцы прымалі ўдзел у гэтым набажэнстве. І хаця першыя сем гадоў святарства я працаваў у Літве, аднак сувязь з родным Адэльскам падтрымліваў”, – сказаў іерарх. Ён дадаў, што гэтая сувязь стала яшчэ больш цеснай, калі ў 1988 г. ён быў прызначаны пробашчам гродзенскіх парафій Маці Божай Анёльскай і св. Францішка Ксаверыя, і не зменшылася падчас яго біскупскага служэння спачатку ў Беларусі, потым у Расіі і зноў у Беларусі.
“Божы Провід так распарадзіўся, што паклікаў мяне несці Евангелле людзям у Літве, Беларусі і Расіі, несці там, дзе атэістычны рэжым з зямлі з хрысціянскімі каранямі і традыцыямі імкнуўся зрабіць духоўную пустыню”, – адзначыў арцыбіскуп. Ён дадаў, што заўсёды з пакорай прымаў новыя выклікі ісці туды, куды яго пасылаў біскуп і Папа.
Іерарх падкрэсліў, што кожны хрысціянін, а перш за ўсё святар, “павінен быць жывой галінкай, каб яго жыццё прыносіла багаты плён”. “Быць злучаным з Хрыстом – гэта імператыў кожнага хрысціяніна. Дапамагае ў гэтым Святы Дух, сем дароў якога атрымаюць тыя, хто сёння прымае сакрамэнт канфірмацыі. Перад вамі, маладымі, адкрываецца новы жыццёвы шлях з яго невядомымі выклікамі. Адкрыйцеся на дзеянне Святога Духа, каб Ён умацаваў вашу веру і ўчыніў сведкамі Евангелля”, – з такімі словамі арцыбіскуп звярнуўся да маладых людзей, якія прымалі сакрамэнт канфірмацыі ў гэты дзень.
“Як славай святога Антонія было жыццё ў згодзе з Божай воляй і ў служэнні Яму, так няхай будзе і ў нашым жыцці, каб на заканчэнне яго Бог мог кожнаму з нас сказаць: “Слуга добры і верны, увайдзі ў радасць вечнага шчасця””, – пажадаў іерарх.
На заканчэнне ўрачыстасці моладзь выказала віншаванні свайму земляку-арцыбіскупу, свайму біскупу Аляксандру і рэзідэнту сваёй парафіі. Маладыя людзі пажадалі ім, каб Бог адорваў іх яшчэ шмат гадоў сваёй ласкай, каб яны маглі з вялікай адданасцю служыць Касцёлу. Потым адбылася эўхарыстычная працэсія вакол старадаўняй святыні.
Кс. Юрый Марціновіч