
6 лістапада ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася малітва за спачылых святароў, якія служылі ў Гродзенскай дыяцэзіі. Малітва прайшла ў межах актавы ўрачыстасці Усіх Святых, калі ў Каталіцкім Касцёле ўспамінаюць памерлых.
Спачатку катэдральны капітул Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра здзейсніў у інтэнцыі памерлага духавенства малітву літургіі гадзін. Затым адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Сярод святароў, якія ўдзельнічалі ў літургіі, былі біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, ганаровыя і грэміяльныя канонікі катэдральнага капітулу. Прысутнічалі вернікі катэдральнай і іншых парафій.
Біскуп Гродзенскі, звяртаючыся да прысутных, сказаў, што гісторыя кожнага са спачылых святароў – “гісторыя паклікання, служэння, адданасці”. “Яны прыносілі Ахвяру Хрыста на алтары, ахвяроўваючы разам з Ёю і саміх сябе; яны аддавалі свае сілы Евангеллю, навучаючы, асвячаючы і ведучы Божы народ шляхам збаўлення”, – дадаў іерарх.

“Сёння мы з удзячнасцю аддаём пашану іх святарскай працы, якая часта ціха і пакорна здзяйсняецца ў нашых парафіях. З вялікай павагай успамінаем тых святароў, якія верна служылі Богу ў цяжкіх гістарычных абставінах, у час пераследу Касцёла, у гады атэізму і недахопу духавенства. Усе яны заставаліся вернымі, моцнымі духам і трывалымі ў веры, – адзначыў біскуп. – Мы памятаем іх словы, малітвы, сакрамэнты, клопат аб людзях, іх цярпенне і ахвяру. Памятаем іх чалавечыя слабасці, але і вялікасць іх сэрцаў, якія прагнулі святасці і служэння”.
Іерарх папрасіў удзельнікаў літургіі маліцца аб тым, каб прыклад спачылых святароў натхняў жывых людзей, асабліва духавенства, быць вернымі свайму пакліканню, любіць Касцёл і кожную даручаную ім душу, і аб тым, каб Бог прыняў памерлых у сваё Валадарства, а жывых напоўніў надзеяй і ўмацаваў у веры.
У канцы Імшы біскуп падзякаваў прысутным вернікам за памяць пра спачылых душпастыраў, а таксама заахвоціў маліцца аб новых, шматлікіх і святых пакліканнях да служэння ў Касцёле, каб на беларускай зямлі не было недахопу ў тых, хто абвяшчае Божае слова і ўдзяляе сакрамэнты.
Удзельнікі прамовілі ў інтэнцыі памерлых святароў малітву “Анёл Панскі”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Агата Фядкевіч
